Улады Беларусі возьмуць у крэдыт у кітайскага банка 3,5 млрд юаняў, што ў эквіваленце складае больш за 500 млн даляраў. Гэта вынікае з указу прэзыдэнта № 455 ад 13 сьнежня.
З дакумэнта вынікае, што заём ад Шанхайскага філіялу Банка разьвіцьця Кітая будзе прыцягнуты да канца 2019 году і разьлічаны на пяць гадоў.
Беларусь прыцягвае крэдыт на 3,5 млрд юаняў «у мэтах пагашэньня і абслугоўваньня дзяржаўнага доўгу, падтрыманьня золатавалютных рэзэрваў, а таксама садзейнічаньня разьвіцьцю двухбаковага гандлю паміж Беларусьсю і Кітаем», гаворыцца ва ўказе.
Пра тое, што Мінфін Беларусі працуе над прыцягненьнем гэтай пазыкі, было вядома яшчэ летам 2019 году.
25 кастрычніка міністар фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч заяўляў аб адсутнасьці патрэбы ў «нейкіх палітычных крэдытах» ад Расеі. Тады ж ён агучыў, што да канца году будзе крыху меншы крэдыт ад Кітаю.