Вытворчае аб’яднаньне «Беларуснафта» зьбіраецца ўсталяваць сёлета ў Менску паўтары сотні электразарадных станцый (ЭЗС). Нягледзячы на нафтавую спэцыялізацыю, на прадпрыемства ўсклалі функцыі нацыянальнага апэратара сеткі ЭЗС.
«У сталіцы цягам гэтага году плянуецца ўстанавіць каля 150 электразарадных станцый. Фірмовую сетку тут актыўна разьвівае РУП «Беларуснафта-Менскаўтазапраўка», — паведамілі агенцтву «Інтэрфакс» у прэс-службе аб’яднаньня.
Летась у Менску паставілі крыху больш за паўсотні станцый для зарадкі электрамабіляў, у асноўным па-за традыцыйнымі аўтазапраўкамі — каля паркінгаў, гатэляў, гандлёвых і бізнэс-цэнтраў.
На станцыях фармату Mode-4 час зарадкі 80% акумулятара электракара складае прыкладна 30 хвілін.
Цяпер «Беларуснафта-Менскаўтазапраўка» эксплюатуе 85 ЭЗС, агульная колькасьць такіх станцый у Беларусі ўтрая большая. Да 2021 году гэтая лічба павінна вырасьці да паўтысячы.