Лінкі ўнівэрсальнага доступу

 
Пытаньне бясьпекі. Фракцыя Пятра Парашэнкі прапанавала забараніць пастаўкі электраэнэргіі зь Беларусі

Пытаньне бясьпекі. Фракцыя Пятра Парашэнкі прапанавала забараніць пастаўкі электраэнэргіі зь Беларусі

абноўлена

Вярхоўная Рада Ўкраіны.
Вярхоўная Рада Ўкраіны.

У Вярхоўнай Радзе Ўкраіны 4 сьнежня агучана прапанова фракцыі Пятра Парашэнкі забараніць пастаўкі электраэнэргіі з Расеі і Беларусі. Аднак парлямэнт гэтую прапанову не падтрымаў.

Колішняя віцэ-прэм’ерка ўкраінскага ўраду, дэпутатка фракцыі партыі Пятра Парашэнкі «Эўрапейская салідарнасьць» Іванна Клімпуш-Цынцадзэ лічыць, што аднаўленьне паставак электраэнэргіі зь Беларусі і Расеі пагражае нацыянальнай бясьпецы Ўкраіны, і прапануе на заканадаўчым узроўні забараніць такія апэрацыі.

«Украіна патрабуе ад заходняга сьвету санкцыяў супраць Расейскай Фэдэрацыі, у той жа час сама, насуперак гэтым санкцыям, пачала набываць расейскую электраэнэргію. А сёньня, пры дапамозе чарговай зьмены (у закон пра рынак электраэнэргіі. — РС) будзе працягваць набываць электраэнэргію ў Беларусі. Я хачу нагадаць, што такім чынам мы з энэргадэфіцытнай краіны будзем пастаўляць тую ж расейскую энэргію з атамнай станцыі, якая пабудавана на расейскія грошы», — заявіла Іванна Клімпуш-Цынцадзэ сёньня ў парлямэнце.

Дэпутатка падкрэсьліла, што прыярытэтам украінскай энэргасыстэмы ёсьць аб’яднаньне з эўрапейскай энэргетычнай сыстэмай. Паводле Клімпуш-Цынцадзэ, прапановы фракцыі «Эўрапейская салідарнасьць» жыцьцёва важныя для Ўкраіны:

«Калі мы іх ня ўхвалім, то паставім пад пагрозу нашу нацыянальную энэргетычную бясьпеку. Я вельмі прашу вас падтрымаць гэтыя зьмены».

У прыватнасьці, дэпутатка прапанавала дазволіць імпарт электраэнэргіі толькі з краін эўрапейскай супольнасьці.

Але яе ініцыятыву, як і аналягічную папраўку Аляксея Кучарэнкі, дэпутата фракцыі партыі Юліі Цімашэнкі «Бацькаўшчына», дэпутацкі корпус не падтрымаў.

Старшыня парлямэнцкага камітэту ў пытаньнях энэргетыкі і жыльлёва-камунальных паслуг Андрэй Герус (фракцыя «Слуга народу») назваў інсынуацыямі заявы дэпутатаў аб тым, што Беларусь рээкспартуе ва Ўкраіну расейскую энэргію:

«Беларусь цяпер сама вырабляе электраэнэргію і не набывае яе ў Расеі. Цяпер зь Беларусі энэргія не імпартуецца, але ў нас на рынку зьявілася канкурэнцыя, стварылася канкурэнтная цана, і такім чынам, імпарты спынены», — заявіў журналістам у парлямэнце Андрэй Герус у перапынку разгляду зьменаў у закон аб рынку электраэнэргіі.

У той жа час большасьцю галасоў парлямэнт ухваліў забарону паставак электраэнэргіі з Расеі на падставе двухбаковых кантрактаў. Пасьля ўхваленьня Вярхоўнай Радай зьменаў у закон пра рынак электраэнэргіі іх мусіць падпісаць прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.

Беларусь цягам ліпеня-кастрычніка стала найбольшым пастаўніком электраэнэргіі ва Ўкраіну — украінскія спажыўцы атрымалі 644,9 мільёна кіляват-гадзін беларускай энэргіі. Але ў ноч з 30 лістапада на 1 сьнежня Ўкраіна спыніла пастаўкі электраэнэргіі зь Беларусі. Афіцыйнай прычына — яна стала даражэйшая, чым на ўнутраным украінскім рынку.

У лістападзе Міністэрства энэргетыкі і аховы навакольля Ўкраіны паведаміла, што ў прагнозным балянсе электрычнай энэргіі Аб’яднанай электрычнай сыстэмы Ўкраіны ў 2020 годзе прадугледжаны закуп у Беларусі 2,1 мільярда кіляват-гадзін электраэнэргіі. Гэта амаль траціна ад заплянаванага налета аб’ёму вытворчасьці электраэнэргіі БелАЭС.

Згодна з Канцэпцыяй энэргетычнай бясьпекі Беларусі, БелАЭС у 2020 годзе будзе выпрацоўваць 7,1 мільярда кіляват-гадзін. Пры гэтым агульны аб’ём вытворчасьці электраэнэргіі ў Беларусі, як мяркуецца, складзе 39,9 мільярда кіляват-гадзін.

Пытаньне паставак ва Ўкраіну энэргіі зь Беларускай АЭС занепакоіла і літоўскі бок — гэтую тэму ўзьняў прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа ў лістападзе, у часе візыту ў Вільню прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага. Пасьля размовы Ўладзімір Зяленскі сказаў, што абмяркуе пытаньне БелАЭС са сваім міністрам энэргетыкі, але не сказаў наўпрост, ці будзе Ўкраіна далей купляць электрычнасьць у Беларусі.

«Я сказаў, што пачуў гэты сыгнал. Я сказаў, што я абавязкова сяду зь міністрам энэргетыкі [...], і мы абмяркуем гэтае пытаньне, — перадавала Delfi словы Зяленскага. — Усё, што для вас важна і што тычыцца пытаньняў бясьпекі, важна і для ўкраінцаў».

Зяленскі растлумачыў, што беларуская энэргія — гэта адзін са спосабаў барацьбы з энэргетычнымі манапалістамі Ўкраіны.

Наўседа ж сьцьвярджаў, што не намагаўся пераканаць Украіну не купляць беларускую электрычнасьць, а толькі давёў пазыцыю Літвы — паводле яго , «культура будаўніцтва на гэтай станцыі ну зусім нездавальняльная, мякка кажучы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG