Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд пакараў за хабар начальніка аддзелу гомельскай «Беларуснафты» 2 гадамі калёніі


Суд Цэнтральнага раёну Гомля вынес рашэньне па крымінальнай справе ў дачыненьні да начальніка аддзелу РУП «Беларуснафта-Гомельаблнафтапрадукт». За хабар яго пакаралі 2 гадамі пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Суд улічыў

  • чыстасардэчнае прызнаньне абвінавачанага,
  • раскаяньне,
  • супрацоўніцтва са сьледзтвам,
  • наяўнасьць аднаго малалетняга і двух непаўналетніх дзяцей,
  • хадайніцтва 400 супрацоўнікаў прадпрыемства з просьбай не караць былога калегу пазбаўленьнем волі.

Пракурор прасіў пакараць 38-гадовага Аляксея Ігнатовіча 2 гадамі пазбаўленьня волі.

Колькі хабару ўзяў?

Сьледзтва і суд прыйшлі да высновы, што начальнік аддзелу некалькі разоў атрымліваў хабар ад прадстаўніка камэрцыйнай структуры — за прасоўваньне тавараў фірмы, якая гандлюе аўтахіміяй. Сумы хабару былі ад 300 да 1500 рублёў. Усяго начальнік аддзелу атрымаў ад намесьніка дырэктара фірмы 4100 рублёў.

На судзе Аляксей Ігнатовіч цалкам прызнаў віну. Ён казаў: «Гэтыя лёгкія грошы нічога добрага не прынесьлі маім блізкім».

У структуры «Беларуснафты» абвінавачаны працаваў 15 гадоў. Пачынаў мыйшчыкам на аўтамыйцы, скончыў начальнікам аддзелу раздробнага гандлю.

Аляксей Ігнатовіч — не адзіны затрыманы са структуры «Беларуснафты». У жніўні 2019 году Камітэт дзяржкантролю заявіў аб затрыманьні начальнікаў аддзелаў раздробнага гандлю прадпрыемстваў «Беларуснафта-Віцебскаблнафтапрадукт», «Беларуснафта-Гомельаблнафтапрадукт» і «Беларуснафта-Гроднааблнафтапрадукт».

Усіх затрымалі пры атрыманьні хабараў за лабіраваньне інтарэсаў камэрцыйнай структуры. Пра лёс іншых затрыманых начальнікаў аддзелаў невядома.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG