Працэс адкрыты, хоць абвінавачаныя падавалі хадайніцтва супраць гэтага. Разам з Андрэем Уцюрыным на лаве падсудных 15 чалавек.
Абноўлена: Уцюрын прыгразіў выдаць у судзе дзяржаўныя сакрэты
«Учынкі, якія няславяць званьне вайскоўца»
Пра арышт Андрэя Уцюрына стала вядома 29 красавіка 2019 году. Паведамлялася, што ён можа быць затрыманы праз падазрэньне ў атрыманьні хабару асабліва буйнога памеру.
1 траўня на Нацыянальным прававым партале зьявіўся ўказ Лукашэнкі аб звальненьні Ўцюрына з пасады намесьніка дзяржсакратара Савету бясьпекі. Фармулёўка была адпаведная — за ўчынкі, якія няславяць званьне вайскоўца.
Да працы ў Савеце бясьпекі Андрэй Уцюрын шмат гадоў кіраваў службай бясьпекі Лукашэнкі — з 2007-га па 2014-ы. Мае два мэдалі «За бездакорную службу» (2-й і 3-й ступеняў), а таксама ордэн «За службу Радзіме» 3-й ступені.
Справай Андрэя Ўцюрына займалася Сьледчае ўпраўленьне КДБ, доўгі час пра яе не было вядома ніякіх падрабязнасьцяў. Толькі на пачатку сьнежня мінулага году Камітэт дзяжбясьпекі апублікаваў афіцыйнае паведамленьне пра завяршэньне расьсьледаваньня, дзе раскрываліся некаторыя дэталі. У прыватнасьці, стала вядома, што, акрамя Ўцюрына, фігурантамі справы зьяўляюцца яшчэ 15 чалавек. А былога ахоўніка Лукашэнкі вінавацяць у хабары памерам 190 тысяч даляраў.
На лаве падсудных 10 сакавіка восем прадстаўнікоў дзяржаўных структур і восем бізнэсоўцаў. Сярод іх старшыня праўленьня Беларускага міжбанкаўскага разьліковага цэнтру Фелікс Касьпяровіч, намесьнік кіраўніка галоўнага ўпраўленьня інфармацыйных тэхналёгій Нацбанку Андрэй Падгорны, дырэктар інфармацыйна-вылічальнага цэнтру Міністэрства фінансаў Юры Зданевіч, выканаўчы дырэктар банку «БелВЭБ» Юры Панамароў, генэральны дырэктар «Белтэлекаму» Сяргей Сівадзедаў ды іншыя.
1 мільён 650 тысяч даляраў хабару
«Службовыя асобы атрымлівалі хабар за заключэньне дамоваў, якія прадугледжвалі ў тым ліку мадэрнізацыю тэлекамунікацыйнага апаратна-праграмнага комплексу і пастаўку абанэнцкіх прыставак з убудаваным модулем Wi-Fi, — гаварылася ў паведамленьні КДБ. — Закупку ліцэнзій для тэлекамунікацыйнага абсталяваньня, праграмнага забесьпячэньня і абароны інфармацыі, закупку абсталяваньня маршрутызацыі для цэнтральных вузлоў перадачы дадзеных абласных філіялаў РУП «Белтэлекам», набыцьцё абсталяваньня бесправадной перадачы дадзеных на аснове тэхналёгіі Wi-Fi».
Паводле абвінавачаньня, у тых, хто атрымаў хабар, канфіскавалі больш за 1 мільён 650 тысяч даляраў, 62 тысячы эўра і каля 1 кіляграма золата.
12 лютага 2020 году ў Вярхоўным судзе прайшло папярэдняе паседжаньне ў справе, падчас якога стала вядома аб супрацоўніцтве некаторых фігурантаў са сьледзтвам. У прыватнасьці, на дасудовую дамову са сьледзтвам пайшлі Касьпяровіч і Сівадзедаў. Паводле афіцыйнай інфармацыі, Касьпяровіч абвінавачваецца ў атрыманьні хабару памерамзвыш 860 тысяч даляраў, Сівадзедаў — звыш 470 тысяч.
Аб супрацоўніцтве са сьледзтвам з боку Андрэя Ўцюрына, а таксама аб прызнаньні ім віны пакуль нічога невядома.
Працэс разглядаецца Вярхоўным судом у памяшканьні Маскоўскага суду Менску. На папярэднім паседжаньні адвакаты абвінавачаных прасілі разглядаць справу ў закрытым рэжыме, аднак гэтае хадайніцтва не задаволілі.
Пяць абвінавачаных пайшлі на ўгоду са сьледзтвам
У іх ліку:
- былы генэральны дырэктар «Белтэлекаму» Сяргей Сівадзедаў,
- былы кіраўнік Міжбанкаўскага разьліковага цэнтру Фелікс Касьпяровіч,
- былы намесьнік старшыні галоўнага ўпраўленьня інфармацыйных тэхналёгій Нацыянальнага банку Андрэй Падгорны,
- прадстаўнік «АМТ-Груп Інтэрнэшнл» Міхаіл Прыгара
- расеец Уладзімір Казанцаў — прадстаўнік кампаній «Смартлабс» і «УГМК-Телеком».