Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінадукацыі: ВНУ самі вызначаюць захады для прафіляктыкі каранавірусу


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Міністэрства адукацыі Беларусі пакідае на меркаваньне ВНУ, якія менавіта захады неабходна прыняць для недапушчэньня распаўсюду каранавірусу COVID-19, паведаміла БелаПАН прэс-сакратарка міністэрства Людміла Высоцкая.

«Мы рэкамэндавалі скарэктаваць навучальны працэс, а ВНУ самі вырашаюць, як мінімізаваць кантакты, пакідаючы ў раскладзе самыя неабходныя заняткі»,— адзначыла Высоцкая.

Так Мінадукацыі пракамэнтавала часовую адмену да 6 красавіка ў некаторых вышэйшых навучальных устаноў лекцый, іншых заняткаў з колькасьцю студэнтаў больш за 60 чалавек, а таксама заняткаў па фізкультуры. Напярэдадні гэтую інфармацыю пацьвердзілі БелаПАН выкладчыкі і студэнты трох ВНУ.

15 сакавіка Мінадукацыі паведаміла, што ў навучальны працэс ВНУ ўносяцца зьмены: ім рэкамэндавана «скарэктаваць лекцыйныя заняткі і выкарыстоўваць іншыя формы заняткаў, прадугледжаныя вучэбнымі плянамі і праграмамі, у ліку якіх практыкумы, кансультацыі, лябараторныя», а таксама абмежаваць правядзеньне навуковых і культурна-масавых мерапрыемстваў, абмежаваць доступ староньніх у студэнцкія інтэрнаты.

У той жа час у міністэрстве не рэкамэндавалі цалкам адмяняць заняткі. «Ва ўсіх установах адукацыі павінен быць арганізаваны нармальны навучальны працэс», — гаварылася ў паведамленьні.

На гэты момант у Беларусі зарэгістравана 36 пацьверджаных выпадкаў каранавірусу COVID-19. На эпідэміялягічным і мэдыцынскім кантролі знаходзяцца больш за 2,5 тысячы чалавек, на дадзены момант у іх няма прыкметаў інфэкцыі.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG