Прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Румас падпісаў распараджэньне аб арганізацыі трэцяга Форуму рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны. Канфэрэнцыя сёлета пройдзе ў Горадні.
Дакладная дата форуму пакуль не прызначаная. Плян падрыхтоўкі маюць зацьвердзіць да 20 лютага.
Папярэднія форумы праходзілі ў Гомлі і ўкраінскім Жытоміры ўвосень 2018 і 2019 году адпаведна. На першым Аляксандар Лукашэнка сустракаўся з тагачасным прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам, на другім — зь цяперашнім украінскім лідэрам Уладзімірам Зяленскім.
Ці сустрэнуцца кіраўнікі дзяржаваў на трэцім форуме, пакуль не вядома дакладна. Але Лукашэнка Зяленскага запрашаў.
Аляксандар Лукашэнка нячаста бывае на Горадзеншчыне і ўласна ў Горадні. Апошні раз ён прылятаў у Горадню ў кастрычніку 2018 году — сустрэўся са студэнтамі, расказаў пра адукацыю, «непатрэбныя» рэвалюцыі і спорт як вайну. Перад візытам у горадзе было аўральнае ўпарадкаваньне.