Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Напярэдадні прыезду дзяржсакратара ЗША ў Менск беларускія партыі перадалі зварот на яго імя


Майк Пампэо
Майк Пампэо

Лідэры апазыцыйных палітычных партый Беларусі перадалі пісьмовы зварот Дзяржаўнаму сакратару ЗША Майку Пампэо, які 1 лютага мае наведаць зь візытам Беларусь.

Прэсавая служба Аб’яднанай грамадзянскай партыі з гэтай нагоды распаўсюдзіла камэнтар старшыні АГП Мікалая Казлова:

«Што такое ЗША ў сучасным сьвеце? Для Беларусі гэта велізарны рэсурс новых магчымасьцяў, асабліва ў эканоміцы. Але гэта ў пэрспэктыве. А сёньня на парадку дня пытаньні бясьпекі, сумленных выбараў, спыненьня рэпрэсій.

Пра гэта гаворка ў звароце да кіраўніка замежнапалітычнага ведамства. Мы нагадалі і аб Будапэшцкім мэмарандуме, і аб міжнародных абавязаньнях Беларусі ў правядзеньні сумленных, свабодных выбараў. Не забыліся і аб кропкавых санкцыях у дачыненьні да чыноўнікаў, якія „спэцыялізуюцца“ на ліквідацыі палітычных апанэнтаў і крадуць галасы выбарнікаў».

Свабода атрымала тэкст звароту. У ім гаворыцца, што, зьяўляючыся перакананымі прыхільнікамі эўраатлянтычнай інтэграцыі як прыярытэту Беларусі ў зьнешняй палітыцы, лідэры дэмакратычных партый зь цікавасьцю ўспрынялі паведамленьне аб працоўнай паездцы Дзяржсакратара ЗША ў Менск. У гэтай сувязі яны хацелі б акцэнтаваць увагу на некаторых пытаньнях унутранай і зьнешняй палітыкі, а таксама праблемах, якія важна закрануць на сустрэчы з прадстаўнікамі беларускага рэжыму.

  • Важна пачуць ад афіцыйных прадстаўнікоў ЗША, што Вашынгтон гатовы абмяркоўваць гарантыі бясьпекі Беларусі з усімі зацікаўленымі бакамі. Такое пасланьне асабліва актуальнае на фоне трагічных падзеяў ва Ўкраіне, і пагрозаў сувэрэнітэту Беларусі з боку Расеі. Да новых рызыкаў у тым ліку адносім і будаўніцтва атамнай электрастанцыі, якую разглядаем як інструмэнт узмацненьня энэргетычнай залежнасьці ад Масквы.
  • Правядзеньне сумленных, свабодных выбараў паводле стандартаў АБСЭ ёсьць галоўнай умовай для пераменаў у Беларусі і павінна стаць пытаньнем № 1 у міжнародным парадку дня і ў перамовах ЗША і Эўразьвязу з афіцыйным Менскам. Гэта частка міжнародных абавязаньняў Беларусі, зафіксаваных у Капэнгагенскім пагадненьні, і мусіць наўпрост увязвацца з пытаньнямі эканамічнага супрацоўніцтва міжнароднай супольнасьці з уладамі Беларусі.
  • Голас ЗША ў абарону правоў і свабодаў грамадзянаў Беларусі можа быць важнай інвэстыцыяй у спыненьне рэпрэсій у дачыненьні да тых, хто выходзіць абараняць сувэрэнітэт краіны ад рызыкаў і пагрозаў з боку Крамля і ў падтрымку сумленных, свабодных выбараў.
  • Застаецца актуальным правядзеньне расьсьледаваньня „гучных справаў“ — выкрадання і забойстваў апанэнтаў беларускага рэжыму.
  • Без пазытыўнага вырашэньня гэтых пытаньняў няма перадумоваў для зьняцьця амэрыканскіх фінансавых і візавых абмежаваньняў у адносінах да асобных беларускіх чыноўнікаў. Размах рэпрэсій у апошні час актуалізуе дыскусіі аб магчымасьці пашырэньня кропкавых санкцый, — гаворыцца ў лісьце на імя Майка Пампэо.

Тэкст падпісалі старшыня АГП Мікалай Казлоў, старшыня Беларускай партыі «Зялёныя» Дзьмітры Кучук, старшыня БСДП Ігар Барысаў, старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, сустаршыня БХД Павал Севярынец, намесьнік старшыні партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Калектыўны зварот перададзены праз амбасаду ЗША ў Менску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG