Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэрспэктывы беларускай эканомікі: варажба на нафтавай гушчы


Падзеньне на пачатку году ВУП, сярэдняга заробку, курсу — гэта вынік няпэўнасьці ў нафтавай галіне ці нечага іншага? Ці будзе працягвацца падзеньне эканамічных паказьнікаў і далей? Ці правільна таргаваўся Лукашэнка наконт нафты?

Гэтыя пытаньні ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць эканамісты: старшы аналітык кампаніі «Альпары» Вадзім Іосуб і дырэктар Дасьледчага цэнтру ІПМ Аляксандар Чубрык

Сьцісла:

Іосуб

  • Калі паглядзець апошнія гадоў 15, то ў студзені ў параўнаньні са сьнежнем заробкі падалі заўсёды
  • Што тычыцца сярэдняга заробку, то ён стабілізуецца пачынаючы зь лютага
  • Я мяркую, што больш дарагая на памер прэміі нафта была б меншым злом, чым недазагрузка НПЗ напалову
  • Пытаньне з прэміяй усё роўна трэба было раней ці пазьней вырашаць

Чубрык

  • У тым, што адбываецца зь беларускай эканомікай, дамінуе ўплыў вонкавых складнікаў
  • Думаю, што імпарт нафты адновіцца, хоць і ня ў тых аб’ёмах, у якіх мы спадзяваліся
  • Для мяне відавочна і заўсёды было відавочным, што формула «незалежнасьць у абмен на танную нафту» ніколі не была на парадку дня
  • Цяжка сказаць, хто што выйграў, таму што мы ня ведаем, якія былі стаўкі ў гульні

Што адбылося з эканомікай на пачатку году?

Дракахруст: Некаторыя вынікі пачатку году: у студзені — падзеньне ВУП на 1.9%, зьніжэньне сярэдняга заробку прыкладна на 60 даляраў. Люты — рэкорднае падзеньне курсу рубля. Гэта ўсе — вынік няпэўнай сытуацыі ў нафтавай галіне ці нечага іншага?

Аляксандар Чубрык
Аляксандар Чубрык

Чубрык: Тое, што ВУП зьменшыўся — вынік двух складнікаў: падзеньня ў нафтавай галіне і падзеньня вытворчасьці калійных угнаеньняў.

Што тычыцца заробкаў, то вы параўноўваеце цёплае зь мяккім. Нельга параўноўваць студзень са сьнежнем. Існуе вялікая сэзонасьць у паказьніку сярэдняга заробку.

У тым, што адбываецца зь беларускай эканомікай, дамінуе ўплыў вонкавых складнікаў. Яны дзейнічаюць мацней, чым нашыя структурныя праблемы, пра якія мы звыкла гаворым.

Яны будуць дзейнічаць яшчэ пэўны час.

Тое, што адбывалася з курсам у лютым, вонкавыя чыньнікі адыгралі вырашальную ролю. Каранавірус уплываве на сусьветную эканоміку. Валяцца сусьветныя цэны на сыравіну, на нафту. І ўсе валюты таньнеюць адносна даляра. Праўда, мы патаньнелі больш за ўсіх. Мала краінаў у сьвеце перажывалі столькі валютных крызісаў, колькі Беларусь.

Расейскі рубель падае адносна даляра, і мы падаем.

Дракахруст: А тое, што курс рубля валіцца — гэта таксама сэзонны эфэкт?

Чубрык: Тут большы ўплыў шоку ад нафты і калійных угнаеньняў. Гэта галіны, якія забясьпечвалі прыток валюты.

Тут быў і той фактар, што ў студзені 500 мільёнаў даляраў пайшлі на пагашэньне зьнешняга доўгу. Гэта таксама дадатковы попыт на валюту. Тое, што адбывалася ў студзені на валютным рынку, гэтым і тлумачыцца.

Іосуб: Я згодны з трактоўкай Аляксандрам зьніжэньня заробкаў у студзені. Я б гэты фактар наагул не разглядаў. Калі паглядзець апошнія гадоў 15, то ў студзені ў параўнаньні са сьнежнем заробкі падаюць заўсёды прыкладна да ўзроўню лістападу.

Я таксама згодны з тэзай, што на курс уплывала сытуацыя з нафтай і калійнымі ўгнаеньнямі. Я б яшчэ дадаў адзін фактар.

Мы пачалі з таго, што ў студзені сярэдні заробак зьнізіўся. Але летась ён даволі імкліва рос — прыкладна на 11 % намінальна і на 7 % у рэальным вымярэньні. І гэты яшчэ леташні рост заробкаў мог стаць адным фактарам зьніжэньня курсу рубля на пачатку 2020 году.

У нас некалькі апошніх гадоў насельніцтва было чыстым прадаўцом валюты. Але ўжо ў сьнежні летась і студзені сёлета насельніцтва стала больш купляць валюту, чым прадаваць. Пачаў адбівацца леташні рост даходаў.

І я згодны зь меркаваньнем, што на курс рубля паўплывала падаражаньне даляра ў сьвеце. Наш рубель патаньнеў адносна даляра на 6 % за пару гадоў. Цяпер для нас гэта нязвыкла. Хаця ў мінулыя, больш далёкія гады беларусаў гэтым цяжка было зьдзівіць.

І паўплывала падзеньне курсу расейскага рубля адносна даляра. А гэта адбылося з прычыны падзеньня цаны на нафту. На мінулым тыдні цана нафты маркі Брэнт упала да 50 даляраў за барэль. Гэта мінімум зь лета 2017 году.

ВУП, сярэдні заробак, курс — што будзе зь імі далей?

Дракахруст: З вашых тлумачэньняў я зразумеў, што нічога катастрафічнага ў эканоміцы не адбылося. Прынамсі пакуль. А якія вашы прагнозы — яно так пойдзе і далей? ВУП, сярэдні заробак, курс будуць зьніжацца і далей? Калі так, то як хутка? Вось Яраслаў Раманчук не выключае, што ў канцы году курс складзе 3 рублі за даляр. А вы як мяркуеце — гэтыя парамэтры стабілізуюцца?

Вадзім Іосуб
Вадзім Іосуб

Іосуб: У розных паказьнікаў будзе розная дынаміка. Што тычыцца сярэдняга заробку, то ён стабілізуецца пачынаючы зь лютага. Далей можа быць невялікі рост, прынамсі, да прэзыдэнцкіх выбараў. Прычым гэты рост будзе тычыцца ў першую чаргу бюджэтнікаў, да выбараў будуць імкнуцца вытрымліваць нарматыў, каб сярэдні заробак бюджэтнікаў быў не ніжэйшы за 70 % ад сярэдняга па краіне. Гэта чыста палітычны момант. І, здаецца, рэсурсы на гэта ў бюджэце заплянаваныя.

Што да курсу, то тут прагноз зрабіць складана. Мы ня ведаем, чым скончыцца нафтавы канфлікт з Расеяй, ці зьявяцца новыя кантракты на продаж калійных угнаеньняў у Кітай. Каранавірус гэтаму не спрыяе.

Па нафце вялікая няпэўнасьць. І, на жаль, вельмі шмат несапраўднай інфармацыі наконт альтэрнатыўных крыніцаў нафты. То гаворыцца, што знайшлі 5 малых кампаніяў, якія будуць пастаўляць нафту. Потым гаворыцца пра дастаўку нафты двума танкерамі праз Украіну і Літву, далей пацьвярджаецца інфармацыя пра адзін танкер. Гэта ня самая спрыяльная сытуацыя для прагнозаў.

Чубрык: Ніхто з нас ня Бог, каб рабіць дакладныя прагнозы. Мы цяпер моцна залежым ад таго, што адбываецца ў сусьветнай эканоміцы. У дадатак да нафтавай нявызначанасьці ёсьць нявызначанасьць са станам сусьветнай эканомікі наагул.

Вадзім ужо казаў пра ўплыў каранавірусу на калійны кантракт. Калі ёсьць падзеньне сусьветнай эканомікі, падзеньне расейскай эканомікі, зьніжэньне попыту на беларускую прадукцыю, мы можам чакаць уплыў і дадатковых чыньнікаў, якія будуць пагаршаць стан нашай эканомікі. Мы моцна залежым ад дэвальвацыйных чаканьняў насельніцтва і бізнэсу. Калі гэтыя чаканьні будуць узмацняцца, людзі будуць прад’яўляць большы попыт на валюту.

Нягледзячы на тое, што выбары блізка, сапраўды шмат рознага кепскага адбываецца ў сусьветнай эканоміцы. І гэта ня будзе прыдумкай, маўляў, сьвет супраць нас і таму мы ня можам падняць заробкі. Але ж і сапраўды сытуацыя ў сусьветнай эканоміцы нашмат горшая, чым гэта можна было прагназаваць яшчэ ў сьнежні. Таму мы ня можам быць занадта шчодрымі. І можна чакаць больш жорсткай фіскальнай палітыкі ўладаў, каб не дапусьціць валютнага крызісу.

Колькі нафты купіла Беларусь сёлета?

Дракахруст: Вадзім ужо адзначыў, што няпэўнасьць на нафтавым рынку працягваецца. Гаворыцца пра пастаўкі нафты ад 5 невядомых расейскіх кампаніяў, пра танкеры, якія ці то вязуць ці то не вязуць нафту для Беларусі. Да таго ж гучаць супярэчлівыя заявы пра тое, што на нафтавым рынку было ў студзені-лютым.

Лукашэнка перад паездкай у Сочы казаў, што ў студзені Беларусь атрымала толькі чвэрць нафты ў параўнаньні з заплянаваным аб’ёмам, прадугледжаным індыкатыўным балянсам.

А днямі «Белнафтахім» паведаміў, што магутнасьці беларускіх НПЗ былі загружаныя на 50 %. І віцэ-прэм’ер Ігар Ляшэнка таксама заявіў, што Беларусь атрымала палову ад патрэбаў у нафце. Дык палову ці чвэрць? Ці ў студзені — чвэрць, а за два месяцы — палову?

Чубрык: Дадзеныя па зьнешнім гандлі прыходзяць са спазьненьнем на пару месяцаў. Надзейныя дадзеныя за студзень мы будзем ведаць у толькі ў сярэдзіне сакавіка.

Паміж тым, колькі мы атрымалі нафты ў Расеі, і тым, наколькі загружаныя нашыя НПЗ, можа быць розьніца. Мы ж перапрацоўваем і сваю нафту. Да таго ж можна па рознаму лічыць. Гаворыцца, што нашы заводы могуць перапрацоўваць 24 мільёны тонаў за год. Але найбольш эфэктыўны аб’ём — гэта недзе 18 мільёнаў тон. Навошта загружаць іх на 100 %, калі эфэктыўна — толькі на 80 %.

Таму ня выключана, што яны працавалі на 50 % ад мінімальнай загрузкі, а нафты атрымалі на чвэрць ад заплянаванай.

Тут абодва бакі дадаюць нявызначанасьці. На гэта спрацоўваюць і словы, якія гаворацца, і маўчаньне.

Мяркую, што пэўныя дадзеныя мы атрымаем толькі тады, калі пытаньне так ці інакш будзе вырашанае. Думаю, што імпарт нафты адновіцца, хоць і ня ў тых аб’ёмах, у якіх мы спадзяваліся.

Ці правільна Лукашэнка таргаваўся наконт нафты?

Дракахруст: Я днямі чытаў інтэрвію з новым кіраўніком Банку разьвіцьця Андрэем Жышкевічам. Яго спыталі — наколькі плённая і абгрунтаваная жорсткая тактыка беларускага боку ў нафтавых перамовах? У канцы 2019 году Лукашэнка тэлефанаваў Пуціну. Можна меркаваць, што Пуцін яму прапанаваў нейкую формулу цаны на нафту. Магчыма, з той самай прэміяй нафтавым кампаніям. А Беларусь заўпарцілася. Вынікам упартасьці стала тая няпэўнасьць, якую мы назіралі на нафтавым рынку ў студзені-лютым. А можа, яно таго варта? Бывае так, што жорсткасьць, упартасьць прыводзіць да перамогі.

Новы кіраўнік Банку разьвіцьця на пытаньне адказаў — я не магу судзіць, я ня ведаю ўсіх дэталяў, каб ацаніць гэтую перамоўную тактыку. А вы можаце яе ацаніць?

Іосуб: Пытаньні цаны на газ і нафту і цяпер ёсьць, і заўсёды былі ня чыста эканамічнымі, але палітыка-эканамічнымі. Беларусь і Расея ў гэтай спрэчцы вырашалі розныя праблемы.

На паверхні тое, што Беларусь хоча купіць таньней, а расейскія нафтавыя кампаніі — прадаць даражэй. Але на працягу мінулага году Расея выкарыстоўвала перамовы па нафце і газе як мэханізм прымусу да больш шчыльнай інтэграцыі, у кантэксьце «дарожных мапаў», асабліва 31-й, у якой суцэльныя жахі — агульная валюта, агульны парлямэнт.

Зь іншага боку, у Лукашэнкі ўнутры краіны заўсёды быў палітычны вобраз чалавека, які вырашае праблемы з Расеяй. Мне здаецца, што цяпер, у бягучым палітычным цыклі, яму было важна паказаць, што ён па-ранейшаму можа вырашаць праблемы з Расеяй.

Гэта прывяло да пэўнага парадоксу. Калі б тэарэтычна мы ў сьнежні тупа пагадзіліся на ўмовы Расеі прынамсі на 2020 год і не таргаваліся б за прэмію расейскім кампаніям, то гэтая нафта ўсё роўна заставалася б таньнейшай за любую іншую нафту зь іншых, нерасейскіх крыніцаў. Я мяркую, што гэтая больш дарагая на памер прэміі нафта была б меншым злом, чым недазагрузка НПЗ напалову.

Але пагадзіўшыся на гэта, кіраўнік дзяржавы ня вырашыў бы свае палітычныя праблемы, не прадэманстраваў бы сябе чалавекам, які вырашае пытаньні з Расеяй. І ўтварыўся пэўны клінч паміж эканамічнымі і палітычнымі інтарэсамі.

Пытаньне з прэміяй усё роўна трэба было раней ці пазьней вырашаць. Экспартнае мыта ў працэсе расейскага падатковага манэўру будзе зьмяншацца, і калі прэмія застанецца, то ў мы б сапраўды ў пэрспэктыве выйшлі на цэны вышэйшыя за сусьветныя.

Дракахруст: Аляксандар, а як вы ацэньваеце гэтую тактыку торгу беларускага боку? Вадзім сказаў, што Лукашэнка хацеў умацаваць, пацьвердзіць свой імідж здабытчыка, асобы, якая можа дамаўляцца з Масквой. А хіба ён не прадэманстраваў абсалютна адваротны імідж?

Ён сапраўды раней казаў — у краіне адзін палітык, я ўсе пытаньні сам вырашу з Пуціным. Ну дык усе бачаць, як ён вырашыў.

Чубрык: У нас на гэты конт тэалягічны дыспут у найгоршым сэнсе гэтага слова. Мы проста банальна ня ведаем ніводнай дэталі перамоваў, ніводнай умовы, якая насамрэч была выстаўленая Беларусі. І пры гэтым мы спрабуем ацаніць паводзіны бакоў.

Нехта кажа, што Лукашэнка з Пуціным дамовіліся падыграць адзін аднаму. Няма Крыму, на якім можна павялічваць рэйтынг, дык можна павялічваць рэйтынг на абароне незалежнасьці. Гэта ўсё варыянты альтэрнатыўнай рэальнасьці.

Для мяне відавочна і заўсёды было відавочным, што формула «незалежнасьць у абмен на танную нафту» ніколі не была на парадку дня.

Расея скарысталася тым, што сканчаюцца кантракты, і тым, што ў Беларусі наступае выбарчы год. І яна спрабуе атрымаць ад Беларусі нешта, што ёй трэба. Што ёй трэба — цяжка сказаць. Відавочна, што незалежнасьць тут не разглядаецца.

Але таксама відавочна, што тое, што яна хацела. не захацеў даваць беларускі бок.

Мы цяпер гаворым, што ўсё пытаньне ў 10 далярах прэміі, маўляў, пагадзілася б Беларусь і пытаньне было б вырашанае яшчэ ў канцы сьнежня.

Але ня выключана, што гэтыя плюс 10 даляраў фактычна пазбаўлялі сэнсу экспарт нафтапрадуктаў на пэўную адлегласьць. Мы ня ведаем дакладнай эканомікі працэсу.

І тут варта сказаць пару словаў пра асаблівасьці нашага эканамічнага дыскурсу. Вось усе кажуць — добра было б правесьці дывэрсыфікацыю паставак нафты, добра было б зьменшыць залежнасьць ад расейскай нафты.

А цяпер мы кажам — закупы альтэрнатыўнай нафты эканамічна немэтазгодныя, трэба было пагадзіцца на расейскія ўмовы, пра якія мы ня ведаем.

Гэта ня вельмі шчырыя паводзіны. Мы ў гэтым парушаем пэўныя правілы стаўленьня да фактаў.

У гэтай сытуацыі цяжка сказаць, хто што выйграў, таму што мы ня ведаем, якія былі стаўкі ў гульні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG