Лінкі ўнівэрсальнага доступу

YouTube 15 гадоў. Якія беларускія каналы самыя папулярныя. ВІДЭА


Фота ©Shutterstock
Фота ©Shutterstock

14 лютага 2005 году ў ЗША была заснаваная кампанія, якая стала на сёньня самым папулярным відэахостынгам у сьвеце. Беларуская лякалізацыя YouTube зьявілася толькі празь дзесяць гадоў пасьля старту кампаніі — у кастрычніку 2015-га. Свабода сабрала некалькі самых папулярных беларускіх YouTube-каналаў.

Назва YouTube — гэта перафразаваны ангельскі жаргонны выраз boob tube, які на беларускую можна перакласьці як «тэлік» альбо «скрыня». Дзякуючы ўласнай тэхналёгіі стваральнікам YouTube удалося захаваць якасьць апублікаваных відэаролікаў, значна зьменшыўшы іх «вагу». Такім чынам, нават карыстальнікі з марудным інтэрнэтам маглі запампоўваць і праглядаць відэа безь вялікіх праблем.

Самае першае відэа

Першы ролік на YouТube зьявіўся 23 красавіка 2005 году. Яго аўтар і сузаснавальнік кампаніі, Джавэд Карым, расказваў пра свой візыт у заапарк. Пабачыць гэтае відэа можна дагэтуль. Яно працягваецца ўсяго 18 сэкунд і мае амаль 85 мільёнаў праглядаў.


Самы-самы

Амаль 15 мільёнаў падпісчыкаў, па 5-6 мільёнаў праглядаў кожнага роліка, сотні тысяч «лайкаў» пад кожным — усё гэта пра канал «А4» Улада Бумагі. Расказаць, што здымае ў сваім відэа самы папулярны беларус YouTube, справа няпростая. Лепш адзін раз самому паглядзець. Але папярэджваем, «разбачыць» усё гэта назад можа не атрымацца. Таму будзьце асьцярожныя. Вось тут самы сьвежы ролік.

Другі пасьля самага

Наступны па папулярнасьці, пасьля «А4», беларускі канал — TelblogNet. Ён мае ўтрая менш падпісчыкаў, колькасьць праглядаў вагаецца ад дзясяткаў тысяч да соцень тысяч. Тэматыка ролікаў самая розная. Можна даведацца пра топ-10 спосабаў уцячы з урокаў у школе, параўнаць фастфуд з рэстараннай ежай, атрымаць досьвед у кампутарных гульнях і рознае такое іншае.

Самы палітычны

Блогера Nexta (Сьцяпана Сьвятлова) шмат хто ведае па тэлеграм-канале. Аднак ён не менш актыўны і на YouTube. Канал вядзе з кастрычніка 2015 году, цяпер там 324 тысячы падпісчыкаў і амаль 83 мільёны праглядаў. У апісаньні каналу гаворыцца, што ён «інфармацыйна-забаўляльны».

Адзін з самых вядомых і прагляданых ролікаў (ёсьць падазрэньні, што яго мог паглядзець нават кіраўнік краіны) — «Lukašenka (Lukashenko). Criminal records». Па стане на 14 лютага 2020 году яго прагледзелі больш за 2 мільёны разоў. Як сьцьвярджае сам блогер, менавіта за працу над гэтым відэа затрымалі журналіста Ўладзімера Чудзянцова, якога афіцыйна абвінавачваюць у спробе перавозкі наркатычных рэчываў празь мяжу.

Самы беларускі

І на завяршэньне канал «Хата з краю» Паўла Берасьнёва. Ён прысьвечаны будаўніцтву ўласнага дома на вёсцы. Чым не «беларуская мара»? Весьці канал аўтар пачаў пасьля таго, як пераехаў з гораду ва ўласнае жыльлё і сутыкнуўся з мноствам невядомых раней гараджаніну праблем. За два гады на канал падпісаліся амаль 1300 чалавек. Агульная колькасьць праглядаў відэаролікаў дасягнула 250 тысяч. Сачыць за будаўнічымі прыгодамі Паўла, які свой канал вядзе па-беларуску, можна тут.

Самы сямейны

Канал «Семейка Z» стварыла сям’я з-пад Менску на пачатку 2016 году. У адносна кароткіх відэа можна назіраць, як дзеці жартуюць над сваімі бацькамі, а таксама забаўляюцца разам зь імі ў розных нестандартных сытуацыях. Канал мае ўжо 1,6 мільёна падпісчыкаў. Колькасьць праглядаў усіх апублікаваных відэа перавысіла 370 мільёнаў. У якасьці прыкладу вось вам ролік пра тое, як бацькі і дзеці разам будуюць невялічкі прыватны аквапарк.


Самы дзіцячы

Калі вы маеце малых дзяцей, то можаце паказаць ім канал Babyzyaka. Прынамсі, гэта зрабілі ўжо больш за мільён чалавек, якія на яго падпісаліся. Кароткія ролікі з цацачнымі пэрсанажамі пра простыя рэчы і простымі словамі — што яшчэ трэба малому! Адсюль сотні тысяч праглядаў. Уласна беларускага на гэтым канале вобмаль, але што паробіш.


Самы «жывы»

Канал «Народный репортёр» вядуць адразу два чалавекі — Сяргей Пятрухін і Аляксандар Кабанаў. Яны стварылі яго ажно ў верасьні 2013 году, аднак шырокую вядомасьць набылі адносна нядаўна. Асабліва папулярным канал стаў пасьля пачатку пратэстаў «акумулятаршчыкаў» у Берасьці. Канал на сёньня мае 31 тысячу падпісчыкаў і 7,5 мільёна праглядаў. Падпісацца на яго могуць тыя, хто любіць сачыць за скандальнымі падзеямі сацыяльна-эканамічнага жыцьця краіны ў жывым эфіры.


Самы небясьпечны

У першую чаргу для яго аўтара. «Хочу домой» Леаніда Пашкоўскага ў 2018 годзе атрымаў прэмію для найлепшага travel-блогера па вэрсіі чытачоў выданьня National Geographic Traveler. А ў мінулым стаў і найлепшым travel-блогам Рунэту. Канал прысьвечаны падарожжам, «у якія вы не паедзеце». Вядзе яго Пашкоўскі па-расейску, але беларускасьці сваёй не цураецца. Ролікі выходзяць сэзонамі, рэкляма ёсьць, але ненавязьлівая. Падчас прагляду некаторых відэа за Пашкоўскага насамрэч робіцца страшна. Як вось тут, напрыклад, у роліку пра Белуджыстан.

Свабода на YouTube

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG