Віктара Лемяшэўскага, уладальніка акумулятарнага заводу пад Берасьцем, супраць якога мясцовыя жыхары пратэстуюць ад пачатку 2018 году, адпусьцілі на волю. Інфармацыю «КП в Беларуси» пра вызваленьне Лемяшэўскага пад заклад пацьвердзілі Tut.by дзьве інфармаваныя крыніцы.
Таксама пад падпіску аб нявыезьдзе і належных паводзінах на волю да суда выйшлі і іншыя фігуранты гэтай справы.
Віктар Лемяшэўскі быў затрыманы 1 ліпеня. Паводле Генэральнай пракуратуры Беларусі, за два гады да затрыманьня Лемяшэўскага праваахоўныя органы ўжо цікавіліся дзейнасьцю ягонага заводу ў Белаазёрску. Тады абышлося бяз арыштаў. КДБ завёў на Лемяшэўскага адразу некалькі крымінальных спраў — за атрыманьне і даваньне хабару.
Разам зь Віктарам Лемяшэўскім затрымалі Сьвятлану Лемяшэўскую (па інфармацыі Свабоды, яна бізнэсоўцу ня жонка і не сваячка), галоўнага бухгальтара на іншым акумулятарным прадпрыемстве — белаазёрскім заводзе «БІТ-сплаў», былога кіраўніка «БІТ-сплаў» Сяргея Ахрамчука і намесьніка дырэктара Івана Пакісьлюка, а таксама двух індывідуальных прадпрымальнікаў зь Бярозы — Дзьмітрыя Рудзкага і Сяргея Жуковіча.
У верасьні старшыня КДБ Беларусі Валеры Вакульчык паведаміў, што па гэтай справе таксама затрыманыя два чыноўнікі Мінпрыроды па падазрэньні ў тым, што «раздавалі хабар адказным асобам за вырашэньне тых ці іншых пытаньняў, у тым ліку і тых, што тычацца будаўніцтва акумулятарнага заводу».
У сьнежні ў эканамічным судзе Берасьцейскай вобласьці пачаўся суд па пазове Берасьцейскага аблвыканкаму да акумулятарнага заводу «АйПауэр» аб вяртаньні 5 мільёнаў 725 тысяч 164,25 рубля ў інавацыйны фонд, бо кампанія ня выканала свае абавязацельствы па дамове, заключанай у 2016 годзе. Паводле дамовы, грошы на будаўніцтва завода вылучаліся з інавацыйнага фонду аблвыканкаму, яго павінны былі пабудаваць і запусьціць у эксплюатацыю да 31 ліпеня 2019 году, аднак праект ня быў рэалізаваны ў тэрмін.
Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць
- Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
- Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
- Штонядзелі пратэстоўцы выходзілі на цэнтральную плошчу ў Берасьці. Блогераў і актывістаў затрымлівалі, выносілі ім папярэджаньні, штрафавалі і абавязвалі выбачыцца за відэа пра акумулятарны завод.
- Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
- У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
- У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
- У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
- 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
- У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
- 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
- 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
- 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.