Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Падкрэсьліць прыхільнасьць ЗША сувэрэннай, незалежнай Беларусі» — візыт дзяржаўнага сакратара ЗША анансавалі афіцыйна


Дзяржаўны сакратар Злучаных Штатаў Майк Пампэо прыедзе ў Менск 1 лютага. Раней пра гэта стала вядома з дыпляматычных крыніц, цяпер жа паведамленьне пра візыт зьявілася на афіцыйным сайце Дзяржаўнага дэпартамэнту.

Майк Пампэо наведае:

  • 29 студзеня — Лёндан, Вялікая Брытанія. Сустрэнецца з прэм’ерам і міністрам замежных спраў, каб пацьвердзіць асаблівыя адносіны краін пасьля Brexit, таксама абмяркуе пашырэньне гандлёвых сувязяў.
  • 30 студзеня — Кіеў, Украіна. Сустрэнецца з прэзыдэнтам, міністрамі замежных спраў і абароны, каб падкрэсьліць падтрымку тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны; наведае цырымонію ўскладаньня кветак у памяць пра загінулых на Данбасе; сустрэнецца зь бізнэсоўцамі, рэлігійнымі лідэрамі і грамадзянскімі актывістамі.
  • 1 лютага — Менск, Беларусь. Сустрэнецца з Аляксандрам Лукашэнкам і міністрам замежных спраў Уладзімерам Макеем, каб «падкрэсьліць прыхільнасьць ЗША сувэрэннай, незалежнай, стабільнай і квітнеючай Беларусі і пацьвердзіць нашае жаданьне нармалізаваць нашыя двухбаковыя адносіны».
  • Пасьля (верагодна, у той жа дзень) — Нур-Султан, Казахстан. Сустрэнецца зь дзейным і былым кіраўнікамі краіны, а таксама з прэм’ер-міністрам, каб пацьвердзіць супольную прыхільнасьць міру і бясьпецы ў Цэнтральнай Азіі.
  • 2–3 лютага — Ташкент, Узбэкістан. Сустрэнецца з кіраўніком дзяржавы і міністрам замежных спраў, каб падкрэсьліць падтрымку Злучанымі Штатамі рэформаў ва Ўзбэкістане, а таксама прыхільнасьць сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці краіны. Там жа возьме ўдзел у сустрэчы зь міністрамі замежных спраў Казахстану, Кіргізстану, Таджыкістану, Туркмэністану і Ўзбэкістану.

МЗС Беларусі ўжо пацьвердзіла візыт Пампэо 1 лютага. Спачатку плянавалася, што Пампэо наведае Беларусь раней: сустрэнецца з Аляксандрам Лукашэнкам і міністрам замежных спраў Уладзімерам Макеем 4 студзеня. Аднак усё эўрапейскае падарожжа дзяржаўнага сакратара давялося адкласьці з прычыны падзей у Іране.

Пампэо — другі за гісторыю дзяржаўны сакратар ЗША, які наведвае Рэспубліку Беларусь. Да яго на пачатку 1990-х у Беларусь прыяжджаў Уорэн Крыстафэр. Але гэта ня самыя высокапастаўленыя амэрыканскія госьці ў гісторыі Беларусі: у 1994 годзе Беларусь наведаў прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан.

17 верасьня мінулага году ў Беларусь прыляцеў намесьнік дзяржаўнага сакратара Дэвід Гэйл. На сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам ён абвясьціў пра рашэньне вярнуць амэрыканскага амбасадара ў Беларусь.

Беларусь выслала амбасадара ЗША ў 2008 годзе, пасьля таго як Вашынгтон наклаў на яе санкцыі за парушэньні правоў чалавека.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG