У адказ новы прэм’ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль заявіў, што падтрымлівае гэтую думку.
«Я вас прашу, спыніце нарэшце пастаўкі расейскай і беларускай электраэнэргіі ва Ўкраіну», — сказаў былы прэм’ер-міністар Украіны (2014–2016) Арсень Яцанюк, зьвяртаючыся да Шмыгаля ў студыі праграмы «Свабода слова Савіка Шустэра» на тэлеканале «Украіна» 6 сакавіка.
На рэмарку вядучага, што пра гэта ўжо казаў прэзыдэнт краіны Уладзімір Зяленскі, экс-прэм’ер заявіў: «Сказаць і зрабіць — гэта, як кажуць у Адэсе, дзьве вялікія розьніцы».
Былы прэзыдэнт Грузіі (2004–2013) Міхаіл Саакашвілі, які прысутнічаў у студыі, заявіў, што беларуская электраэнэргія «і ёсьць расейская насамрэч, яе проста назвалі для гэтага беларускай». «Абсалютна, абсалютна», — пагадзіўся Яцанюк.
«Больш за тое, — працягнуў ён, — гэта частка расейскага пляну. Яны спэцыяльна пастаўляюць электраэнэргію па дэмпінгавых цэнах на тэрыторыю Ўкраіны, і нехта кажа, што гэта барацьба супраць цеплаэнэргетыкі. Не. Мэта Расеі — гэта зьнішчыць наогул ўкраінскую энэргетыку і найперш украінскі «Энэргаатам».
«Спыніце гэта і ня йдзіце ні на якія саступкі Расейскай Фэдэрацыі», — заклікаў Яцанюк Шмыгаля.
«Я абсалютна падтрымліваю сказанае абодвума гасьцямі нашай студыі», — заявіў Шмыгаль у адказ на просьбу Шустэра ў цэлым ацаніць выступленьні Яцанюка і Саакашвілі. Але далей, паглыбіўшыся ў дэталі, прэм’ер абышоў тэму электраэнэргетыкі.
Дзяніс Шмыгаль узначаліў урад Украіны 4 сакавіка сёлета.
25 лютага на Ўсеўкраінскай нарадзе работнікаў вугальнай галіны Ўладзімір Зяленскі падтрымаў заклік шахцёраў абмежаваць імпарт энэргіі. «Пра які імпарт у цэлым можа ісьці гаворка, калі краіны, зь якіх мы імпартуем, не пускаюць нас на свае рынкі? Таму спачатку наш вугаль, нашы шахцёры, наша электраэнэргія», — заявіў кіраўнік украінскай дзяржавы.
Перад гэтым выступіў начальнік участку шахты «Самарская» прыватнага акцыянэрнага таварыства «ДТЭК Паўлаградвугаль», які паведаміў, што 11 лютага Зяленскаму быў накіраваны зварот працоўнага калектыву з прапановай «спыніць імпарт электраэнэргіі з Расеі і Беларусі і даць магчымасьць вугальнай генэрацыі працаваць на рынку электраэнэргіі Ўкраіны». «Прычына прапановы энерганосьбітаў па дэмпінгавых цэнах краін-суседзяў нам зразумелая. Падыдзіце да гэтага пытаньня па-дзяржаўнаму, не дайце магчымасьці прымаць авантурныя і недальнабачныя рашэньні», — заклікаў прэзыдэнта прамоўца.
Акрамя таго, адзін з удзельнікаў гэтай нарады выказаў абурэньне, што празь Беларусь ва Ўкраіну ўвозіцца вугаль з Расеі і не падкантрольнай Кіеву часткі Данбасу.
Раней, 6 лютага, міністар энэргетыкі і аховы навакольнага асяродзьдзя Ўкраіны Аляксей Оржаль, наведваючы разам з Зяленскім шахту «Міжрэчанская» ў Львоўскай вобласьці, заявіў, што Ўкраіна мае намер да мінімуму скараціць імпарт электраэнэргіі зь Беларусі.
- Згодна са зьвесткамі нацыянальнай энэргетычнай кампаніі «Укрэнэрга», у 2019 годзе зь Беларусі імпартавана 851 млн 297 тыс. кіляват-гадзін электраэнэргіі.
- Пастаўкі пачаліся ў ліпені, калі ва Ўкраіне быў лібэралізаваны рынак электраэнэргіі.
- У 2014-м, 2015-м і першай палове 2019 году электраэнэргія ў Беларусі не закуплялася, а ў 2016–2018 гадах імпарт быў нязначным — адпаведна 1 млн 207 тыс., 1 млн 83 тыс. і 1 млн 188 тыс. кВт·гадз.
- У студзені сёлета Ўкраіна імпартавала зь Беларусі 93,013 млн кВт·гадз электраэнэргіі.