Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта Лукашэнка прызначае на высокія пасады людзей з кампраматам. Тэзісы палітоляга


Аляксандр Лукашэнка
Аляксандр Лукашэнка

Нарэшце, 11 траўня, прыкладна праз тры тыдні пасьля падзеі, Аляксандр Лукашэнка пракамэнтаваў скандальную справу пра арышт намесьніка дзяржсакратара Рады бясьпекі Беларусі, былога начальніка Службы бясьпекі прэзыдэнта Андрэя Ўцюрына.

Сьцісла:

  • Доўгае маўчаньне пра гэты арышт было палітычна ня выгаднае Лукашэнку.
  • Кіраўнік дзяржавы паспрабаваў зьнізіць маштаб падзеі.
  • Ён катэгарычна адрынуў расейскі сьлед.
  • Ня першы выпадак, калі чыноўнікаў, на якіх ёсьць кампрамат, прызначаюць на адказныя пасады. Бо яны больш паслухмяныя.

Ня выгаднае доўгае маўчаньне

За апошнія тры тыдні ў мэдыях, найперш, расейскіх, прагучала шмат жахлівых вэрсій, зьвязаных з гэтым скандалам. Пісалі, што Андрэй Уцюрын быў расейскім шпіёнам, кантактаваў з былым амбасадарам РФ Міхаілам Бабічам, казалі пра змову сілавікоў, якую заўчасна раскрылі, нібыта ідуць ператрусы ў сілавых ведамствах.

Усе гэтыя інфармацыйныя ўкіды былі не на карысьць Лукашэнку. Яны стваралі ўражаньне, што ягоны рэжым ледзь трымаецца. Расейскія мэдыі выкарысталі гэты скандал дзеля чарговай псыхалягічнай атакі на афіцыйны Менск. Таму доўгае маўчаньне пра гэты арышт было палітычна ня выгаднае Лукашэнку.

Калі 30 ліпеня мінулага году телеграм-канал «Незыгарь» паведаміў сэнсацыйную «навіну», нібыта ў Лукашэнкі здарыўся «ішэмічны інсульт», яе перадрукавалі многія СМІ, тэма стала бурліва абмяркоўвацца ў сацыяльных сетках, то ўжо празь некалькі гадзін прэс-сакратарка кіраўніка краіны Натальля Эйсмант назвала гэтую інфармацыю «трызьненьнем». 31 ліпеня БТ паказала жывога і здаровага Лукашэнку. А яшчэ праз дзень ён нават прапанаваў журналістам яго памацаць для доказу таго, што інфармацыя пра яго дрэннае здароўе — фэйк. І тая рэакцыя была лягічнай і правільнай.

Цяпер жа Лукашэнка, нягледзячы на сэнсацыйныя чуткі, чамусьці чакаў цэлых тры тыдні, перш чым пракамэнтаваў падзею з арыштам Уцюрына. Што трохі дзіўна.

Вэрсія Лукашэнкі

Што ж сказаў цяпер Лукашэнка? Найперш, ён паспрабаваў зьнізіць маштаб падзеі: «Тут абсалютна няма нічога надзвычайнага, звычайная барацьба з карупцыяй... Тут абсалютна звычайнае крымінальнае злачынства».

Калі такое звычайнае, то навошта было яго так доўга хаваць, выклікаючы шматлікія чуткі і адна другой страшней сэнсацыйныя вэрсіі і гіпотэзы? Чакалі адмашкі з самога верху? Чаму яе не было?

Другі важны тэзіс Лукашэнкі. Ён катэгарычна адрынуў расейскі сьлед. «Гэта не мае ніякага дачыненьня да таго, што ён нібыта быў ці ледзь не агентам пасла Расеі. Калі ён быў агентам замежнага амбасадара, праз суткі б ужо ведалі пра гэта», — сказаў ён.

Апошняя заўвага асабліва цікавая. Зь яе вынікае, што за ўсімі амбасадарамі, у тым ліку за бліжэйшым саюзьнікам, беларускія спэцслужбы ўважліва сочаць, яны знаходзяцца «пад каўпаком у Вакульчыка». Ніякай асаблівай сэнсацыі ў гэтым няма, тым ня менш, прызнаньне знамянальнае.

Людзі, на якіх ёсьць вялікі кампрамат, прызначаюцца на высокія пасады

Яшчэ адзін важны момант. Лукашэнка заявіў, што ўжо паўтара-два гады адносна Ўцюрына былі падазрэньні наконт таго, што ён бярэ хабары. То бок чалавека, у дачыненьні да якога былі падазрэньні ў нядобрасумленнасьці, назначылі на высокую пасаду намесьніка дзяржсакратара Рады бясьпекі! Лёгіка вельмі дзіўная. Ён жа ўсе найважнейшыя дзяржаўныя сакрэты мог шмат разоў прадаць!

Прычым, гэта ня першы падобны выпадак. 30 траўня 2018 году пры атрыманьні хабару затрымалі інспэктура па Горадзенскай вобласьці, памочніка прэзыдэнта Сяргея Раўнейку. Лукашэнка тады казаў, што той «трапіў у поле зроку» праваахоўных органаў больш за паўтары гады да таго. «Скажу шчыра, тут перш за ўсё спрацавалі дэклярацыі аб даходах. Калі ішло кадравае вывучэньне, я задаў пытаньне, адкуль такая раскоша: аўтамабілі да дзясятка, кватэры да дзясятка», — заявіў беларускі тады Лукашэнка.

То бок, гэта не асобны выпадак, а цэлая сыстэма. Людзі, на якіх ёсьць вялікі кампрамат, прызначаюцца на высокія пасады. Такая кадравая палітыка. Навошта гэта робіцца? Не засталося ў кадравым рэзэрве прыстойных людзей? Думаю, справа ў іншым. Чалавек з кампраматам знаходзіцца на кручку. Ён больш палітычна ляяльны, паслухмяны, адданы, ён выканае любы загад, нават незаконны, у яго няма выйсьця. Гэта асабліва важна для людзей у пагонах. У выпадку нейкіх забурэньняў яны будуць абараняць Лукашэнку да канца.

Чаму Ўцюрына аб’явілі злосным карупцыянэрам?

Тады чаму ж Уцюрына затрымалі і аб’явілі злосным карупцыянэрам? Я б не адкідваў зусім вэрсіі пра расейскі сьлед (Дарэчы, хабар даваў прадстаўнік расейскай кампаніі). Але, калі прытрымлівацца афіцыйнай вэрсіі, то можна зрабіць выснову, што Ўцюрын пачаў браць зашмат (150 тысяч даляраў — вялікая сума для Беларусі), нахабна, перайшоў нейкую мяжу. Хто ж цяпер бярэ хабар наяўнымі, наўпрост з рук у рукі? А паводле афіцыйнай вэрсіі, адбылося менавіта так.

Цікава, які ж будзе далейшы лёс Андрэя Уцюрына? Асабліва з улікам падпісанага 10 траўня прэзыдэнцкага дэкрэту, паводле якога асуджаным за карупцыйныя злачынствы забаронена прадстаўляць умоўна-датэрміновае вызваленьне і замяняць неадбытую частку пакараньня больш мяккім.


Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG