З такой ініцыятывай выступіў дэпутат прапрэзыдэнцкай фракцыі «Слуга народу» ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны Сяргей Нагарняк.
Зарэгістраваны ва ўкраінскім парлямэнце законапраект прадугледжвае забарону паставак электраэнэргіі зь Беларусі і Расеі. Ініцыятар закону матывуе яго абаронай інтарэсаў украінскіх вытворцаў.
«Недапушчальна захоўваць свабодны доступ на тэрыторыю Ўкраіны электраэнэргіі з краінаў, чые рынкі электраэнэргіі закрытыя для ўкраінскіх вытворцаў. Павелічэньне аб’ёму электраэнэргіі, якая ўвозіцца на тэрыторыю Ўкраіны з Расеі і Беларусі, патрабуе ўхваленьня тэрміновых захадаў па мінімізацыі стратаў айчынных вытворцаў электраэнэргіі, а таксама заканадаўчага забесьпячэньня ўмоў для недыскрымінацыйнага доступу гаспадарчых субʼектаў Украіны на рынкі Расеі і Беларусі», — такім чынам аргумэнтаваў сваю ініцыятыву Сяргей Нагарняк.
Другі матыў — імкненьне наблізіцца да заходніх стандартаў у энэргетычнай галіне.
Паводле яго ацэнак, імпарт электраэнэргіі зь Беларусі і Расеі толькі паглыбіць існую тэхналягічную залежнасьць, выкліканую сынхронным рэжымам працы энэргасыстэм Украіны, Расеі і Беларусі, а таксама ўскладніць сынхранізацыю энэргетычнай сыстэмы Ўкраіны з сыстэмай краін Эўразьвязу.
«Увядзеньне нормы, якая абмяжуе камэрцыйны паток электраэнэргіі з краін, якія не ўваходзяць у Эўразьвяз і Энэргетычную супольнасьць, забясьпечыць празрыстае і рынкавае цэнаўтварэньне на імпартную электраэнэргію ў адпаведнасьці з эўрапейскім заканадаўствам і захавае курс на эўрапейскую інтэграцыю ўкраінскай энэргасыстэмы», — перакананы дэпутат.
Паводле працэдуры, пасьля рэгістрацыі ў Вярхоўнай Радзе праект закону накіроўваецца на разгляд профільных камітэтаў парлямэнту, і ў выпадку іх падтрымкі можа быць унесены ў парадак дня сэсіі.
«Згодна з заканадаўствам, кожны дэпутат мае права ініцыяваць законапраекты, але гэта не гарантыя, што дакумэнт будзе падтрыманы. Ініцыятыва забараніць імпарт электраэнэргіі зь Беларусі не зьяўляецца кансалідаванай пазыцыяй фракцыі «Слуга народу», — сказаў Свабодзе старшыня парлямэнцкага камітэту ў пытаньнях энэргетыкі і жыльлёва-камунальных паслуг Андрэй Герус. У свой час менавіта ён прапанаваў такія зьмены да закону пра рынак электраэнэргіі, якія дазволілі аднавіць імпарт энэргіі з краінаў, якія не зьяўляюцца сябрамі Эўразьвязу.
У верасьні 2019 году Ўкраіна афіцыйна абвясьціла аб аднаўленьні паставак электраэнэргіі зь Беларусі. Апэратарам зь беларускага боку стала кампанія «Белэнэрга», а трэйдэрам беларускай электраэнэргіі ва Ўкраіне — ТАА «Газопостачальна компанія „Нафтогаз України“», якая ўваходзіць у групу «Нафтогаз».
Цягам некалькіх месяцаў Беларусь заняла найбольшую долю на ўкраінскім рынку імпартаванай электраэнэргіі.
Раней у Міністэрстве энэргетыкі і аховы навакольля Ўкраіны заяўлялі аб сэзонным спыненьні цягам сакавіка—чэрвеня набыцьця электраэнэргіі ў Беларусі з далейшым яго аднаўленьнем у ліпені.
Летась стала вядома, што Ўкраіна ў 2020 годзе плянуе закупіць у Беларусі 2,1 мільярда кіляват·гадзін электраэнэргіі.