Трохмэтровы помнік Аляксандру Пушкіну адкрылі 11 кастрычніка ў Берасьці. Помнік гораду падаравала Расейскае ваенна-гістарычнае таварыства.
Што за бюст?
Помнік знаходзіцца ў Пушкінскім сквэры ў Берасьці.
Расейскі пасол Дзьмітрый Мезенцаў у сваім выступе нагадаў, што бюст — падарунак ад народа Расеі Брэсту да 1000-годдзя горада. Мезенцаў пракамэнтаваў заявы праціўнікаў усталяваньня бюсту:
«Я не думаю, што нам трэба неяк схіляць гэтых людзей да другой ацэнкі. Усе кропкі расставіць час і сьвет вакол».
Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль Ліс гаварыў пра сымвалічнасьць суседзтва двух вялікіх паэтаў — Адама Міцкевіча, у гонар якога названая вуліца, і Аляксандра Пушкіна, бюст якога ўсталяваны на гэтай вуліцы.
Што вядома пра арганізацыю, якая падаравала бюст?
Бюст Пушкіну Берасьцю падаравала Расейскае ваенна-гістарычнае таварыства.
- Арганізацыю ў 2012 годзе заснаваў Уладзімір Пуцін. Таварыства называе сябе пераймальнікаў традыцый Імпэратарскага ваенна-гістарычнага таварыства, якое існавала ў 1907-1914 гадах.
- Гэта шосты помнік, які арганізацыя ўсталявала за мяжой. Ранейшыя помнікі адкрылі ў Францыі, Сэрбіі, Грэцыі, Армэніі, Босьніі і Герцагавіне. Адзін з апошніх помнікаў, які ўсталявала таварыства — помнік Міхаілу Калашнікаву ў Маскве.
- Таварыства прапагандуе вайсковую гісторыю Расеі, а таксама адмаўляе сталінскія рэпрэсіі ў Карэліі. Для гэтага ўдзельнікі арганізацыі праводзілі свае раскопкі.
- Таварыства правяло больш 40 вайсковых фэстываляў і летнікаў. У 2014 годзе арганізацыя зладзіла Крымскі вайскова-гістарычны фэстываль.