У справе, якую дзяржаўныя СМІ называюць «справай банкіраў», 16 фігурантаў, і адзін зь іх — былы ахоўнік Аляксандра Лукашэнкі. У час сьледзтва ў атрымальнікаў хабару канфіскавалі звыш 1,65 млн даляраў, 62 тысячы эўра і звыш 1 кг золата.
Прэс-сакратарка Вярхоўнага суду Беларусі Юлія Ляскова анансавала пачатак суду ў справе аб хабары пры пастаўках тэлекамунікацыйнага абсталяваньня.
Вярхоўны суд пачне разглядаць яе 10 сакавіка ў 11.00 на адкрытым выязным паседжаньні ў судзе Маскоўскага раёну Менску. Адзін з адвакатаў прасіў закрыць справу, але гэтую просьбу не задаволілі.
Некаторыя пайшлі на ўгоду са сьледзтвам
Тым часам пяць абвінавачаных пайшлі на ўгоду са сьледзтвам, піша БелТА. У іх ліку:
- былы генэральны дырэктар «Белтэлекаму» Сяргей Сівадзедаў,
- былы кіраўнік Міжбанкаўскага разьліковага цэнтру Фэлікс Касьпяровіч,
- былы намесьнік старшыні галоўнага ўпраўленьня інфармацыйных тэхналёгій Нацыянальнага банку Андрэй Падгорны,
- прадстаўнік «АМТ-Груп Інтэрнэшнл» Міхаіл Прыгара і
- расеец Уладзімір Казанцаў — прадстаўнік кампаній «Смартлабс» і «УГМК-Телеком».
Пра дасудовае пагадненьне Сівадзедаў адзначыў, што ня толькі кампэнсаваў шкоду, але і выкрыў сьледзтву дзейнасьць двух іншых падазраваных — Пакрышкі і Жыліна.
Што за справа
2 сьнежня 2019 году КДБ паведаміў аб завяршэньні папярэдняга расьсьледаваньня крымінальнай справы па шматлікіх фактах атрыманьня і даваньня хабару падчас паставак у Беларусь тэлекамунікацыйнага абсталяваньня, кампутарнай тэхнікі і праграмнага забесьпячэньня.
Інфармацыя пра затрыманьне Ўцюрына зьявілася ў СМІ і тэлеграм-каналах яшчэ 29 красавіка. Расейскія мэдыя сьцьвярджалі са спасылкай на «абазнаныя крыніцы», што Ўцюрына затрымалі за неаднаразовыя і шматлікія «зьлівы» інфармацыі расейскім спэцслужбам. У КДБ Беларусі не камэнтавалі гэтую інфармацыю.
4 траўня КДБ Беларусі паведаміў, што Ўцюрын затрыманы пры атрыманьні хабару ў 148,6 тысячы даляраў ад прадстаўніка расейскай камэрцыйнай структуры за спрыяньне ў прасоўваньні яе інтарэсаў у Беларусі. Яму выстаўлена абвінавачаньне ў атрыманьні хабару (ч. 3 арт. 430 Крымінальнага кодэксу Беларусі). Пазьней Лукашэнка заявіў, што Ўцюрын трапіў у поле зроку праваахоўнікаў яшчэ да пераводу ў Савет бясьпекі.
Фігуранты справы — 16 чалавек. У час сьледзтва ў атрымальнікаў хабару канфіскавалі звыш 1,65 млн даляраў, 62 тысячы эўра і звыш 1 кг золата.
У атрыманьні хабару вінавацяць наступных:
- Андрэй Уцюрын, былы ахоўнік Аляксандра Лукашэнкі і былы намесьнік дзяржаўнага сакратара Савету бясьпекі Беларусі. Ён абвінавачваецца ў атрыманьні хабару не менш як на 190 тысяч даляраў ЗША і падбухторваньні да даваньня хабару.
- Фэлікс Касьпяровіч, старшыня праўленьня ААТ «Беларускі міжбанкаўскі разьліковы цэнтар».
- Андрэй Падгорны, намесьнік начальніка Галоўнага ўпраўленьня інфармацыйных тэхналёгій Нацыянальнага банку (Касьпяровіча і Падгорнага абвінавачваюць у сумесным атрыманьні хабару на суму ня менш за 868 750 даляраў ЗША).
- Ігар Кудасаў, начальнік Галоўнага ўпраўленьня плацёжнай сыстэмы і лічбавых тэхналёгій Нацыянальнага банку, абвінавачваецца ў атрыманьні хабару агулам ня менш як на 30 000 даляраў.
- Юры Зданевіч, дырэктар РУП «Інфармацыйна-вылічальны цэнтар Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь», — у атрыманьні хабару агулам на 82 500 даляраў.
- Аляксей Мілаванаў, начальнік упраўленьня інфармацыйнай бясьпекі Дэпартамэнту бясьпекі ААТ «АСБ „Беларусбанк“», — у атрыманьні хабару агулам на 27 000 даляраў.
- Сяргей Сівадзедаў, генэральны дырэктар РУП «Белтэлекам», — у атрыманьні хабару ў суме ня менш за 470 000 даляраў ЗША і 15 000 эўра.
- Юры Панамароў, выканаўчы дырэктар ААТ «Банк БелВЭБ», — у атрыманьні хабару агулам на 13 000 даляраў, а таксама атрыманьні выгады маёмаснага характару на суму 1000 фунтаў стэрлінгаў.
У даваньні хабару вінавацяць наступных:
- Уладзімер Жылін, фактычны кіраўнік ТАА «Мабільны сервіс», абвинавачваецца ў даваньні хабару на суму ня менш як 900 250 даляраў.
- Сяргей Пакрышка, суўладальнік і адзін з фактычных кіраўнікоў ТАА «Салідэкс ПІ» і ТАА «Салідэкс» (Менск), — у даваньні хабару на суму ня менш за 195 000 даляраў ЗША.
- Міхаіл Прыгара, прадстаўнік ЗІУП «АМТ-Груп Інтэрнэшнл», — у даваньні хабару агулам на 285 000 даляраў.
- Сяргей Шаркоў, грамадзянін Латвіі, суўладальнік СТАА «ДПА», — у даваньні хабару на суму ня менш як 53 000 даляраў.
- Аляксандар Край, прадстаўнік ТАА «Мабільны сервіс», — у даваньні хабару на суму 13 000 даляраў і прадстаўленьні выгады маёмаснага характару на суму 1000 фунтаў стэрлінгаў.
- Віталій Гарбачоў і Ўладзімір Казанцаў, прадстаўнікі кампаній «Смартлабс» і «УГМК-Телеком», грамадзяне Расейскай Фэдэрацыі, абодва — у даваньні хабару на суму ня менш як 190 000 даляраў.
- Уладзімер Томчанка, дырэктар ТАА «ТТ-Сувязьком» (Менск), — у даваньні хабару на суму ня менш за 9000 даляраў.
На час сьледзтва 12 падазраваных узялі пад варту, астатніх заключылі пад хатні арышт, вызвалілі пад заклад або падпіску аб нявыезьдзе.