Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутат Бундэстагу сустрэўся ў Менску з прадстаўнікамі сэпаратыстаў Данбасу 


Разбурэньні ў Аўдзееўцы (Данбас, Украіна) пасьля абстрэлу
Разбурэньні ў Аўдзееўцы (Данбас, Украіна) пасьля абстрэлу

У Менску прайшла нефармальная сустрэча прадстаўнікоў некантраляваных Кіевам раёнаў Данецкай і Луганскай абласьцей зь нямецкім парлямэнтаром ад праварадыкальнай партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны», дэлегатам у Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Ульрыхам Ёмэ (Ulrich Oehme).

«Мы правялі першую нефармальную размову ў Менску, я пра гэта праінфармаваў амбасадара Ўкраіны, — цытуе нямецкага палітыка БелаПАН. — Прадстаўнікі партыі „Альтэрнатыва для Нямеччыны“ хацелі б выступіць сумленнымі пасярэднікамі, мы будзем інфармаваць нямецкія і ўкраінскія ведамствы пра праведзеныя і заплянаваныя перамовы».

Паводле Ёмэ, ён хацеў скласьці ўяўленьне пра сытуацыю на Данбасе. Але пры гэтым мае намер весьці перамовы і з украінскімі прадстаўнікамі, таму што замірэньне прадугледжвае наяўнасьць двух бакоў.

Ёмэ растлумачыў, што ў Радзе Эўропы ён агучыў ініцыятыву, якая ставіць мэтай наладзіць перамовы паміж сэпаратыстамі і Украінай, а таксама даць магчымасьць Данецку і Луганску выкласьці сваю пазыцыю.

Дэпутат лічыць, што ў перамовах паміж Нямеччынай, Францыяй, Расеяй і Украінай адсутнічае важны ўдзельнік — «асобныя раёны Данецкай і Луганскай абласьцей».

Прадстаўнік так званай ЛНР Ўладзіслаў Дэйнэга на перамовах у Менску адзначыў важнасьць данясеньня інфармацыі аб тым, што адбываецца на Данбасе і заклікаў да наўпростага дыялёгу сэпаратыстаў з Кіевам, фактычна прадубляваўшы пазыцыю Крамля.

Паводле Дэйнэгі, беларускі МЗС у курсе перамоваў.

Пасольства Ўкраіны выступае супраць такіх сустрэч

Пасол Украіны ў Мінску Ігар Кізім заявіў у камэнтары Радыё Свабода, што яго амбасаду ніхто не інфармаваў пра гэтую сустрэчу. Дэпутаты Бундэстагу свабодныя ў сваіх паводзінах, кожнага дэпутата не пракантралюеш, магчыма, нямецкі дэпутат праінфармаваў пасольства Ўкраіны ў Бэрліне, а ня ў Менску, перад ад’ездам, дапускае спадар Кізім.

Ігар Кізім
Ігар Кізім

«Але калі б нас праінфармавалі і я пагаварыў бы з гэтым дэпутатам, то я б пратэставаў: мы супраць такіх сустрэч, якія ў пэўнай ступені легітымізуюць незаконныя ўзброеныя фармаваньні, якімі зьяўляюцца так званыя ЛНР і ДНР. Усе перамовы павінны праходзіць у межах Трохбаковай кантактнай групы, наступнае пасяджэньне якой заплянавана на 18 сьнежня. У цяперашні час мы вывучаем абставіны гэтай сустрэчы праз МЗС Беларусі і хацелі б пагаварыць таксама з паслом Нямеччыны ў Беларусі», — сказаў Ігар Кізім.

У Міністэрстве замежных спраў Беларусі пакуль няма інфармацыі пра гэтую сустрэчу, гэта можна пракамэнтаваць пазьней, паведаміў карэспандэнту Радыё Свабода прэс-сакратар ведамства Анатоль Глаз.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG