Незьвязаны кітайскі крэдыт Беларусі ў памеры больш за 500 млн даляраў — падзея даволі незвычайная і ў нейкім сэнсе знакавая. Гэты жэст зьяўляецца ўскоснай падтрымкай афіцыйнага Менску ў яго супрацьстаяньні з Масквой
Сьцісла:
- Гэта першы ў гісторыі беларуска-кітайскіх адносін нязьвязаны крэдыт з боку КНР.
- Крэдыт зьявіўся ў момант, калі Расея выкарыстоўвае эканамічны шантаж Беларусі.
- Цяперашні кітайскі крэдыт — палітычны. Гэты жэст зьяўляецца напаўпразрыстым сыгналам, які павінен засьведчыць, што Кітай зацікаўлены ў існаваньні незалежнай Беларусі.
- Гэты крэдыт давядзецца абавязкова вяртаць, прычым, строга ў агавораны пагадненьнем тэрмін. Паводзіць сябе так, як з расейскімі крэдытамі, не атрымаецца.
Нарэшце зьвілася некаторая пэўнасьць з кітайскім крэдытам. Прэзыдэнцкі ўказ ад 13 сьнежня прадугледжвае прыцягненьне пазыкі ад Шанхайскага філіялу Банка разьвіцьця Кітая ў памеры больш за 500 млн даляраў. Крэдыт будзе атрыманы да канца 2019 году і разьлічаны на пяць гадоў.
Няма інфармацыі пра працэнты, якія давядзецца выплачваць беларускаму боку. Нельга выключаць, што кітайцы вылучылі нейкія дадатковыя ўмовы, нават не зьвязаныя наўпрост з гэтым займам.
У любым выпадку, сама гэтая падзея даволі незвычайная і ў нейкім сэнсе знакавая. Найперш, гэта першы ў гісторыі беларуска-кітайскіх адносін нязьвязаны крэдыт з боку КНР. Дасюль усе крэдыты, якія давалі кітайцы, былі зьвязаныя. Яны прадстаўляліся на рэалізацыю канкрэтных праектаў, прадугледжвалі пакупку кітайскага абсталяваньня і выкарыстаньне рабочай сілы з Кітая.
Цяперашні крэдыт выдадзены, як адзначаецца ў прэзыдэнцкім указе, «у мэтах пагашэньня і абслугоўваньня дзяржаўнага доўгу, падтрыманьня золатавалютных рэзэрваў, а таксама садзейнічаньня разьвіцьцю двухбаковага гандлю паміж Беларусьсю і Кітаем». То бок гэтымі грашыма беларускі ўрад можа распараджацца свабодна, па ўласным меркаваньні. Падобнага кшталту крэдыты дасюль Беларусі выдзялялі толькі Расея, Эўразійскі банк стабілізацыі і разьвіцьця, і МВФ.
Банк разьвіцьця Кітая — установа дзяржаўная. Гэта значыць, што дзеля выдзяленьня дадзенага крэдыту было прынятае палітычнае рашэньне.
Трохі дзіўнавата, што грошы выдзяляе Шанхайскі філіял банка. Бо з Шанхаем і ўвогуле з паўднёвымі правінцыямі Кітая Беларусь дасюль супрацоўнічала слаба.
Але галоўная знамянальнасьць гэтага жэсту з боку Кітая палягае ў тым, што крэдыт зьявіўся ў момант, калі Расея выкарыстоўвае эканамічны шантаж Беларусі, фактычна выкручвае рукі афіцыйнаму Менску прымушаючы да «паглыбленьня інтэграцыі». І шмат у якіх сталіцах сьвету задаюць пытаньне: ці захавае Беларусь незалежнасьць?
Афіцыйныя прадстаўнікі беларускага ўраду даводзяць, што наступных годам краіна можа вярнуць толькі 25% ранейшых пазык, а астатнія 75% трэба недзе шукаць. Раней звычайна крэдыты для рэфінансаваньня давала Расея. Аднак цяпер Масква гатовая даць грошы толькі ў абмен на «паглыбленьне інтэграцыі». Таму Лукашэнка, выступаючы ў Нацыянальным сходзе 5 сьнежня заявіў, што забараніў ураду прасіць крэдыт у РФ.
І вось у такі крытычны момант зьяўляецца згаданы кітайскі крэдыт. Гэта не першы выпадак, калі Кітай дзейнічае на беларускім кірунку ў піку Расеі. Калі Масква адмовілася пастаўляць у Беларусь новыя ракетныя комплексы, тэхналёгію для стварэньня Беларусьсю ўласнай падобнай зброі далі кітайцы. Цяпер гэта добра вядомы «Паланэз».
Відавочна, гэты кітайскі крэдыт — палітычны. Гэты жэст зьяўляецца ўскоснай падтрымкай афіцыйнага Менску ў яго супрацьстаяньні з Масквой, напаўпразрыстым сыгналам, які павінен засьведчыць, што Кітай зацікаўлены ў існаваньні незалежнай Беларусі. Дакладна ў стылі ўсходняй дыпляматыі.
Але ёсьць і праблема. Гэты крэдыт давядзецца абавязкова вяртаць, прычым, строга ў агавораны пагадненьнем тэрмін. Паводзіць сябе так, як з расейскімі крэдытамі, не атрымаецца. Бо Расеі Менск звычайна не вяртае пазыкі, а бярэ новыя крэдыты дзеля рэфінансаваньня старых. З кітайцамі такая гульня ня пройдзе.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.