Мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павел вызначыў шэраг правілаў, накіраваных на прадухіленьне распаўсюду эпідэміі COVID-19 у праваслаўных храмах.
Правілы пералічаныя ў лісьце, тэкст якога апублікавалі на інфармацыйным партале sobor.by.
У прыватнасьці, праваслаўны ярарх загадаў арганізаваць абавязковае дзяжурства царкоўных работнікаў каля разьмешчаных перад іканастасам аналояў, а таксама ківотаў. Дзяжурным належыць праціраць абразы і сьвятыні вадкасьцямі на сьпірце ці іншымі антысэптыкамі «пасьля кожнага цалаваньня вернікамі». Пры гэтым мітрапаліт Павел лічыць магчымым на пэрыяд эпідэміі ўстрымацца ад цалаваньня сьвятынь і замяніць яго паклонам.
Сьвятарам рэкамэндавана ўстрымацца ад дабраславеньня з цалаваньнем рукі. У храмах варта разгледзець магчымасьць прымяняць аднаразовыя кубачкі для запіваньня пасьля прычашчэньня альбо зусім адмовіцца ад запіваньня. У першым выпадку аднаразовы посуд неабходна сабраць і ўтылізаваць адразу пасьля службы.
Настаяцелем прыходаў і манастыроў загадана сачыць за захаваньнем чысьціні і санітарыі, а таксама за рэгулярнасьцю вільготнай прыборкі, у тым ліку з антысэптыкамі, у месцах збору людзей. Акрамя гэтага, яны павінны нагадваць людзям пра асабістую адказнасьць за сваё здароўе і перад навакольнымі, а таксама рэкамэндаваць прыхаджанам у выпадку недамаганьня або прыкмет віруснай інфэкцыі неадкладна зьвяртацца да лекара і ўстрымацца ад удзелу ў грамадзкай царкоўнай малітве да поўнага ачуньваньня.
Апроч іншага, загадана ў прамежках паміж хрышчэньнямі дэзынфікаваць купель, падчас мірапамазаньня або памазаньня алеем выкарыстоўваць аднаразовыя ватныя палачкі, якія пасьля неабходна спальваць. Да асаблівага распараджэньня прыпынілі працу нядзельных школ, прыходзкіх сэкцый і гурткоў.
На мінулым тыдні Сьвяты Сынод РПЦ прыняў заяву, у якой заклікаў вернікаў ня ставіцца легкадумна да каранавіруснай інфэкцыі, прытрымлівацца прадпісаньняў лекараў і выконваць меры прафіляктыкі. Праваслаўе і каталіцызм — дзьве найбольш распаўсюджаныя хрысьціянскія канфэсіі ў Беларусі, якія аб’ядноўваюць разам каля 6 млн чалавек.
На сёньня ў Беларусі зафіксавана 36 выпадкаў каранавірусу. Трое паправіліся і выпісаныя дадому. Адзін пацыент знаходзіцца ў стане сярэдняй ступені цяжкасьці. Астатнія адчуваюць сябе здавальняюча.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ