Захварэць на COVID-2019 можа як прэзыдэнт, які раней называў распаўсюд вірусу на плянэце «выдумкай», так і дыплямат ААН ці спартовая зорка. Свабода склала сьпіс вядомых асобаў, якія былі інфікаваныя каранавірусам.
Прэзыдэнт Бразыліі, які адмаўляў маштаб эпідэміі, здаў тэст на COVID-2019
Прэзыдэнт Бразыліі Жаір Балсанару здаў тэст на каранавірус. Раней стала вядома, што Фабіа Вайнгартэн — кіраўнік сакратарыяту грамадзкіх камунікацыяў пры адміністрацыі бразыльскага прэзыдэнта — інфікаваны. 7 сакавіка абодва яны сустракаліся з амэрыканскім прэзыдэнтам Дональдам Трампам у яго рэзыдэнцыі ў штаце Флорыда. 10 сакавіка Жаір Балсанару заяўляў, што маштабы распаўсюджваньня новага каранавірусу ў сьвеце — «збольшага выдумка». Сам Трамп заявіў, што не адчувае ніякай трывогі і ня будзе рабіць тэсту.
Вядомыя спартоўцы захварэлі на каранавірус
У ангельскай футбольнай прэм’ер-лізе інфікаваліся галоўны трэнэр лёнданскага «Арсэналу» Мікель Артэта і паўабаронца «Чэлсі» Калум Хадсан-Адаі. Увесь асноўны склад каманды і пэрсанал клюбу, якія мелі кантакты з Артэта, знаходзяцца ў двухтыднёвай самаізаляцыі. Трэнавальны цэнтар «Арсэналу» закрыты, найбліжэйшыя матчы клюбу ў чэмпіянаце Англіі адмененыя. Клюб «Чэлсі» таксама ідзе ў карантын.
11 сакавіка СМІ паведамілі, што каранавірус знойдзены ў абаронцы італьянскага футбольнага клюбу «Ювэнтус» Даніэле Ругіні і баскетбаліста каманды «Юта Джаз» Рудзі Гобэра. Яшчэ адзін прадстаўнік італьянскай Сэрыі А, нападнік «Сампдорыі» Манола Габʼядзіні здаў станоўчы тэст на каранавірус. Падазрэньне на тую ж інфэкцыю і ў траіх гульцоў «Лестера» з ангельскай Прэмʼер-лігі.
Усе матчы, заплянаваныя на наступны тыдзень у рамках Лігі чэмпіёнаў і Лігі Эўропы, адкладзеныя на няпэўны тэрмін праз сытуацыю з распаўсюдам каранавірусу. Пра гэта гаворыцца ў заяве Саюзу эўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЕФА).
У 39-павярховым будынку ААН у Нью-Ёрку першы выпадак інфэкцыі
Інфікаваная адна зь філіпінскіх дыпляматак. Апошні раз яна была на працы 9 сакавіка і правяла ў штаб-кватэры сусьветнай арганізацыі каля паўгадзіны. Усе супрацоўнікі прадстаўніцтва Філіпін пры ААН зьмешчаныя ў карантын, доступ да іх сэкцыі перакрыты. У комплекс будынкаў у Манхэтане, дзе праходзіць большасьць пасяджэньняў Генэральнай асамблеі і Рады Бясьпекі ААН, перасталі пускаць наведнікаў.
Сярод інфікаваных палітыкаў — чалец парлямэнту Вялікай Брытаніі і міністарка бясьпекі пацыентаў Надзін Дорыс, першы віцэ-прэзыдэнт Ірану Эсхаке Джахангір, міністарка прамысловасьці і гандлю Ірану Рэза Рахмані і міністар культурнай спадчыны і турызму Ірану Алі Мунесан, дарадца аяталы Алі Хамэнэі Алі Акбар Велаяці.
Прэмьʼер Канады пайшоў у карантын усьлед за інфікаванай жонкай
Прэмʼер-міністар Канады Джастын Трудо самаізаляваўся пасьля таго, як у ягонай жонкі Сафі Грэгуар-Трудо зьявіліся прыкметы грыпу па вяртаньні зь Лёндану. Пасьля тэст на каранавірус аказаўся станоўчым. Трудо працягне двухтыднёвы карантын. Паведамляецца, што Сафі Грэгуар-Трудо «адчувае сябе добра», яе сымптомы не пагаршаюцца. Сам Трудо пачуваецца добра. У яго няма сымптомаў заражэньня, ён ня будзе праходзіць тэст на каранавірус.
Сярод інфікаваных COVID-2019 — актор Том Хэнкс і ягоная жонка Рыта Ўілсан
Амэрыканскі актор Том Хэнкс расказаў, што вынік тэсту на каранавірус, які яны з жонкай Рытай Уілсан прайшлі ў Аўстраліі, станоўчы. 63-гадовы Хэнкс і яго жонка зьвярнуліся па мэдыцынскую дапамогу, калі ў іх зьявіліся сымптомы прастуды. Цяпер яны будуць у самаізаляцыі. Сужэнцы былі ў Аўстраліі, на Залатым беразе Квінслэнду, дзе Хэнкс працаваў над фільмам пра жыцьцё Элвіса Прэсьлі.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ