Усе асноўныя сусьветныя біржы ў панядзелак 9 сакавіка паказалі найгоршыя вынікі пасьля сусьветнага крызісу 2008 году. Маскоўская біржа ў панядзелак не працавала, бо выходны.
На Нью-Ёркскай біржы таргі адкрыліся з падзеньня больш як на 7%. Гэта адбылося пасьля абвалу цэнаў на нафту і рэзкага падзеньня курсаў на біржах у Эўропе і Азіі. Паводле правілаў таргоў, іх прыпынілі на 15 хвілінаў.
«Спатрэбіцца паўза, каб аднавіць сілы і па-новаму зірнуць на сытуацыю», — сказала кіраўніца біржы Стэйсі Канінгем.
Нягледзячы на паўзу, па выніках сэсіі падзеньне склала амаль 8%. Гэта больш за 2000 балаў паводле індэксу Dow Jones
Курс акцыяў у Токіё зьнізіўся на 5%, у Сыднэі — больш як на 7%. Эўрапейскія біржы страцілі ад 5,5% (швайцарскі індэкс SMI) да амаль 8% (нямецкі DAX). Асабліва цярпяць цэны акцыяў таварных кампаніяў.
9 сакавіка цэны на нафту ўпалі больш як на 30%. Пазьней падзеньне часткова кампэнсавалася (на раніцу 10 сакавіка вырасьлі на прыблізна 7,6–7,8%), але яно было самым вялікім пасьля вайны ў Пэрсыдзкай затоцы ў 1991 годзе.
Цэнавая вайна пачалася ў Саудаўскай Арабіі пасьля разрыву расейскага пагадненьня з краінамі OPEC.