На прэс-канфэрэнцыі 13 сакавіка Міністэрства здароўя назвала новыя лічбы інфікаваных COVID-19.
РНК вірусу выявілі ўжо ў 27 чалавек — на 6 больш, чым паведамлялі дзень таму, сказала Алена Богдан, прадстаўніца Міністэрства здароўя. Трох ужо выпісалі здаровымі і выпусьцілі дамоў. 24 чалавекі застаюцца ў клініках, у аднаго сярэдне-цяжкае працяканьне хваробы, у астатніх лёгкае або наагул бессымптомнае.
Колькі ўсіх ізаляваных?
На пытаньне карэспандэнта Свабоды, колькі чалавек цяпер знаходзіцца ў ізаляцыі, прадстаўнікі Міністэрства здароўя адказалі, што ізалявалі 224 чалавекі, якія мелі кантакты першага ўзроўню з хворымі.
Ці інфікаваныя лекары?
У ліку інфікаваных няма мэдычных працаўнікоў. Але абавязковым чынам правяраюць лекараў зь «першага кола» асобаў, якія кантактуюць са шпіталізаванымі. Гэта мэдыкі ў Менску, Віцебску, Гомлі, Магілёве.
Ці будзе карантын у школах?
Богдан заклікала да максымальнай самаізаляцыі: не наведваць месцы збору людзей, скараціць візыты да найбольш уразьлівых сваякоў старэйшага веку. Але на пэтыцыю аб карантыне ўстановаў адукацыі адказала: гэта немэтазгодна, бо маладым людзям вірус не пагражае так моцна, «дзеці не хварэюць на каранавірус ці пераносяць хваробу бессымптомна».
Хто пераведзены на хатняе навучаньне?
Чыноўніца таксама пацьвердзіла, што ў менскай гімназіі № 20 на хатняе навучаньне пераведзеная адна кляса, бо бацьку адной з вучаніц падазраюць на наяўнасьць вірусу.
Паводле Карабан, цяперашніх захадаў дастаткова, «лявінападобнага» росту выпадкаў COVID-19 не назіраюць, таму ў Беларусі, адрозна ад Польшчы ці Ўкраіны, не закрываюць ВНУ і не пераводзяць студэнтаў на дыстанцыйнае навучаньне.
Ці хапае сродкаў?
Міністэрства заяўляе, што мае дастаткова лекавых сродкаў, а таксама дзьве тысячы правераных апаратаў штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Але, адзначыў на прэс-канфэрэнцыі прадстаўнік Сусьветнай арганізацыі здароўя Батыр Бердыклычаў, рост колькасьці выпадкаў непазьбежны, «бо не ва ўсіх краінах існуюць службы санітарна-эпідэміялягічнага нагляду». Але выпадкаў некантраляванай перадачы не назіралася. Беларусь ён залічыў да краін, дзе кантроль ідзе на высокім узроўні.
Што рабіць тым, хто вярнуўся з-за мяжы?
Іна Карабан, намесьніца начальніка аддзелу гігіены, эпідэміялёгіі і прафіляктыкі Міністэрства здароўя, адзначыла, што ўсе выпадкі каранавірусу — гэта 7 завезеных агмянёў. Паводле міністэрства, усе, хто вяртаюцца з-за мяжы, мусяць зьвярнуцца да лекараў і максымальна абмежаваць кантакты, асабліва з сталымі людзьмі, якія складаюць асноўную групу рызыкі.
Якія абмежаваньні для спартовых першынстваў?
Рэкамэндацыяў праводзіць матчы без гледачоў ведамства не давала. Гэта значыць, што чэмпіянат Беларусі ў футболе, які пачынаецца 19 сакавіка, пройдзе ў звыклым фармаце.
Ці пашыраць чорны сьпіс?
Кітай, Італія, Іран, Паўднёвая Карэя —ці будзе пашыраны пералік краін з «чорнага сьпісу»? Пытаньне абмяркоўваюць, але пакуль такой неабходнасьці няма. Паводле Алены Богдан, правяраюць усіх, хто прыяжджае з-за мяжы. Супрацоўнікі міністэрства пры гэтым разьлічваюць, што людзі самі будуць паведамляць, што былі ў праблемным рэгіёне.
Раней 13 сакавіка міністар унутраных справаў Беларусі Юры Караеў расказаў, што прысутнічаў на нарадзе з чалавекам, інфікаваным COVID-19, таму на два тыдні пайшоў у добраахвотны карантын. Тым часам Памежны камітэт абвяргае чуткі пра закрыцьцё межаў Беларусі, а касьцёл забараняе цалаваць абразы і паціскаць рукі.
Днём раней Міністэрства здароўя паведамляла, што колькасьць выпадкаў COVID-19 у Беларусі вырасла з 12 да 21, і абмежавала правядзеньне масавых захадаў зь міжнародным удзелам да 6 красавіка (міністэрства рэкамэндуе перанесьці на пазьнейшыя тэрміны канцэрты з удзелам замежных артыстаў, аднак канчатковае рашэньне будуць прымаць арганізатары такіх выступаў). Пры гэтым ужо паправіліся чатыры чалавекі, у ліку якіх самы першы беларускі пацыент з новым каранавірусам — студэнт БНТУ з Ірану.