Міністар здароўя Беларусі Уладзімер Каранік заявіў 17 сакавіка, што Беларусь выконвае рэкамэндацыі Сусьветнай арганізацыі здароўя «больш чым хтосьці іншы».
Як перадае БелТА заяву міністра, за мінулы дзень у Беларусі ня выявілі ніводнага новага выпадку COVID-19 (раней паведамлялася пра 36 пацыентаў, траіх зь якіх ужо выпісалі). Сытуацыя зь вірусам у краіне, кажа Ўладзімер Каранік, застаецца падкантрольнай.
Каранік дадаў, што частку ранейшых пацыентаў цяпер рыхтуюць да выпіскі, бо першыя тэсты больш не паказваюць у іх наяўнасьці вірусу SARS-CoV-2.
Цяпер, адзначыў міністар, абмяркоўваюцца новыя захады супраць вірусу, накіраваныя перадусім на недапушчэньне завозу яго ў краіну.
«Мы разумеем, што ў нашых суседзяў сытуацыя ня вельмі добрая, таму мы дадаткова мінімізуем рызыкі завозу да нас», — заявіў міністар, не адзначыўшы, што ўсе суседзі Беларусі ўжо закрылі межы або анансавалі такі крок.
Каранік таксама адзначыў, што Сусьветная арганізацыя здароўя «цалкам падтрымлівае» высілкі Беларусі і лічыць іх найбольш эфэктыўнымі, а закрыцьцё межаў эфэктыўным якраз ня лічыць.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.