Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я паступіла подла». Дырэктарку Гомельскай каапэрацыі асудзілі за хабарніцтва


©Shutterstock
©Shutterstock

10 сакавіка суд Цэнтральнага раёну вынес рашэньне ў крымінальнай справе дырэктаркі Гомельскага філіялу абласнога спажывецкага таварыства Раісы Глазко. За хабары яна атрымала тры гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.

Камэрсанта, які даваў ёй хабар, аштрафавалі на 13 500 рублёў.

68-гадовую Раісу Глазко затрымалі ў чэрвені 2019 году. Першапачаткова яна абвінавачвалася ў атрыманьні 1 тысячы рублёў ад прадстаўніка камэрцыйнай структуры «за спрыяльнае вырашэньне пытаньняў, якія ўваходзяць у яе кампэтэнцыю».

Міліцыя меркавала, што такой сумай камэрсанты аддзячылі начальніцу гандлю за заключэньне дамоваў на абслугоўваньне халадзільнага абсталяваньня.

Пазьней стала вядома, што хабары ад камэрсантаў яна брала і раней, два разы па тысячы і адзін раз 400 рублёў.

«Сорамна, што на старасьці гадоў такое ўчыніла»

На судзе кіраўніца каапэрацыі не прызнавала сваёй віны. Фактычна парушэньня заканадаўства ў заключэньні дамоваў не было. Раіса Глазко казала, што не расцэньвала грошы як хабар, а як падарункі.

У дзень судовых спрэчак, 9 сакавіка, яна заявіла, што зьмяняе свае паказаньні і цалкам прызнае віну. На пытаньне пракурора «Чаму вы не зрабілі гэта раней?» абвінавачаная адказала, што ёй было сорамна.

«Мне было сорамна прызнацца, што на старасьці гадоў я такое ўчыніла, — падзялілася дырэктарка спажыўкаапэрацыі, плачучы. Плакалі і яе дзеці ў залі. — Я сама сабе не магла прабачыць. Мне сорамна было, што падвяла такі цудоўны калектыў, які я ўзначальвала. Я паступіла подла ў дачыненьні сябе і астатніх. Прашу прабачэньня ў сваіх дзяцей. Я раскайваюся і перажываю, што не магу бачыць сваіх дзяцей і ўнукаў. Увесь час пра гэта думаю. 8 месяцаў у СІЗА я проста забівала сябе маральна за свой учынак».

Глазко 46 гадоў прапрацавала ў сыстэме спажывецкага таварыства. Спачатку ў Сьветлагорску, потым — у Гомлі, куды яе запрасілі, каб «падняць з каленяў райпо». Раіса Глазко мае шмат узнагарод, ганаровых грамат, знак «Выдатнік спажывецкай каапэрацыі» і падзяку ад прэм’ер-міністра.

«Яна выдатна ведала, што гэта былі не падарункі»

Прадстаўнік дзяржаўнага абвінавачваньня Аляксей Гаўрыкаў выказаўся, што віна Раісы Глазко была даказаная ў судзе.

«Яна жыцьцё пажыла і выдатна ведала, што гэта былі ніякія не падарункі, а хабар», — зазначыў намесьнік пракурора гораду. Ён крытычна ацаніў прызнаньне віны на апошнім паседжаньні і палічыў, што гэта адбылося пад ціскам доказаў, а ня ў выніку шчырага раскаяньня.

Пракурор прасіў пакараць абвінавачаную 5 гадамі пазбаўленьня волі, улічваючы, што ёй інкрымінавалася частка 2 артыкулу 430 Крымінальнага кодэксу. Камэрсанта, які даваў хабар, Гаўрыкаў прасіў пакараць штрафам у памеры 500 базавых велічынь.

Абаронца абвінавачанай прасіў суд улічыць узрост абвінавачанай і шэраг хранічных захворваньняў, станоўчыя характарыстыкі, прызнаньне віны і раскаяньне, шматлікія падзякі і ганаровыя граматы, хадайніцтва перад судом працоўнага калектыву; што яна раней не была судзімай.

Ён прасіў суд прымяніць да абвінавачанай адтэрміноўку выкананьня пакараньня.

У апошнім слове Раіса Глазко зазначыла, што ўсё жыцьцё прысьвяціла працы, што калектыў каапэрацыі займаў прызавыя месцы на розных кірмашах, быў на дошцы гонару.

«Наш калектыў сапраўды быў адданы працы, — зазначыла абвінавачаная. — Я ні разу ня чула ні ад кога, што „мы не паедзем“, калі трэба было прывесьці ў парадак аб’ект да сэмінару ці зрабіць рэканструкцыю. Я заўсёды была з калектывам, не пакідала аб’екта, калі там заставаўся хоць адзін супрацоўнік. Бо ведала, што мой удзел іх стымулюе. Мне сорамна, што я падвяла такі цудоўны калектыў, які мяне паважаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG