5 чэрвеня беларускі відэаблогер Улад Бумага сабраў некалькі тысяч сваіх юных прыхільнікаў у менскім гандлёвым цэнтры. Людзей было вельмі шмат, сустрэчу спынілі празь цісканіну, пагражалі выклікаць АМАП. У гэты дзень бацькі даведаліся, што іхныя дзеці глядзяць відэаблогераў. Шмат у каго відэа Ўлада выклікалі ледзь не агіду: маўляў, гэта ж тупа і бязглузда!
Існаваньне відэаблогераў і іхная папулярнасьць — не навіна, Бумага не адзіны і далёка ня самы папулярны ў сьвеце малады відэаблогер. Шмат іншых маюць прадусараў, зарабляюць немалыя грошы на бязглуздых (з пункту гледжаньня дарослых) відэа, дзе паказваюць, як гуляюць у відэагульні, разьбіваюць аб галаву сырыя яйкі ці абмотваюцца туалетнай паперай.
Яшчэ ў 2013 годзе часопіс Variety пісаў пра самага папулярнага як тады, так і цяпер відэаблогера PewDiePie: «Калі Пʼюдзіпай — гэта галоўны талент Youtube, то нам усім гамон». Тым, што паказваюць папулярныя відэаблогеры, абураліся і да таго, і пасьля.
Але ці нармальна, што бацькі ня ведалі, што іхныя дзеці глядзяць такое? Ці трэба кантраляваць дзяцей і тое, што яны глядзяць на Youtube? Свабода зьвярнулася па камэнтар да дзіцячага псыхоляга Сьвятланы Дзядовай.
У дзяцей павінна быць шуфлядачка, куды не залезуць бацькі
«Калі казаць пра падлеткавы ўзрост, то заўсёды ёсьць частка дзіцяці, пра якую бацькі ня ведаюць. Вось ці кажам мы, што павінны пра чалавека ведаць наогул усё? Заўсёды ёсьць частка, якую чалавек хоча публічна паказаць, і частка, якую хоча пакінуць для сябе.
Наогул, як толькі дзіця пачынае нешта разумець, як толькі становіцца школьнікам, то добра, калі ў яго зьяўляецца свая шуфлядачка, куды ён можа свае рэчы складваць, а бацькі туды не залезуць.
І чым старэйшае дзіцё становіцца, тым больш павінна зьяўляцца тых кавалачкаў, пра якія бацькі ня ведаюць. З узростам ідзе шлях да таго, як дзіцё аддаляецца ад бацькоў. Яно і павінна адлучацца, каб стаць дарослым, каб жыць сваім жыцьцём. Дарослыя ж чым хочуць, тым дзеляцца. Адзін будзе нешта выкладваць на тым жа Facebook, іншы не — гэта вырашыць сам».
А калі ў шуфлядачцы спайсы?!
«Узрост узросту ня роўны, чым меншае дзіця, тым больш кантралюем, чым большае — тым менш. Трэба проста паназіраць за самім дзіцем, які ўвогуле яго псыхалягічны стан, які яго настрой і гэтак далей.
Нават калі паставіць дзіця пад поўны кантроль, ня факт, што яно ня вырвецца з-пад яго. Татальны кантроль можа якраз стаць прычынай невядома якіх паводзінаў гэтага дзіцяці! Татальны кантроль можа ўвесьці ў дэпрэсію, штурхнуць да неабдуманых рэчаў.
Як той казаў, адпускаем паступова. Прытрымліваеш, дзе хвалюесься; кантралюеш, дзе менш хвалюесься; недзе даеш свабоду. Гэта майстэрства бацькоўства: дзе больш увагі аддаць, а дзе адпусьціць.
Вядома, што інтэрнэт — такая рэч, якая найбольш усіх турбуе, бо гэта тое, чаго мы ня ведаем, там вельмі вялікія магчымасьці, добрыя і не зусім добрыя. Але гэта як выпусьціць дзіця на вуліцу: мала з кім пазнаёміцца, невядома, хто яму што прапануе!
Якая розьніца, ці гэта інтэрнэт, ці гэта вуліца? Пытаньне ў тым, каб больш глядзець на само дзіця».
Мне цяпер таксама глядзець відэаблогераў, каб зразумець дзяцей?
«Разумець, чым жыве цяпер дзіця, было б добра, бо было б пра што яшчэ паразмаўляць. Але калі гэта настолькі нецікава бацькам, калі гэта зрабіць з сабой па прымусе, то таксама нічога добрага не атрымаецца. У той жа час, калі бацькі гатовыя ведаць, чым жывуць дзеці таго ўзросту, як і іхнае ўласнае дзіця, то гэта будзе на карысьць».
Паводле пошукавых трэндаў Google, на момант публікацыі Ўлад Бумага значна менш папулярны за бонстыкі або старую відэагульню Minecraft. Зьвярніце ўвагу: папулярнасьць набіраюць цацкі, вядомыя пад назвай «фіджэт-сьпінэры».