Злучаныя Штаты хочуць глыбейшых сувязяў з Узбэкістанам і Казахстанам, ня кажучы ўжо пра іншыя краіны на маршруце Майка Пампэо — Украіну і Беларусь. Але паездку дзяржаўнага сакратара можа азмрочыць палітыка на радзіме. Пра гэта піша ў сваім аглядзе аналітык нашага радыё Майк Экэль.
У Беларусі робіцца больш пільным пытаньне, наколькі Аляксандар Лукашэнка здольны дыстанцыянавацца ад Расеі і наблізіцца да Захаду.
Ва Ўзбэкістане Шаўкат Мірзіёеў змагаецца за тое, каб пераканаць зьнешні сьвет, што яго рэформы — гэта сапраўдны паварот ад ранейшай карумпаванай аўтарытарнай сыстэмы
Ва Ўкраіне Ўладзімір Зяленскі спрабуе пазбавіць сваю краіну рэпутацыі карумпаванай і бязладнай. Ён працягвае шматгадовую вайну супраць баевікоў-сэпаратыстаў, якіх падтрымлівае Расея
30 студзеня дзяржаўны сакратар ЗША Майк Пампэо накіроўваецца ў гэты рэгіён. Ён наведае гэтыя тры краіны, а таксама Казахстан, дзеля наладжваньня палітычных і эканамічных сувязяў з былымі савецкімі рэспублікамі.
Многія зь іх зьвяртаюцца па дапамогу да ЗША: фінансавую, маральную, вайсковую.
Аднак Злучаныя Штаты ахопленыя палітычнай бязладзьдзем, зьвязаным зь імпічмэнтам прэзыдэнта Дональда Трампа. Гэта выклікае пытаньні, наколькі цьвёрдая падтрымка з боку Вашынгтону тых краінаў, у якія едзе Пампэо.
Ня вельмі спрыяльны кантэкст візыту дзяржсакратара надае яго нядаўні скандал з амэрыканскім журналістам.
Украіна
Кіеў — другі заплянаваны прыпынак Пампэо ў яго цяперашняй паездкі за акіян. Першым ён быў Лёндан. Там Пампэо 29 студзеня сустрэўся з з прэм’ер-міністрам Борысам Джонсанам і брытанскімі ўрадоўцамі. Адносіны Вашынгтону з Вялікабрытаніяй ускладніліся ў сувязі з дэбатамі, якія прывялі да выхаду Вялікабрытаніі з Эўразьвязу, але ў цэлым адносіны застаюцца трывалымі.
У меншай ступені тое самае можна сказаць пра стасункі ЗША з Украінай.
Украінская тэма ляжыць у аснове працэдуры імпічмэнту ў Вашынгтоне, што зьбянтэжыла многіх украінцаў і стала выпрабаваньнем для прэзыдэнта Зяленскага.
Праз дзевяць месяцаў пасьля перамогі на выбарах Зялянскі мае высокі рэйтынг папулярнасьці, але ва Ўкраіне ўзрастаюць сумневы, ці зможа ён выкараніць эндэмічную карупцыю ці ўзяць пад кантроль алігархаў.
Ён зрабіў значныя крокі дзеля ўрэгуляваньня канфлікту на ўсходзе Ўкраіны, у выніку якога загінула больш за 13 тысяча чалавек і і больш за мільён сталі ўцекачамі. Адбыліся два раўнды абмену вялікай колькасьці зьняволеных і палонных паміж Украінай і сэпаратыстамі і Расеяй. Але сустрэча ў сьнежні ў Парыжы, калі ўпершыню сустрэліся Зяленскі і Ўладзімір Пуцін, не прынесла ніякіх прарываў.
Нягледзячы на тое, што эўрапейскія краіны аказалі Ўкраіне большую фінансавую дапамогу, чым ЗША, Вашынгтон стаў найбуйнейшым пастаўшчыком вайсковай дапамогі, адпраўляючы ва Ўкраіну прыборы начнога бачаньня, вайсковую амуніцыю, радары і, у апошні час, супрацьтанкавыя ракеты Javelins.
У мінулым годзе Белы дом Трампа на працягу некалькіх месяцаў праводзіў у Кангрэсе пакет вайсковай дапамогі Ўкраіне. Аднак дапамога была выдзеленая толькі пасьля таго, як заканадаўцы запатрабавалі гэтага. Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў абвінавацілі Трампа ў спробе прымусіць Зяленскага расьсьледаваць карупцыйныя абвінавачваньні супраць сына аднаго з палітычных канкурэнтаў Трампа Джо Байдэна. Сэнат вырашае, ці ўхваліць адхіленьне прэзыдэнта ад улады.
Трамп таксама звольніў амэрыканскую амбасадарку ва Ўкраіне Мары Яванавіч. Дэмакраты і многія амэрыканскія дыпляматы раскрытыкавалі Пампэо за тое, што ён не абараняў Яванавіч.
Гэтае пытаньне ўзьнікла падчас інтэрвію з Пампэо рэпартэркі Нацыянальнага грамадзкага радыё NPR Мэры Луізы Кэлі на мінулым тыдні. Пампэо рэзка спыніў інтэрвію, а потым палаяўся ж журналісткай. Пазьней Дзярждэпартамэнт выключыў іншую карэспандэнтку NPR з журналісцкага пулу, які будзе асьвятляць цяперашні візыт Пампэо.
Як заяўляе дзярждэпартамэнт, мэта візыту дзяржсакратара ў Кіеў — «падкрэсьліць падтрымку сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны». Апошні раз дзяржсакратар ЗША наведваў Украіну ў ліпені 2017 году, тады гэта быў Рэкс Тылерсан.
Беларусь
Пасьля Кіева Пампэо накіруецца ў Менск. 1 лютага ён сустрэцца там з прэзыдэнтам Аляксандрам Лукашэнкам, хітрым палітыкам, які на працягу 25 гадоў спрабуе знайсьці балянс паміж патрабаваньнямі свайго магутнага суседа — Расеі — і Захаду.
Захоп Расеяй Крыму ў 2014 годзе напалохаў Лукашэнку і іншых кіраўнікоў краінаў рэгіёну. Ён зрабіў некалькі жэстаў, якія лічаць прымірэнчымі адносна Захаду. Аднак ён разглядаецца як «парыя» на Захадзе за рэпрэсіі супраць беларускай грамадзянскай супольнасьці і апазыцыі.
Летась Вашынгтон і Менск абвясьцілі аб аднаўленьні паўнавартасных дыпляматычных сувязяў, праз 11 гадоў пасьля таго, як Менск выслаў амбасадара ЗША і большасьць супрацоўнікаў амбасады. У верасьні 2019 году Менск наведаў Джон Болтан, тагачасны дарадца Белага дому па нацыянальнай бясьпецы. Ён быў самы высокапастаўленым прадстаўніком Вашынгтону, які наведаў Беларусь за апошнія 10 гадоў.
Крэмль узмацняе ціск на Беларусь. Чакалася, што ў сьнежні Лукашэнка і Пуцін падпішуць пагадненьне, якое можа стаць вялікім крокам да стварэньня саюзнай дзяржавы, якая гадамі існуе ў асноўным на паперы.
У рэшце рэшт Лукашэнка адмовіўся.
Масква адказала, спыніўшы экспарт нафты ў Беларусь — тое, што доўгія гады трымала беларускую эканоміку на плыву. Гэта стала для Лукашэнкі яшчэ больш моцным выклікам.
«У нас ёсьць свая краіна, мы сувэрэнныя і незалежныя» — сказаў ён 24 студзеня. «Нашымі мазгамі і рукамі мы зарабляем усё, што можам, мы будуем сваю краіну. І мы ня можам быць часткай нейкай іншай краіны».
Візыт Пампэо разглядаецца як дадатковыя намаганьні адміністрацыі ЗША для таго, каб заахвоціць Лукашэнку як мага далей вывесьці Беларусь з арбіты Расеі.
Аднак за некалькі дзён да ягонага візыту Пампэо быў абнародаваны сьпіс новых краін, на якія будзе распаўсюджаная амэрыканская забарона на ўезд. Беларусь фігуруе ў гэтым сьпісе.
Белы дом не пацьвердзіў і не абверг зьмест апублікаванага сьпісу. Мяркуецца, што пытаньне пра тое, ці хоча Вашынгтон караць Менск, будзе абмяркоўвацца падчас візыту дзяржсакратара.
Пампэо будзе імкнуцца «падкрэсьліць прыхільнасьць ЗША сувэрэннай, незалежнай, стабільнай і квітнеючай Беларусі і пацьвердзіць нашае жаданьне нармалізаваць двухбаковыя адносіны», паведамляе Дзярждэпартамент.
Казахстан
Пасьля Менска Пампэо адправіцца ў Казахстан, дзе сустрэнецца з прэзыдэнтам Касым-Джамартам Такаевым.
Ён таксама сустрэнецца з Нурсултанам Назарбаевым, які сышоў з пасады ў сакавіку 2019 году пасьля больш чым 27 гадоў прэзыдэнцтва. Ён займае па-ранейшаму шэраг важных пасадаў, у тым ліку кіраўніка Рады бясьпекі і па-ранейшаму валодае велізарнымі ўладнымі паўнамоцтвамі.
У той дзень, калі быў абвешчаны пераход Назарбаева да статусу, які некаторыя ахрысьцілі прэзыдэнт-мэнтар, яго старэйшая дачка Дарыга заняла пасаду кіраўніка верхняй палаты парлямэнта краіны. Гэта разглядалася як знак таго, што ў канчатковым выніку яна можа заняць былую пасаду бацькі.
У афіцыйным паведамленьні Дзяржаўнага дэпартамэнту ня згадваецца, ці будзе Пампэо сустракацца з Дарыгой.
Вашынгтон у мінулым разглядаў Казахстан як натуральную процівагу Расеі ў Цэнтральнай Азіі. Буйныя амэрыканскія нафтавыя кампаніі ўклалі мільярды даляраў у сумесныя прадпрыемствы па распрацоўцы радовішчаў Касьпійскага мора, у краіне ёсьць найбуйнейшыя зарэгістраваныя ў рэгіёне запасы нафты і газу.
Як і Лукашэнка ў Беларусі, Назарбаеў быў занепакоены расейскай анэксіяй Крыму. Большая частка насельніцтва паўночнага Казахстану, уздоўж мяжы з Расеяй — этнічныя расейцы. Казахстанскія ўлады былі заклапочаныя тым, што Масква можа прадʼявіць прэтэнзіі на некаторыя памежныя тэрыторыі. На сёньняшні дзень гэтага няма.
Але, як і зь Беларусьсю і Ўкраінай, гэта дала Вашынгтону пэўную магчымасьць наладжваць сувязі з Казахстанам.
Узбэкістан
Пампэо плануе прызямліцца ў Ташкенце 2 лютага і сустрэцца з прэзыдэнтам Мірзіёевым, міністрам замежных спраў Абдулазізам Камілавым і іншымі службовымі асобамі.
Узбэкістан — самая густанаселеная краіна Цэнтральнай Азіі, ён таксама мае значныя запасы нафты і газу. У мінулым гэта разглядалася як частковая супрацьвага расейскаму ўплыву ў рэгіёне. Ён таксама саюзьнік з Вашынгтонам у вайне ў Аўганістане і барацьбе з радыкальнымі ісламісцкімі групоўкамі.
Ва ўмовах самадзяржаўнага кіраваньня папярэдніка Мірзіёева Іслама Карымава Узбэкістан быў ізаляваны ад Захаду, асабліва пасьля расправы над мірным насельніцтвам у 2005 годзе ў Андыжане. Краіна мела рэпутацыю надзвычай карумпаванай.
З часу ўступленьня на пасаду пасьля сьмерці Карымава ў 2016 годзе Мірзіёеў імкнуўся наладзіць новыя эканамічныя і палітычныя адносіны — ня толькі з Вашынгтонам, але і з эўрапейскімі краінамі.
Ён таксама загадаў зьменшыць пасевы бавоўны ў краіне, ключавую крыніцу прыбытку і шматгадовую крыніцу заклапочанасьці з нагоды выкарыстаньня прымусовай працы, у тым ліку дзіцячай. Яго адміністрацыя таксама вызваліла ад пасадаў дзясяткі службовых асоб, якія займалі ключавыя пазыцыі пры Карымаве.
Незразумела, наколькі глыбокі і ўстойлівы парадак дня рэформаў. Некаторыя з міністраў Карымова захоўваюць пасады, а некаторыя падазраюцца ва ўдзеле ў карупцыйных зьдзелках.
Улады таксама вядуць барацьбу з Гульнарай Карымавай, старэйшай дачкой былога прэзыдэнта. Яе ўтрымліваюць у ташкенцкай турме, яе абвінавачваюць у хабарніцтве ўнутры і за межамі краіны. Улады імкнуцца вярнуць сотні мільёнаў долараў, якія, на іх погляд, скрала Карымава.
Зьмены мелі пазытыўны водгук у міжнародных мэдыя, але некаторыя праваабаронцы кажуць, што яны проста дымавая заслона.
Пасьля доўгіх гадоў ігнараваньня праблемаў рэгіёну, у 2015 годзе Дзярждэпартамэнт вылучыў ініцыятыву С5 + 1, каб паспрабаваць супрацьстаяць дамінаваньню Расеі.
Візыт Пампэо ў Ташкент будзе ўключаць сустрэчы зь міністрамі замежных справаў усіх пяці дзяржаваў Цэнтральнай Азіі — Казахстану, Кіргізстану, Таджыкістану, Туркмэністану і Ўзбэкістану.