У штогадовым рэйтынгу Corruption Perceptions Index 2019 («Індэкс успрыманьня карупцыі»), які складае Transparency International, Беларусь паднялася з 70 месца на 66-е, якое дзеліць з Аргентынай, Сэнэгалам і Чарнагорыяй.
Беларусь цяпер мае ў рэйтынгу 45 умоўных балаў (чым больш, тым лепш), на 1 бал больш за мінулы і пазамінулы гады (а ў 2015-м мела 32). Сэнэгал мае такі ж бал чацьвёрты год запар, Чарнагорыя мела мінулыя тры гады 45, 46, 45 і 44 балы. Аргентына ж хутка набірае балы: раней было 40, 39, 36 і 32 балы.
Пра Беларусь і рэгіён у дакладзе адзначаюць:
- Беларусь, Грузія і Чарнагорыя — адзіныя ў рэгіёне «Ўсходняя Эўропа і Цэнтральная Азія», якія маюць рэйтынг, большы за сярэдні па сьвеце. Найгоршыя ў рэгіёне — Туркмэністан, Узбэкістан і Таджыкістан.
- З 2012 году Беларусь, Кіргізстан і Ўзбэкістан істотна палепшылі балы ў рэйтынгу, але ў іх захаваліся карупцыя на дзяржаўным узроўні і няздольнасьць стварыць сыстэму стрымліваньня і процівагаў.
- У сьпісе краінаў, за якімі «варта сачыць», Беларусі няма. У гэтым рэгіёне цікавымі назвалі Армэнію і Косава, дзе можна чакаць пазытыўных зьменаў
Найбольш «антыкарупцыйных балаў» маюць Новая Зэляндыя і Данія — па 87. На трэцім месцы Фінляндыя, чацьвёртае дзеляць Швайцарыя, Сынгапур і Швэцыя. У топ-10 таксама трапілі Нарвэгія, Нідэрлянды, Люксэмбург і Нямеччына. Найгоршая са 180 дасьледаваных краінаў сытуацыя ў Сырыі, Паўднёвым Судане і Самалі.
Эстонія займае 18-е месца (і паступова набірае балы), Літва — 36-е, Польшча — 41-е (балы паступова зьніжаюцца), Латвія — 44-е, Украіна — 126-е, Расея — 137-е.
Індэкс успрыняцьця карупцыі вылічваецца на аснове незалежных апытаньняў міжнародных экспэртаў, а таксама буйных фінансавых і праваабарончых арганізацыяў.
Гэта індэкс менавіта ўспрыняцьця карупцыі, а не вымярэньне самой карупцыі. Экспэрты і насельніцтва могуць балюча ўспрымаць нават параўнальна невялікую карупцыю, але могуць і лічыць прымальнай і нармальнай нават высокую карупцыю.