Улады Італіі пацьвердзілі інфармацыю ў СМІ, што ў краіне на 10 дзён зачыняюцца ўсе мясцовыя школы і унівэрсытэты — у сувязі з успышкай новага каранавірусу, ахвярамі якога там сталі ўжо 107 чалавек.
Меры, накіраваныя на тое, каб стрымаць эпідэмію, абмяркоўваліся ў сераду на нарадзе італьянскага ўраду.
Раней у Італіі былі зачыненыя школы і ВНУ ў найбольш пацярпелых, паўночных рэгіёнах. Там таксама дзейнічаюць строгія карантынныя меры ў шэрагу гарадоў.
Паводле дадзеных Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя (САЗ), Італія цяпер — адна з найбольш эпідэміялягічна праблемных краін — нароўні з Паўднёвай Карэяй і Іранам. Агульная колькасьць пацьверджаных выпадкаў заражэньня на італьянскай тэрыторыі набліжаецца да 3100.
У цэлым у сьвеце ад новага каранавірусу памерлі каля 3200 чалавек, заражаныя — больш за 90 тысяч. Большасьць выпадкаў у Кітаі, адкуль у сьнежні пачалося распаўсюджваньне хваробы.
САЗ пакуль не аб’яўляе пандэмію, але як было заяўлена ў сераду, сытуацыя разьвіваецца вельмі хутка, і ўжо відавочна, што свайго піка распаўсюд хваробы яшчэ не дасягнуў.
Пра пацьверджаныя выпадкі захворваньня на каранавірусную інфекцыю COVID-19 паведамілі ўлады 81 краіны. У сераду стала вядома, што стваральнікі новага фільму пра Джэймса Бонда «Ня час паміраць» перанесьлі прэм’еру карціны з красавіка на канец лістапада ў сувязі з каранавірусам.