Пасол Расеі ў Беларусі Дзьмітрый Мезенцаў заявіў, што новы ўрад РФ зацікаўлены у працягу працы па паглыбленьні інтэграцыі з Беларусьсю на аснове падрыхтаваных летась 30 «дарожных мапаў», нягледзячы на спрэчку наконт ўмоваў пастаўкі энергарэсурсаў у Беларусь.
Пасол назваў цяперашнюю сытуацыю «спрэчкай гаспадарчых суб’етаў на нафтавым рынку». Пра гэтую заяву пасла паведаміла агенцтва «Интерфакс».
«Вынікам 2019 году зьяўляецца ўзгадненьне або збліжэньне пазыцый практычна па ўсіх 30 „дарожных мапах“. Гэта вельмі важны вынік, які пацьвярджае маштаб і глыбіню інтэграцыйнай працы», — сказаў Мезенцаў.
Паводле яго, у Расеі завяршаецца «наладжваньне новага кіроўнага складу ўрада». Пры гэтым пасол нагадаў, што празь некалькі дзён пасьля зацьвярджэньня новага складу ўраду адбылася сустрэча кіраўнікоў урадаў Беларусі і РФ Сяргея Румаса і Міхаіла Мішусьціна.
Пасол Мезенцаў таксама пракамэнтаваў «Нашай Ніве» інцыдэнт з пафарбаванымі ў чырвоны колер рукамі помніка расейскаму паэту Аляксандру Пушкіну:
«Я думаю, што публічнае асуджэньне гэтага ўчынку ў асяродзьдзі літаратараў, пісьменьнікаў, інтэлігентных людзей, якімі славіцца Беларусь, павіннае быць самым вялікім пакараньнем для гэтага чалавека.
Вядома ж, гэта хуліганства, і праваахоўным органам Беларусі рашаць, якім павінна быць пакараньне. Але я не суддзьдзя, які працуе на беларускай зямлі.
Я са зьдзіўленьнем даведаўся пра гэты выпадак. Тое, што гэта не інтэлігентны ўчынак — абсалютна дакладна. Той падтэкст, які меў на ўвазе гэты малады чалавек, ніяк ня будзе падтрыманы беларускім грамадзтвам.
Грамадзкае непрызнаньне і адсутнасьць падтрымкі — найлепшая ацэнка, наколькі сьпелым, мудрым і інтэлігентным зьяўляецца беларускае грамадзтва», — сказаў пасол Расеі.
25-гадовы маладафронтавец Піліп Шаўроў здаўся міліцыі 19 студзеня. Цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА на Валадарскага, супраць яго заведзеная крымінальная справа па артыкуле «Хуліганства».