Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да Дня матчынай мовы завод «Луч» выпусьціў гадзіньнікі зь вершам «Зорка Вэнэра»


Да Міжнароднага дня матчынай мовы Менскі гадзіньнікавы завод «Луч» выпусьціў лімітаваную калекцыю гадзіньнікаў «Мова». На кампазыцыю іх натхніў верш Максіма Багдановіча «Раманс» («Зорка Вэнэра»).

Дзьве ўнісэкс-мадэлі — з чорным і сінім цыфэрблятам — выпушчаныя па 200 асобнікаў. Абедзьве з кварцавым мэханізмам, латунным корпусам і чорным скураным раменьчыкам, дыямэтар — 40,4 мм. Кожную прадаюць па 225 рублёў.

Зь пярэдняга боку на гадзіньніках толькі зорнае неба і лягатып заводу, але на зваротным боку выбітыя першыя радкі верша «Зорка Вэнэра».

«Сапраўдны шэдэўр лірыкі каханьня, верш пранізаны асаблівай цеплынёй, задушэўнасьцю, моцным пачуцьцем», — пішуць на сайце заводу пра твор Багдановіча.

Летась «Луч» выпускаў да Дня матчынай мовы калекцыю аднастрэлкавых гадзіньнікаў зь літарамі ДЖ і ДЗ.

«Раманс»

Зорка Вэнэра ўзышла над зямлёю,
Сьветлыя згадкі з сабой прывяла...
Помніш, калі я спаткаўся з табою,
Зорка Вэнэра ўзышла.
З гэтай пары я пачаў углядацца
Ў неба начное і зорку шукаў.
Ціхім каханьнем к табе разгарацца
З гэтай пары я пачаў.
Але расстацца нам час наступае;
Пэўна, ужо доля такая ў нас.
Моцна кахаў я цябе, дарагая,
Але расстацца нам час.
Буду ў далёкім краю я нудзіцца,
У сэрцы любоў затаіўшы сваю;
Кожную ночку на зорку дзівіцца
Буду ў далёкім краю.
Глянь іншы раз на яе, – у расстаньні
Там зь ёй зьліём мы пагляды свае...
Каб хоць на міг уваскрэсла каханьне,
Глянь іншы раз на яе...

Максім Багдановіч, 1912

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG