Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Аншлягі і дыскусіі». Watch Docs Belarus падсумаваў вынікі пятага фэстывалю


Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

Дакумэнтальнае кіно пачало зьбіраць поўныя залі і ў Беларусі.

Паводле арганізатараў фэстывалю дакумэнтальнага кіно Watch Docs Belarus, які прайшоў у Менску з 5 па 13 сьнежня, агулам было паказана каля 30 фільмаў зь дзясятка краінаў.

Амаль 3 тысячы гледачоў наведалі кінасэансы, а таксама адкрытыя інтэрвію, лекцыі, майстар-клясы і тэматычныя дыскусіі — аб жаночым і мужчынскім спорце, дзіцячай жорсткасьці, мэдыцынскай марыхуане.

Watch Docs пасталеў, стаў больш прыкметным і авантурным, уварваўшыся ў вузкія колы беларускіх дакумэнталістаў, заявіла Свабодзе арганізатарка і дырэктарка фэстывалю Тацяна Гацура-Яворская.

«Фэстываль застаўся камунікацыйнай прасторай, дзе падставай для размовы робяцца як правы чалавека, так і спосабы пра іх казаць публічна, — кажа яна. — Сёлета гледачы і стваральнікі дакумэнтальнага кіно змаглі сустрэцца з шэрагам замежных гасьцей:

  • Натальляй Аршаўскай з „Настоящего времени“,
  • кіраўніком індустрыяльнай плятформы DOK Leipzig Брыджыд О’Шы (Нямеччына),
  • рэжысэрамі Маркам Казынсам (Вялікая Брытанія) і
  • Лоўрэнсам Маккоўнам (Ірляндыя),
  • рэжысэрам Яцэкам Пэтрыцкім і
  • рэдактарам „Белсату“ Янушам Гаўрылюком (Польшча)».


Беларускіх дакумэнтальных фільмаў стала болей

Першым беларускім фільмам у праграме Watch Docs Belarus, які штогод зьбірае найлепшыя карціны з усяго сьвету, летась стаў фільм «Дэбют» Настасьсі Мірашнічэнкі. Сёлета фэстываль сабраў асобную конкурсную праграму зь пяці беларускіх фільмаў, ініцыяваў краўдфандынг для першай глядацкай прэміі беларускім аўтарам і ўключыў у праграму адпаведныя адукацыйныя імпрэзы.

Па выніках глядацкіх ацэнак прэміі атрымалі:

  • Галіна Адамовіч за працу «Добрых дзяўчатак ня б’юць» (1300 рублёў), Аляксандар Сьвішчанкоў за фільм «Мая Германія»,
  • Андрэй Куціла за фільм «Стрыптыз і вайна» (па 800 рублёў).

«Я не разумею, хто ўсе гэтыя людзі і навошта яны ахвяравалі свае грошы, але гэта вельмі кранальна, — сказала на цырымоніі ўзнагароджаньня Галіна Адамовіч. — Тыя, хто працуюць у беларускім кіно, прывыклі рабіць усё самі: як зробіш — так і будзе! Таму дзіўна і вельмі прыемна, што хтосьці клапоціцца пра беларускую дакумэнталістыку, шукае фільмы, зьбірае грошы на прэміі».

Андрэй Куціла перадаў сваю прэмію арганізатарам фэстывалю з пажаданьнем і налета даваць яскравыя стымулы для разьвіцьця беларускім дакумэнталістам.

«Мы ўбачылі велізарнае запрабаваньне ад беларускіх рэжысэраў і прадусараў у профільнай адукацыі, магчымасьцях мець зносіны, знаёміцца, — сказала Свабодзе Тацяна Гацура-Яворская. — Таму нават пасьля закрыцьця сэзону разам з замежнымі партнэрамі працягнем працу над прасоўваньнем нашага кіно і рэжысэраў на міжнародных пляцоўках. Так, у праграму наступнага Белфасцкага кінафэстывалю будзе ўключаны паказ аднаго зь беларускіх фільмаў, а разам і сустрэча рэжысэра з тамтэйшымі гледачамі».

Фэстываль скончыўся, але ў плянах арганізатараў спэцыяльны паказ дакумэнтальнага фільма «Нацыя аднаго дзіцяці» сумеснай вытворчасьці ЗША і Кітаю. Сёлета стужка ўвайшла ў чацьвёрку прэтэндэнтаў на прэмію «Оскар».

Сачыць за навінамі фэстывалю можна на афіцыйных старонках Watch Docs Belarus:

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG