Міністэрства здароўя Беларусі 4 сакавіка паведаміла пра яшчэ два лябараторна пацьверджаныя выпадкі COVID-19. Цяпер каранавірусам заражаныя 6 чалавек у краіне: чатыры ў Менску, два ў Віцебскай вобласьці.
Адкуль два новыя інфікаваныя і як яны заразіліся, пакуль не паведамляецца.
УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
Днём раней Мінздароўя паведамляла, што пацьвердзіліся 4 выпадкі, а яшчэ ў двух чалавек тэсты дэманстравалі папярэдне станоўчыя выпадкі.
Тыя два пацыенты «адносіліся да кантактаў 1-га ўзроўню» (гэта значыць, мелі шчыльны кантакт з чалавекам, у якога пацьвердзілі вірус). Яны адчувалі сябе здавальняюча — як і тыя, у каго ўжо дакладна выявілі вірус SARS-CoV-2.
Ад новага каранавірусу ў Беларусі ніхто не памёр — расейскі «Першы канал», які паведамляў пра памерлых, неадназначна выбачыўся ў вечаровых навінах 3 сакавіка. Афіцыйна ж у Беларусі паведамлялі, што ўсе, у каго выявілі COVID-19, ня маюць моцных сымптомаў і адчуваюць сябе здавальняюча.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.