Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэсію здала, куратаркі больш ня бачыла. Што чуваць у дзяўчыны, якая зьняла відэа пра загон студэнтаў на выбары


Аліна Шмігель
Аліна Шмігель

Аліна Шмігель расказала Свабодзе, як на яе ўчынак адрэагавала адміністрацыя ўнівэрсытэту, і патлумачыла, чаму не шкадуе аб тым, што апублікавала відэаролік (у ім куратар групы настойліва тлумачыць студэнтам, чаму трэба прагаласаваць датэрмінова).

Першакурсьніца Інстытута сацыяльна-гуманітарнай адукацыі БДЭУ Аліна Шмігель стала вядомай у лістападзе мінулага году, калі за некалькі дзён да выбараў у Палату прадстаўнікоў апублікавала відэа з удзелам куратаркі сваёй групы Аксаны Аніскевіч.

На ім выкладчыца настойліва рэкамэндавала студэнтам прагаласаваць датэрмінова, ужываючы выразы «гэта ўсё адсочваецца», «вы павінны гэта зрабіць да нядзелі» і іншыя. Неўзабаве пасьля публікацыі роліка Аліна расказала Свабодзе, што яе ўчынак выклікаў рэзка нэгатыўную рэакцыю аднагрупнікаў. Некаторыя зь іх нават назвалі дзяўчыну «пацуком».

28 студзеня Аліна Шмігель здала апошні іспыт першай у сваім жыцьці сэсіі.

«Даходзілі чуткі ад студэнтаў старэйшых курсаў, што адна выкладчыца абяцала мяне заваліць на іспытах, — расказвае Аліна. — Але яна ўсё ж не зрабіла гэтага. Я нармальна адказала на пытаньні, усё было добра».

Па словах студэнткі, адносіны з аднагрупнікамі таксама выправіліся.

«З аднагрупнікамі цяпер нармальна, — расказвае Аліна. — Спачатку яны мяне недалюблівалі крыху. Але потым зразумелі, відаць, што ў гэтым няма ніякага сэнсу. І што адміністрацыя ніяк не рэагуе на тое, што я апублікавала відэа. Таму ўсё добра зь імі, мы нармальна размаўляем, канфліктаў няма».

Адміністрацыя БДЭУ на ўчынак першакурсьніцы ўвогуле ніяк не адрэагавала. Прынамсі, Аліна пра гэта нічога ня ведае. Ніякіх сустрэч з выкладчыкамі і адміністрацыяй з нагоды публікацыі роліка ў СМІ не было. Па словах Аліны Шмігель, адміністрацыя ўнівэрсытэту паводзіла сябе так, як быццам нічога ня здарылася.

«Было відаць, што выкладчыкі ведаюць пра мой учынак, — гаворыць Аліна. — Магчыма, яны абмяркоўвалі яго з маімі аднакурсьнікамі, але са мной не было ніводнай размовы. А вось куратарку нашу зьнялі з пасады. Цяпер у нас іншы куратар. Першую (Аксану Аніскевіч, якая на апублікаваным Алінай відэа заклікае ўдзельнічаць у датэрміновым галасаваньні. — РС) я пасьля таго выпадку бачыла літаральна некалькі разоў ля ўнівэрсытэту. Пасьля ўжо не, падчас сэсіі мы не сутыкаліся. Сустракацца са мной яна не спрабавала».

Аліна гаворыць, што плянуе працягваць вучобу ў БДЭУ, зьяжджаць за мяжу не зьбіраецца.

«Аб сваім учынку я ўвогуле не шкадую, — гаворыць Аліна. — Лічу, што я правільна зрабіла. І, як паказала сытуацыя, ня трэба баяцца. Нават калі нехта з аднагрупнікаў мне штосьці і казаў раней, то цяпер гэтага няма. Усе абсалютна нармальна рэагуюць. Ня трэба баяцца выказваць сваю думку, не трэба баяцца публікаваць відэа. Сваім учынкам я, напэўна, паказала, што гэты страх бессэнсоўны. Цяпер шмат хто лічыць, што лепш не высоўвацца, лепш прамаўчаць. Гэта ня так».

Аксана Аніскевіч адмовілася размаўляць са Свабодай, спаслаўшыся на недахоп часу. Па словах дырэктара Інстытуту сацыяльна-гуманітарнай адукацыі БДЭУ Аляксандра Лапцёнка, пасьля выпадку з публікацыяй відэа яна з уласнай ініцыятывы напісала заяву з просьбай вызваліць яе ад абавязкаў куратара групы першакурсьнікаў. Аксана Аніскевіч працягвае выкладаць у інстытуце.

Парлямэнцкія выбары-2019 у Беларусі. Што варта ведаць

Асноўны дзень галасаваньня на выбарах у Палату прадстаўнікоў сёмага скліканьня — ніжнюю палату Нацыянальнага сходу — 17 лістапада. Датэрміновае галасаваньне праходзіла ад 12 да 16 лістапада. Папярэднія вынікі сталі вядомыя 18 лістапада, ніводзін апазыцыянэр ня трапіў у Нацыянальны сход.

  • За 5 дзён датэрміновага галасаваньня на парлямэнцкіх выбарах у Беларусі, паводле ЦВК, прагаласавала 35,77% выбарнікаў. Незалежныя назіральнікі заяўляюць пра завышэньне яўкі больш чым у 2 разы.
  • Агулам у Палату прадстаўнікоў трапляе 110 дэпутатаў. Дэпутаты ніжняй палаты выбіраюцца паводле выбарчых акругаў, а не партыйных сьпісаў. Праўладная «Белая Русь» прапаноўвала выбіраць прынамсі палову дэпутатаў паводле партыйных сьпісаў (як, напрыклад, ва Ўкраіне), але ўлады гэтую ідэю адхілілі.
  • Галасаваць на выбарах у Палату маюць права усе паўналетнія грамадзяне Беларусі. Галасаваньне добраахвотнае і ня можа быць прымусовым. Скардзіцца на прымус да галасаваньня можна ў пракуратуру ці ў райвыканкамы.
  • Цяперашнія выбары адбыліся датэрмінова, хоць фармальна датэрміновымі ня лічацца. Тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — 4 гады. Але калі паміж выбарамі 2012 і 2016 гадоў прайшло 1449 дзён (3 гады, 11 месяцаў і 19 дзён), то паміж выбарамі 2016 і 2019-га пройдзе ўсяго 1162 дні (3 гады, 2 месяцы і 6 дзён).
  • Лукашэнка першапачаткова прапаноўваў правесьці выбары ў Палату на 7 лістапада — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына тлумачыла, што гэтак ня варта рабіць. Урэшце на гэты дзень прызначылі выбары ў Савет Рэспублікі.
  • Выбары ў Савет Рэспублікі — верхнюю палату Нацыянальнага сходу — прайшлі 7 лістапада без удзелу звычайных беларусаў. Па 8 дэпутатаў ад вобласьці і яшчэ 8 ад Менску выбралі на абласных сходах дэпутаты гарадзкіх і раённых саветаў, яшчэ 8 дэпутатаў мае права прызначаць (але звычайна прызначае ня ўсіх) асабіста Аляксандар Лукашэнка. Ніводную кандыдатуру не адхілілі.
  • Фракцый у Палаце прадстаўнікоў няма. Апазыцыя амаль не трапляе ў Нацыянальны сход. Так, у Палаце прадстаўнікоў шостага скліканьня толькі 2 са 110 дэпутатаў — не прыхільнікі Лукашэнкі: Ганна Канапацкая ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі і беспартыйная Алена Анісім, старшыня Таварыства беларускай мовы. У Савеце Рэспублікі апазыцыі няма.
  • Нацыянальны сход дзейнічае з 1996 году — пасьля таго як Лукашэнка распусьціў Вярхоўны Савет XIII скліканьня. Выбары дэпутатаў Нацыянальнага сходу першага скліканьня не праводзіліся, Лукашэнка проста прызначыў туды ляяльных яму дэпутатаў Вярхоўнага Савету.
  • Нацыянальны сход амаль не распрацоўвае законапраектаў (часьцей гэта робяць міністэрствы і ведамствы) і амаль ніколі не галасуе супраць. Рэкорд шостага скліканьня Палаты прадстаўнікоў — 10 галасоў (9%) супраць звужэньня паўнамоцтваў сваёй палаты.
  • Краіны Заходняй Эўропы і ЗША не прызнавалі свабоднымі і дэмакратычнымі ніякія выбары і рэфэрэндумы ў Беларусі пасьля 1994 году. На ўсіх выбарах назіральнікі адзначалі шматлікія парушэньні, пасьля давалі рэкамэндацыі, але Лукашэнка прасіў яго «не павучаць».
  • На выбары 17 лістапада выстаўлялі кандыдатаў прынамсі 7 апазыцыйных партыяў і шэраг рухаў. На ранейшых выбарах далёка ня ўсіх апазыцыянэраў рэгістравалі кандыдатамі або чальцамі выбарчых камісій.
  • На пачатак датэрміновага галасаваньня з 560 зарэгістраваных засталося 516 кандыдатаў. 33 самі зьнялі свае кандыдатуры, яшчэ адносна 13 скасавалі рэгістрацыю за парушэньні (6 зь іх — ад апазыцыйнай «Эўрапейскай Беларусі»). Ніводнай безальтэрнатыўнай акругі няма
  • Выбары каштавалі бюджэту каля 23 млн беларускіх рублёў. Лукашэнка кажа, што выбары «павінны прайсьці як сьвята», а Нацыянальны сход мае стаць «дыскусійнай пляцоўкай для дыялёгу дэпутатаў з рознымі поглядамі». Старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну «палохала цішыня» вакол выбараў, а 99% беларусаў лічаць, што ня могуць паўплываць на органы ўлады.
  • Як сьцьвярджае ЦВК, яўка на выбары склала 77,22%. На трох мінулых выбарах у Палату называлася яўка каля 74%, а рэкорд быў у 2004 годзе, калі называлася яўка 89,84%.
  • Паводле папярэдніх вынікаў, у Палату прадстаўнікоў ​прайшлі 66 мужчын і 44 жанчыны​; 30 дзейных дэпутатаў, 2 чалавекі ва ўзросьце да 30 гадоў, ніводнага апазыцыянэра.
  • Сярод вядомых беларусаў, якія трапляюць у Палату прадстаўнікоў, былая міністарка інфармацыі Лілія Ананіч, «Міс Беларусь-2018» Марыя Васілевіч, кіраўнік «Белай Русі» Генадзь Давыдзька, старшыня ЛДПБ Алег Гайдукевіч.
  • Незалежныя беларускія назіральнікі фіксавалі парушэньні на датэрміновым галасаваньні і ў асноўны дзень выбараў (731 парушэньне і 622 скаргі, у тым ліку 341 — толькі за 17 лістапада), кожнага трэцяга незалежнага назіральніка выдалілі з участка. Асноўным парушэньнем называецца адсутнасьць адкрытага падліку бюлетэняў і забарона на капіяваньне выніковага пратаколу ўчастковай камісіі. Назіральнікі АБСЭ назвалі выбары неадпаведнымі важным міжнародным дэмакратычным стандартам. Місіі СНД і ШАС назвалі выбары «празрыстымі і дэмакратычнымі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG