Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каля паловы беларускіх кіроўцаў езьдзяць на машынах без тэхагляду


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Калі ў 2014 годзе збор дзяржаўнага мыта за дазвол на допуск аўтамабіля да ўдзелу ў дарожным руху ўсклалі на «Белтэхагляд», праца сыстэмы дзяржаўнага тэхагляду была «сур’ёзна падарваная», заявіў Interfax.by дырэктар прадпрыемства Юры Лянчэўскі.

Паводле яго, цяпер штогод зьніжаецца колькасьць беларусаў, якія праходзяць тэхагляд.

«Асабліва апошнія два гады — па 10% штогод. Гэта наўпрост зьвязана з тым, што пэрыядычна робяцца гучныя заявы, што падатак на допуск транспартнага сродку да дарожнага руху будзе адвязаны ад дзяржтэхагляду», — сказаў Лянчэўскі. Паводле яго, пасьля адной з такіх заяваў у сьнежні мінулага году ў студзені 2020-га падзеньне склала 40% у параўнаньні з пачаткам 2019 году.

Паводле дырэктара «Белтэхагляду», цяпер сярод аўтамабіляў, якія езьдзяць па дарогах Беларусі, колькасьць тых, якія не прайшлі тэхагляд своечасова, дасягае 50%. «Вынік — нэгатыўны ўплыў на дарожную бясьпеку», — кажа Лянчэўскі.

Паводле яго, у «Белтэхаглядзе» зацікаўленыя ў адвязцы падатку ад працэдуры праходжаньня тэхагляду і актыўна працуюць над тым, каб даць магчымасьць аўтаўладальнікам атрымліваць дазвол аддалена, пры дапамозе электроннай сыстэмы, каб разьвесьці гэтыя працэдуры.

Таксама Лянчэўскі мяркуе, што ў Беларусі можна было б значна прасьцей кантраляваць аплату названага падатку: напрыклад, увесьці падатак на аўтамабілі, як у Нямеччыне, аплату якога кантралявала б падатковая інспэкцыя, або зьвязаць тэхагляд з абавязковым страхаваньнем аўтамабіляў, як у Расеі, аднак «ні падатковая, ні страхавальнікі не жадаюць браць на сябе дадатковыя функцыі, усе знаходзяць аргумэнты супраць. І ўжо 6 гадоў тэхагляд, па сутнасьці, справы заганяецца ў тупік».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG