Расейскі рубель апусьціўся да чатырохгадовага мінімуму пасьля падзеньня цэнаў на нафту ў выніку разрыву перамоваў паміж лідэрамі краінаў – экспартэраў нафты (OPEC), Саудаўскай Арабіяй і Расеяй.
Раніцай 9 сакавіка курс рубля на міжбанкаўскім рынку зьнізіўся адразу на 5% да 72,7 да даляра ЗША, што стала самым значным паказьнікам ад пачатку 2016 году.
OPEC ініцыюе скараціць нафтаздабычу ва ўмовах чаканага зьніжэньня попыту, паколькі эпідэмія каранавірусу пагражае стагнацыяй сусьветнай эканомікі. Аднак Крэмль выступіў супраць умоваў, агучаных картэлем.
Пасьля гэтага Саудаўская Арабія распачала «цэнавую вайну». У выніку кошт маркі Brent апусьціўся спачатку да 36 даляраў за барэль, а пазьней да 32 даляраў. Пакуль гэта яшчэ не антырэкорд: у 2014 годзе цана на нафту падала ніжэй 30 даляраў за барэль.
Джэфры Галі (Jeffrey Halley), аналітык нафтавага рынку, лічыць, што Саудаўская Арабія «мае намер пакараць Расею».
«Цэны на нафту, хутчэй за ўсё, будуць абмежаваныя ў наступныя некалькі месяцаў, калі каранавірус спыніць эканамічны рост, а Саудаўская Арабія адкрые помпы і прапануе велізарныя зьніжкі на свае гатункі».
Іншыя экспэрты дапускаюць, што сапраўднай мэтай супрацьстаяньня ня ёсьць калапс рынку нафты. Больш імаверна, што такім чынам ЗША і Саудаўская Арабія хочуць вярнуць Расею за стол перамоваў.