Дзяржаўная дума Расеі ўхваліла ў трох чытаньнях законы пра адказнасьць за парушэньне карантыну і распаўсюд фэйкаў пра эпідэміі.
Расейскі Крымінальны кодэкс дапоўняць новым артыкулам, які складаецца зь дзьвюх частак. Першая – пра публічны распаўсюд заведама лжывай інфармацыі пра абставіны, якія ствараюць пагрозу жыцьцю і бясьпецы грамадзян. Такімі абставінамі ў дакумэнце называюцца эпідэміі, стыхійныя бедзтвы, якія прывялі да або здольныя прывесьці да чалавечых ахвяр або шкоды здароўю людзей. Пакараньне паводле гэтай часткі артыкулу прадугледжвае штрафы ад 300 тысяч да 700 тысяч расейскіх рублёў (каля $3700 – $8800), альбо абавязковыя работы на тэрмін да 360 гадзін, або папраўчыя работы на тэрмін да 1 году, альбо абмежаваньне волі на тэрмін да 3 гадоў.
Другая частка артыкулу прызначана на выпадак сьмерці або «іншых цяжкіх наступстваў», якія адбыліся праз хлусьлівую інфармацыю. У гэтым выпадку парушальніку будзе пагражаць штраф ад 1,5 да 2 мільёнаў рублёў (каля $18 800 – $25 000), папраўчыя работы на тэрмін да 2 гадоў, прымусовыя работы на тэрмін да 5 гадоў або пазбаўленьне волі на той жа тэрмін.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Папраўкі аб адказнасьці за парушэньне карантынных захадаў уводзяцца ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях. Штрафы ўхвалілі ў наступнай рэдакцыі — пры першым парушэньні:
- для фізычных асоб — ад 15 да 40 тысяч расейскіх рублёў (каля $200 — $500),
- службовых асоб — ад 50 да 150 тысяч рублёў (каля $630 — $1890),
- юрыдычных асоб — ад 200 да 500 тысяч рублёў (каля $2500 — $6300);
Калі парушэньні паўторныя або пацягнулі спрычыненьне шкоды здароўю або сьмерць, але гэта не трапляе пад Крымінальны кодэкс, штраф складзе:
- для грамадзян — ад 150 тысяч да 300 тысяч рублёў (каля $1890 — $3760),
- службовых асоб — ад 300 тысяч да 500 тысяч рублёў або дыскваліфікацыю на тэрмін ад аднаго года да трох гадоў (каля $3760 — $6300),
- юрыдычных асоб — ад 500 тысяч да мільёна рублёў (каля $6300 — $12 540).
Штрафаваць на такую суму будуць тых, хто парушыў «заканадаўства ў галіне забесьпячэньня санітарна-эпідэміялягічнага дабрабыту насельніцтва». Раней дэпутат Дзярждумы Міхаіл Емяльянаў тлумачыў, што гэтыя штрафы прадугледжаныя для тых, хто кантактаваў з носьбітам каранавірусу і ня самаізаляваўся.
Калі ж у выніку парушэньня карантыну памірае двое ці больш людзей, дык закон прадугледжвае ажно да 7 гадоў турэмнага зьняволеньня.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ