Судовыя органы гэтак званай «ДНР» асудзілі Станіслава Асеева, аўтара калёнак для праекту Свабоды «Донбас.Реалии», на 15 гадоў пазбаўленьня волі.
Украінская служба Радыё Свабода паведамляе, цытуючы сайты зь непадкантрольнага Ўкраіне Данбасу, што «пракуратура ДНР» абвінаваціла Асеева ў «арганізацыі экстрэмісцкай арганізацыі», «шпіянажы», «падбухторваньне да шпіянажу», «публічных закліках да экстрэмісцкай дзейнасьці», «публічных закліках да дзеяньняў, накіраваных на парушэньне тэрытарыяльнай цэласнасьці».
Прэзыдэнт Радыё Свабода Джэймі Флай асудзіў рашэньне адносна Станіслава Асеева, кажучы, што ён выконваў свае журналісцкія абавязкі і што прысуд зьяўляецца «спробай расейскіх сэпаратыстаў у Данецку прытупіць яго магутны, незалежны голас». Флай заклікаў да неадкладнага вызваленьня Асеева.
Станіслаў Асееў пасьля пачатку расейска-ўкраінскага канфлікту не пакінуў Данецку і пад псэўданімам Васін публікаваў рэпартажы пра сытуацыю на непадкантрольнай афіцыйнаму Кіеву тэрыторыі. У чэрвені 2017 году ён быў затрыманы супрацоўнікамі так званага «Міністэрства дзяржаўнай бясьпекі ДНР».