Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іранскія «вартаўнікі Канстытуцыі» адхілілі ад парлямэнцкіх выбараў 9000 кандыдатаў


Іранцы 21 лютага галасуюць на парлямэнцкіх выбарах, на якіх усе кандыдаты былі папярэдне ўхваленыя ісламскімі клірыкамі, а тысячы заявак ад рэфарматараў і памяркоўных сілаў адхіленыя, расказвае Радыё Фарда, іранская служба Свабоды.

Да выбараў дапусьцілі 7148 кандыдатаў. Іх зацьвярджала Рада вартаўнікоў Канстытуцыі — надпарлямэнцкі орган накшталт канстытуцыйнага суду, у які 6 чальцоў прызначае парлямэнт і 6 — кіраўнік дзяржавы.

Рада вартаўнікоў Канстытуцыі адхіліла каля 9 тысяч кандыдатаў, якія хацелі пазмагацца за крэсла ў Кансультацыйнай радзе, 290-мясцовым парлямэнце.

У лік адхіленых кандыдатаў трапілі 90 дэпутатаў мінулага скліканьня — многія былі вядомыя як рэфарматары або памяркоўныя палітыкі.

Улады Ірану чакаюць на выбарах яўкі каля 50% з 58 мільёнаў выбарнікаў у 31 правінцыі. На мінулых парлямэнцкіх выбарах у 2016 годзе яўка склала каля 60%. Найвышэйшы кіраўнік Ірану аятала Алі Хамэнэі перад выбарамі казаў, што галасаваньне — «рэлігійны абавязак», а таксама заклікаў галасаваць датэрмінова.

Выбары праходзяць на тле пратэстаў і незадаволенасьці іранцаў карупцыяй ва ўладзе і пагаршэньнем эканамічнага стану, а таксама скандалам са зьбіваньнем украінскага самалёта і амэрыканскай палітыкай «максымальнага ціску».

Перад выбарамі Злучаныя Штаты ўвялі санкцыі супраць пяці чыноўнікаў іранскай выбарчай сыстэмы, у тым ліку старшыні Рады вартаўнікоў канстытуцыі, ультракансэрватыўнага клерыка Ахмада Джанаці. Санкцыі ўвялі за «адмаўленьне іранцам у праве на вольныя і справядлівыя выбары».

Дзяржаўны сакратар ЗША Майк Пампэо заявіў, што «клірыкі, падобныя да Джанаці, пазбаўлялі іранскі народ рэальнага выбару цягам 41 году».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG