Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Кідаюць драты на зубы і геніталіі, устаўляюць у задні праход» — украінскі журналіст пра зьняволеньне ў «данецкім Дахаў»


Станіслаў Асееў пасьля вызваленьня 29 сьнежня 2019 году.
Станіслаў Асееў пасьля вызваленьня 29 сьнежня 2019 году.

Украінскаму журналісту Станіславу Асееву 30 гадоў. 29 сьнежня яго вызвалілі з данбаскага палону ў межах абмену паміж так званымі «ДНР» і Ўкраінай. У месцах зьняволеньня, адно зь якіх Асееў называе канцлягерам, «данецкім Дахаў» мужчына правёў два з паловай гады. Мы сустрэліся са Станіславам Асеевым у праскім офісе Свабоды.

Станіслаў Асееў
Станіслаў Асееў

Журналіст прызнаецца, што дагэтуль яму цяжка спаць з выключаным сьвятлом і ён аўтаматычна намагаецца ўстаць, калі нехта заходзіць у пакой. У канцлягеры, тлумачыць Асееў, спалі з уключаным сьвятлом, і кожны раз, калі ў камэру заходзілі супрацоўнікі адміністрацыі, зьняволеныя мусілі адразу ўскокваць, адварочвацца тварам да акна і надзяваць на галаву пакет.

Ці можа данбаскі сцэнар паўтарыцца ў Беларусі?

Станіслаў прызнаецца, што да пачатку вайны на ўсходзе Ўкраіны быў прадстаўнікоў «русскога мира».

«Ідэалягічна я быў блізкі да гэтых людзей заўсёды, але, калі пачаўся канфлікт, я сказаў, што „ДНР“ — гэта не мая гісторыя, якія б разьдзелы раманаў Дастаеўскага ў галаве ні былі. Тое, што я ўбачыў 1 сакавіка на першым сэпаратысцкім мітынгу і ў далейшым, адштурхнула мяне канчаткова. Калі ў 2014 годзе пачалася вайна, усе гэтыя рэчы пра „русский​ мир“, асаблівую гісторыю Расейскай Фэдэрацыі, яе духоўную місію, процістаўленьне Расеі Захаду, усё гэта выветрылася канчаткова».

Практычна ўсе сябры дзяцінства Станіслава прынялі бок сэпаратыстаў. Журналіст тлумачыць гэта «катастрафічнай гуманітарнай палітыкай уладаў Украіны ў гэтым рэгіёне на працягу ўсяго пэрыяду незалежнасьці, а дакладней, поўнай яе адсутнасьцю».

«Я ўспамінаю, якія фільмы мы глядзелі, на якой музыцы былі выхаваныя, якія ідэі нам навязвалі. Гэта былі парасткі таго, што цяпер ёсьць у Данецку. Цяпер там дзеці вучаць геаграфію, якая заканчваецца „Данецкай народнай рэспублікай“».

Пытаемся ў Станіслава, ці можа данбаскі сцэнар паўтарыцца ў Беларусі.

«Я ня ведаю беларускіх рэалій, але для таго, каб ён не паўтарыўся, усё ж неабходна хаця б мінімальнае нацыянальнае ядро, якое будзе супрацьстаяць. Трэба гуляць на супрацьпастаўленьні. Ёсьць тэрыторыя Данбасу, ёсьць „русский​ мир“, ёсьць людзі, якія хочуць размаўляць на расейскай мове. А ёсьць зусім іншы сьвет у Кіеве і на правабярэжнай Украіне, дзе спрабуюць укараніць нейкія каштоўнасьці. Калі ў Беларусі ёсьць такі нацыянальны антаганізм, то, напэўна, магчыма супрацьстаяць. Калі няма, то Беларусь можа чакаць значна горшы варыянт, чым нашу краіну, дзе забралі кавалачак зямлі. А ў вас тады пад пагрозай наогул дзяржаўнасьць».

«Вас працягваюць катаваць, і вы ўсё роўна падпісваеце»

Акцыя салідарнасьці ў Кіеве
Акцыя салідарнасьці ў Кіеве

Станіслаў Асееў працаваў пазаштатным карэспандэнтам украінскага бюро Свабоды ў Данецку. Яго затрымалі летам 2017 году праз абвінавачаньне ў шпіянажы.

«Шпіёнская справа — гэта наогул нейкі агульнасусьветны трэнд, — разважае Асееў. — Гэта тычыцца і ўзаемаадносінаў паміж Злучанымі Штатамі і Расеяй. І ад таго, што гэта вельмі ангажавана інфармацыйна, сапраўды незразумела, хто наогул мае дачыненьне да спэцслужбаў і працаваў на іх, а хто проста трапіў у палітычныя пэрыпэтыі і вымушаны ахвяраваць уласным лёсам».

Паводле Станіслава, у Данецку шпіёнам можа стаць любы чалавек, «на якога пакажуць пальцам».

«У іх заканадаўстве шпіянаж кваліфікуецца як збор, захоўваньне або перадача інфармацыі, якая можа несьці пагрозу бясьпецы „ДНР“. А гэта ўсё што заўгодна. Вы зрабілі фатаграфію адміністрацыйнага будынку — шпіён. Зрабілі фатаграфію крамы, у якую заходзілі так званыя апалчэнцы, — вы шпіён. Таму што яны ж там былі, вы ж маглі перадаць гэтую інфармацыю, значыць, там маглі зрабіць тэракт. У маім выпадку яны наогул не замарочваліся, таму што ў мяне была велізарная колькасьць журналісцкіх і публіцыстычных артыкулаў — гэта ўжо цягнула на кваліфікацыю „экстрэмізм, удзел у экстрэмісцкай супольнасьці“, пад якой яны маюць на ўвазе ўсіх журналістаў. Што тычыцца шпіянажу, там наогул усё вельмі проста. Вам проста даюць паперы з ужо гатовым сцэнарам вашай дзейнасьці. Вы проста іх падпісваеце ці не падпісваеце. Вас далей працягваюць катаваць, і вы ўсё роўна падпісваеце».

«У адной з камэраў чалавека загналі пад нары і прымусілі брахаць»

Большую частку зьняволеньня Станіслаў правёў у так званай «Ізаляцыі» — падпольнай турме ў Данецку. Станіслаў называе гэтае месца канцлягерам.

«Калі браць не бытавыя ўмовы, а стаўленьне да людзей і тое, што там робяць з людзьмі, то гэта можна назваць канцлягерам, „данецкім Дахаў“. Там ёсьць і прыніжэньні, і катаваньні, і цяжкая фізычная праца, і згвалтаваньні — поўны набор ваенных злачынстваў, якія толькі могуць быць».

Станіслаў кажа, што яго зьбілі ў «Ізаляцыі» толькі аднойчы. Ён зьвязвае гэта з шырокай інфармацыйнай падтрымкай звонку.

«Яны [супрацоўнікі турмы] сказалі аднаму са зьняволеных, які сядзеў разам са мной у камэры і быў старэйшым, што пра Асеева паступіла распараджэньне „берагчы“. Катаваньні, празь якія я прайшоў, былі ў падвале на Шаўчэнкі, 26 — адміністрацыйным будынку Міністэрства дзяржаўнай бясьпекі так званай „ДНР“. А зь іншымі людзьмі, якія былі вакол мяне, усе жахі адбываліся кругласутачна. І з жанчынамі, і з мужчынамі».


Самыя жудасныя рэчы, якія бачыў у турме Асееў, зьвязаныя менавіта з катаваньнямі.

«Да іх празь нейкі час прызвычайваесься. У пэўны пэрыяд яны праводзілі іх проста побач з нашай камэрай, нават у падвал не спускалі людзей. Гэта было ў суседняй камэры, усё было чуваць, — расказвае журналіст. — Катавалі яны тых, каго толькі прывезьлі, калі трэба было выбіць паказаньні, каб яны нешта падпісалі. Але потым пачыналася тое, што ня мае дачыненьня ні да якой апэратыўнай працы, сьледчых дзеяньняў. У адну з начэй, калі чарговым разам яны хадзілі па камэрах і „ламалі“ людзей, у адной з камэраў чалавека загналі пад нары і прымусілі брахаць. Гэта была суседняя са мной камэра. Я чуў усё, што адбываецца. Напэўна, гэта адно з самых моцных уражаньняў у гэтым месцы».

«Усю чорную працу — катаваньні, пабоі, зьдзекі — робяць мясцовыя»

Вызваленьне Станіслава Асеева. 29 сьнежня 2019 году.
Вызваленьне Станіслава Асеева. 29 сьнежня 2019 году.

Па словах Станіслава, у «Ізаляцыі» працавалі толькі жыхары Данбасу.

«Расейцы там [у „ДНР“] пачынаюцца з узроўню намесьніка міністра і вышэй. Чалавек, які дапытваў мяне ў першыя суткі арышту, на той момант быў адным з намесьнікаў так званага міністра дзяржбясьпекі. Гэта кадравы афіцэр адпаведнага рэзэрву ФСБ. Я магу пра гэта дакладна казаць, таму што, калі я ўжо апынуўся тут, высьветлілася, што нашым спэцслужбам ён ужо вельмі добра вядомы.

Усю чорную працу — катаваньні, пабоі, зьдзекі — робяць выключна мясцовыя. Гэта людзі з былога МУС, СБУ. Расейцы вельмі рэдка ў гэта ўмешваюцца, калі ёсьць выключныя выпадкі. І тое, як правіла, яны проста назіраюць. У „Ізаляцыі“ яшчэ было некалькі ўкраінскіх вайскоўцаў, якія перайшлі на бок сэпаратыстаў у 2014 годзе.

У вайсковых карпусах усё ўладкавана па-іншаму: там расейцы пачынаюцца з узроўню ротных і іх намесьнікаў. Тыя сэпаратысты, якія сядзелі са мной, пастаянна апісвалі ўсе гэтыя сытуацыі. Таму што, калі яны трапляюць у гэтае месца і іх свае ж уласныя людзі „ламаюць“, зьдзекуюцца і пагражаюць сем’ям, ужываюць яшчэ больш жорсткія меры, чым да нас, у гэтых людзей ніякіх ілюзій ужо не застаецца, і яны адкрыта кажуць пра ўсё».

У «Ізаляцыі», кажа Асееў, кожны раз, калі ў камэру заходзілі супрацоўнікі адміністрацыі, зьняволеныя павінны былі адразу ўскокваць, адварочвацца тварам да акна і надзяваць на галаву пакет.

«Калі не пасьпееце ўстаць да таго, як зойдзе нехта з адміністрацыі, вас пачнуць біць адразу ж. Гэтая сыстэма дзейнічае кругласутачна. Пакеты для таго, каб не бачылі, хто зайшоў. І пакет вы павінны знайсьці самі. Як правіла, чалавека ўжо прывозяць у пакеце. Пад рукой заўсёды павінен быць пакет — сьмецьцевы або поліэтыленавы. Галоўнае, каб ён ня быў празрыстым і вы ня бачылі, хто стаіць. Яны ў балаклавах, але ўсё роўна гэта мэтад псыхалягічнага ўзьдзеяньня. Мне дазволілі зьняць пакет праз 8 месяцаў знаходжаньня там».

«Калі вам кідаюць драты на зубы ці геніталіі, ці ўстаўляюць у задні праход, вы гэтага ня вытрымаеце»

Станіслаў Асееў у праскім офісе Свабоды
Станіслаў Асееў у праскім офісе Свабоды

Паводле Асеева, ва ўмовах зьняволеньня, празь якое ён прайшоў, не застаецца выбару, агаварыць сябе ці не — у любым выпадку рана ці позна гэта адбудзецца.

«Я заўсёды кажу, што ў тым месцы ні пра які гераізм гаворкі не ідзе. Пытаньне толькі ў тым, ці захочуць вас даціснуць. Там ёсьць розныя ўзроўні ўзьдзеяньня. Самы просты, які мы нават не лічылі за ўзьдзеяньне — гэта пабоі. Калі вас бʼюць, перажыць гэта можна. Быў выпадак, калі чалавека забілі да такой ступені, што ён трапіў у рэанімацыю. Але гэта ўсё роўна фізычна вытрымаць можна.

Далей наступае стадыя катаваньняў. Катаваць таксама можна па-рознаму. Мне, напрыклад, кідалі драты на пальцы і вушы. Гэта самы просты спосаб, які да нейкага моманту трываць можна. Але далей яны будуць павялічваць сілу току, у вас пачнуцца апёкі, вы будзеце адключацца і страціце здароўе. А калі вам кідаюць драты на зубы ці геніталіі, ці ўстаўляюць у задні праход, вы гэтага ня вытрымаеце. І пяці сэкундаў не пратрымаецеся, падпішаце абсалютна ўсё. Але, выкажам здагадку, што ў чалавека ёсьць нейкая паталёгія мозга і ён па-асабліваму пераносіць боль, ён змог прайсьці і гэты этап. Далей надыходзіць этап сэксуальнага гвалту. Вас „апусьцяць“, проста згвалцяць. Вы гатовыя прайсьці праз гэта? Я сумняваюся.

Ну а калі і гэты этап будзе пройдзены, хоць я такіх людзей ня бачыў, наступаюць пагрозы ў дачыненьні да блізкіх. Гэта значыць, чалавека абапіраюць аб стол, яму разрываюць штаны і кажуць — спачатку мы цябе „апусьцім“, а потым прывязем тваю жонку і пусьцім па коле, а ты на гэта будзеш глядзець. І вось калі вы прайшлі ўсе тры этапы і наступіў чацьвёрты і вы гатовыя тое ж самае зрабіць са сваімі блізкімі, то ці чалавек вы наогул? Як пасьля гэтага жыць? Таму варыянтаў не агаварыць сябе няма».

«Увесь час спалі з уключаным сьвятлом»

Станіслаў Асееў
Станіслаў Асееў

Станіслаў Асееў на волі ўжо амаль два месяцы, але яму дагэтуль цяжка спаць. Усё з прычыны таго, што амаль увесь час знаходжаньня за кратамі ён і іншыя зьняволеныя спалі з уключаным сьвятлом.

«Ва ўсіх гэтых месцах, дзе я сядзеў, за выключэньнем лягеру, нельга было выключаць сьвятло. І цяпер, калі я трапіў у іншыя ўмовы, калі могуць выключыць сьвятло ў любы момант, для мяне гэта праблема. Я яго выключаю і адчуваю псыхалягічны дыскамфорт.

У „падвале на Шаўчэнка, 26“ можна было ляжаць і спаць на працягу ўсіх сутак знаходжаньня там, пакуль вас не забяруць. Хтосьці ляжаў проста на дзьвярах. У мяне быў невялікі бальнічны тапчан. Мне ў гэтым сэнсе пашанцавала, хаця б было на чым ляжаць. Хтосьці нават накрываўся дзьвярыма, таму што было вельмі халодна. У траўні і чэрвені з роту ішоў пар. Але там са сном праблем не было, таму што хаця б дазвалялі. Іншая справа, ці зможаце вы ў такой сытуацыі заснуць.

Часам людзей у гэтым склепе прымушалі стаяць на працягу трох сутак. І нельга было нават прысесьці. Як толькі яны садзіліся, ім адразу ж адбівалі ныркі. Пра сон не ішла гаворка, проста трэба было выстаяць.

У „Ізаляцыі“ ўдзень спаць было цяжка. Нейкі час там было забаронена і сядзець на нарах. Мы маглі альбо хадзіць, альбо сядзець за сталом, калі ён быў. Там ёсьць камэра для новапрыбылых. Ім забаронена сядзець на нарах, яны трымаюць сьценку — калі чалавек стаіць каля сьцяны, кладзе на яе рукі вышэй за галаву і стаіць так некалькі сутак, пакуль не ўпадзе.

Тым, хто адседзеў год-два, было дазволена ляжаць на нарах. Але там вы пад пастаянным наглядам, таму ўдзень можна спаць на свой страх і рызыку».

Мужчына раказвае, што трымацца ў зьняволеньні яму дапамагала каханьне да жанчыны, зь якой Станіслаў пазнаёміўся праз сацсеткі яшчэ да зьняволеньня. Але Асееў не пасьпеў сустрэцца зь ёй — пляны на два з паловай гады зацягнула данбаская турма. Маладыя людзі сустрэліся ў Празе, за некалькі дзён да нашай размовы са Станіславам.

«Як пісаў Віктар Франкл, у каго ёсьць „навошта“, той вытрымае любое „як“. Вам трэба проста знайсьці гэтае „навошта“. У мяне была каханая, за гэта „навошта“ і чапляўся».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG