Нямецкі фонд Маршала ў ЗША прадставіў экспэртам у Вашынгтоне інфармацыйна-дасьледчы партал Hamilton 2.0 dashboard («Панэль кіраваньня Гамільтана 2.0»), паведамляе «Голас Амэрыкі».
Ён «зьмяшчае кароткі аналіз наратываў і тэмаў, якія прасоўваюць расейскія і кітайскія ўрадавыя чыноўнікі і фундаваныя дзяржавамі сродкі масавай інфармацыі ў Twitter, YouTube, на дзяржаўных навінавых інтэрнэт-сайтах і ў афіцыйных дыпляматычных заявах у ААН».
Новыя інструмэнты аналізу дэзынфармацыі
Аналіз, зроблены з дапамогай гэтага партала, напрыклад, паказвае, што ў апошні час афіцыйны Кітай стаў значна больш агрэсіўны ў сацыяльных сетках. Гэта збольшага зьвязана з інфармацыйнай хваляй, распачатай афіцыйным прадстаўніком кітайскага МЗС Чжао Ліцьзянем, які заявіў у сярэдзіне сакавіка, што каранавірус мог быць завезены ў ачаг заражэньня — Ухань у кітайскай правінцыі Хубэй — у кастрычніку 2019 года вайскоўцамі з ЗША.
Пра гэта расказаў падчас прадстаўленьня парталу Hamilton 2.0 dashboard Брэт Шафэр, экспэрт праграмы «Альянс у абароне дэмакратыі» пры Нямецкім фондзе Маршала ў ЗША:
«Мы бачым вельмі агрэсіўную актыўнасьць у публікацыі паведамленьняў у Twitter, значна больш частых, чым мы прывыклі гэта бачыць з боку афіцыйных прадстаўнікоў Кітая. Ён шмат рэтвіціць паведамленьні Global Research Canada — вядомага пракрамлёўскага сайту распаўсюду дэзынфармацыі. Гэтыя паведамленьні зьвязваюць новы каранавірус зь нібыта існуючымі амэрыканскімі праграмамі распрацоўкі біялягічнай зброі. Гэта значыць, з дапамогай нашай плятформы мы можам убачыць, наколькі актыўна для такіх мэтаў выкарыстоўваецца Twitter».
Лора Розэнбэргер, дырэктарка «Альянсу ў абароне дэмакратыі», падкрэсьліла, што раней Кітай у асноўным спрабаваў выкарыстоўваць сацыяльныя мэдыя для дзьвюх задач — палепшыць імідж Кітая на сусьветнай арэне і спыніць крытычныя галасы, якія асуджалі парушэньне правоў чалавека афіцыйным Пэкінам. Цяпер жа паводзіны, характэрныя для Чжао Ліцьзяня ў апошні час, сталі сур’ёзным складнікам прысутнасьці Кітая ў інтэрнэце, і гэта ён пераняў ад Расеі:
«Усе гэтыя шматлікія і супярэчлівыя адна адной „тэорыі змовы“, якія зараз прасоўваюцца наперад у кітайскіх мэдыя, зьвязаных зь дзяржавай, узятыя з „крамлёўскага падручніка“ — бо расейскія чыноўнікі публікуюць у Твітэры шматлікія і супярэчлівыя фальшыўкі, каб адвесьці ад Расеі віну. Напрыклад, мы памятаем такія іх дзеяньні, калі быў збіты „Боінг“ MH17, атручваньне Сяргея Скрыпаля — менавіта ў гэтыя моманты расейскія дыпляматы ў Твітэры публікавалі паведамленьні аб тым, што „магло б“ стаць прычынай таго, што адбылося, і чаму гэта не віна Расеі».
Пры гэтым Брэт Шафэр кажа, што рэакцыя пры выяўленьні дэзінфармацыі ў сацсетках не павiнна быць грубай:
«Калі выкарыстоўваюцца фальшывыя акаўнты для павелічэньня аўдыторыі паведамленьняў, у якіх ёсьць дэзінфармацыя, то Твітэр і іншыя плятформы павінны іх зачыняць. Але ў іншых выпадках нельга проста кагалам зачыняць старонкі, на якіх гэта публікуецца, паколькі ў гэтым выпадку мы пакажам, што зьяўляемся такімі ж, як і Кітай з Расеяй. Мы павінны адказваць, як адказвае дэмакратыя - лепшай камунікацыяй ў сацсетках».
Экспэрты «Альянсу ў абароне дэмакратыі» канстатуюць, што Кітай, у адрозьненьне ад Расеі, даволі адчувальны да таго, які яго імідж у сацсетках, і таму актыўнасьць афіцыйнага прадстаўніка кітайскага МЗС ў Твітэры пазьней была адкарэктаваныя: на зьмену паведамленьням з «тэорыямі змовы» прыйшлі матэрыялы, якія падкрэсьліваюць важнасьць супрацоўніцтва ўсіх краін у барацьбе з каранавірусам.