Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта ня больш небясьпечна за звычайны грып». Ці ў 10 разоў страшней? Міты і праўда пра новы каранавірус

абноўлена

Менск, 2 сакавіка 2020
Менск, 2 сакавіка 2020

Брытанскае выданьне The Guardian апытала мэдычных экспэртаў, каб даведацца, ці можна верыць распаўсюджаным заявам пра тое, чым нам пагражае эпідэмія новага каранавірусу.

Сьцьвярджэньне: «Гэта ня больш небясьпечна за звычайны грып»

Шмат хто з захварэлых сапраўды будзе мець сымптомы як ў звычайнага сэзоннага грыпу. Але новая хвароба — у тым ліку працэнт сьмяротнасьці ад яе — выглядае больш сур’ёзна. На пачатку эпідэміяў узровень сьмяротнасьці можна пераацаніць, бо лёгкія выпадкі часта не рэгіструюцца. Але экспэрт Сувьветнай арганізацыі аховы здароўя Брус Эйлвард, які ўзначальваў місію ў Кітай, паведаміў, што цяперашняя ацэнка пра 1% сьмяротных выпадкаў ад хваробы, хутчэй за ўсё, адэкватная. Гэта робіць Covid-19 прыблізна ў 10 разоў больш небясьпечным для жыцьця, чым звычайны грып, ад якога штогод ва ўсім сьвеце памірае ад 290,000 да 650,000 чалавек.

Сьцьвярджэньне: «Адбываюцца мутацыі, якія робяць новы вірус больш сьмертаносным»

Усе вірусы зь цягам часу накапліваюць мутацыі, і вірус, які выклікае Covid-19, тут не выключэньне. Пашыранасьць розных штамаў (варыянтаў) вірусу залежць ад натуральнага адбору — тыя вэрсіі, якія могуць хутчэй пераносіцца ў іншыя арганізмы і множыцца ўнутры цела, будуць найбольш «пасьпяховымі». Аднак гэта неабавязкова значыць, што яны будуць больш небясьпечнымі для людзей. Вірусы, якія хутка забіваюць людзей альбо робяць іх настолькі хворымі, што тыя зь цяжкасьцю могуць рухацца, будуць пашырацца зь меншай імавернасьцю.

Генэтычны аналіз 103 узораў вірусу, праведзены кітайскімі навукоўцамі, паказаў, што на пачатку эпідэмі ўзьніклі два галоўныя штамы — іх назвалі L і S. Выглядае, што штам L больш пашыраны (каля 70% узораў), а S — вэрсія вірусу, якая зьявілася ране па часе, «продак» L.

Каманда дасьледчыкаў лічыць, што штам L можа быць больш "агрэсіўным — то бок альбо лягчэй перадавацца ад чалавека чалавеку, альбо хутчэй размнажацца ўнутры арганізмаў. Аднак пакуль што гэтая тэорыя не пацьверджаная — няма параўнаньня паміж пацыентамі з рознымі штамамі вірусу, каб праверыць, ці яны лягчэй перадаюць хваробу іншым і ці пакутуюць ад цяжэйшых сымптомаў.

Сьцьвярджэньне: «Гэты вірус забівае толькі старых, таму маладыя могуць расслабіцца»

Большасьць маладзейшых людзей, калі ў іх няма іншых сур’ёзных праблем са здароўем, сапраўды не захварэе ў найцяжэйшай форме на Covid-19. Але гэтая хвароба з большай імавернасьцю выкліча сур’ёзныя сымптомы, чым сэзонны грып. Акрамя таго, ёсьць групы рызыкі — напрыклад мэдыкі — бо яны могуць сутыкнуцца з вышэйшай канцэнтрацыяй вірусу. Дзеяньні маладых і агулам здаровых людзей — паведамленьне пра сымптомы, выкананьне інструкцыяў падчас карантыну — будуць вельмі важнымі, каб абараніць найслабейшых і агулам узяць эпідэмію пад кантроль.

Сьцьвярджэньне: «Маскі тут не дапамагаюць»

Сапраўды, маска не дае гарантыяў, што вы не захварэеце. Вірусы могуць трапіць у арганізм праз вочы, а дробныя віральныя часьцінкі могуць пранікаць праз маскі. Аднак маскі абараняюць ад кроплевай перадачы каранавірусу, якая зьяўляецца самай пашыранай. Паводле некаторых дасьледаваньняў, маска у пяць разоў зьніжае рызыку перадачы вірусу. Калі вы шчыльна кантактуеце зь некім, хто можа быць заражаны, маска мае сэнс. Калі вы проста ходзіце па горадзе ў масцы, ад гэтага наўрад ці будзе нейкая розьніца.

Калі ў вас зьявіліся сымптомы хваробы, маска таксама дапаможа абараніць іншых. Таму маскі вельмі важныя для мэдыкаў і для тых, хто даглядае за хворымі ў сям'і. У гэтым выпадку карысна, каб маскі насілі і хворыя, і здаровыя.

Сьцьвярджэньне: «Каб заразіцца, трэба быць з інфікаваным прынамсі 10 хвілін»

Для грыпу некаторыя шпіталі вызначаюць кантакт з хваробай як знаходжаньне больш за 10 хвілін на адлегласьці менш за 2 мэтры ад інфікаванага, які чыхае ці кашляе. Аднак можна заразіцца і за карацейшы час. Можна падхапіць вірус нават з прадметаў ці паверхняў, хоць гэта і менш распаўсюджаны спосаб перадачы інфэкцыі.

Сьцьвярджэньне: «Вакцына можа быць гатовая ўжо празь некалькі месяцаў»

Навукоўцы хутка пачалі працу над вакцынай ад новага каранавірусу. Аднак выпрабаваньні і масавая вытворчасьць вакцыны — гэта доўгі працэс. Калі такая вакцына будзе праз год, дык гэта ўжо хутка.

Сьцьвярджэньне: «Калі абвешчана пандэмія, мы ўжо нічога ня можам зрабіць, каб спыніць распаўсюд хваробы»

Пандэмія вызначаецца як распаўсюд хваробы па ўсім сьвеце, але парог для яе абвяшчэньня ясна ня вызначаны. На практыцы, меры супраць хваробы не залежаць ад таго, ці абвешчаная пандэмія.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG