Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка заявіў, што не здаваў тэст на каранавірус і што самаізаляцыя ў кватэрах — «гэта ня мэтад»


Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы са старшынёй Савету Рэспублікі Натальляй Качанавай 31 сакавіка
Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы са старшынёй Савету Рэспублікі Натальляй Качанавай 31 сакавіка

На сустрэчы са старшынёй Савету Рэспублікі Натальляй Качанавай 31 сакавіка Аляксандар Лукашэнка распавёў, што сам не здаваў тэст на каранавірус, і сказаў, што не зьяўляецца прыхільнікам самаізаляцыі людзей падчас пандэміі каранавірусу.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

«Замыкаецца ў гэтых тухлых кватэрах — гэта не мэтад. Мы забіваем людзей у гэтых кватэрах, — цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба. — Адкрываецца шмат праблем, над якімі трэба працаваць, а не зачыняць мяжу і заганяць людзей у дамы. Нас заўсёды вучылі, вы ж памятаеце: калі ВРВІ, грып і іншае, трэба на вуліцу выходзіць, дыхаць сьвежым паветрам, праветрываць памяшканьне».

Лукашэнка зьвярнуў увагу, што, ізалюючы людзей у сваіх дамах і кватэрах, ніхто ня ведае, здаровыя яны ці ўжо чымсьці заразіліся, і ня толькі каранавірусам.

У выніку людзі знаходзяцца ў сваёй закрытай кватэры ў атмасфэры вірусаў і часьцяком занадта позна, ужо ў крытычным стане, паступаюць на лячэньне, перакананы Лукашэнка.

«Таму я не разумею тых, хто сёньня раіць ізаляваць, закрыць, перакрыць. Працаваць трэба, як мы гэта заўсёды рабілі, кропкава», — сказаў ён.

Што тычыцца тэстаў на каранавірус, дык кіраўнік Беларусі заявіў, што сам не здаваў тэст на COVID-19.

«Вірус блукае. Ні вы ня ведаеце, ні я. Я не рабіў тэст. І я ня ведаю, перажыў я гэты вірус ужо на нагах ці не. Сапраўды гэтак і там», — заўважыў ён.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG