Дырэктар Менскага навукова-практычнага цэнтру хірургіі, транспланталёгіі і гематалёгіі і сябра Савету Рэспублікі Алег Румо заявіў у эфіры дзяржаўнага тэлеканалу АНТ, што выступае за ўвядзеньне мараторыю на сьмяротнае пакараньне.
«Я выдатна разумею, што сьмяротнае пакараньне проста так не адбываецца ў нашай краіне. Гэта людзі, якія робяць тое, што несумяшчальна з паняцьцем „чалавек“. (...) Тым ня менш я за мараторый на сьмяротнае пакараньне з адной простай прычыны — стопрацэнтную гарантыю таго, што ня зроблена памылка, даць немагчыма. Калі б была стопрацэнтная гарантыя, я, зыходзячы з сваёй прафэсіі, усё роўна лічу, што пазбаўляць чалавека жыцьця нельга», — заявіў Румо.
Пры гэтым ён адзначыў, што рашэньне ў гэтым пытаньні павінен прымаць народ.
Сьмяротнае пакараньне ў Беларусі
- Беларусь застаецца апошняй краінай Эўропы, дзе караюць сьмерцю.
- Усяго за гады незалежнасьці ў Беларусі вынесьлі каля 350 сьмяротных прысудаў (дакладная лічба невядомая).
- Улады Беларусі не паведамляюць пра выкананьне сьмяротных прысудаў. Пра гэта ўдаецца даведацца з паказаньняў іншых сьмяротнікаў або ад праваабаронцаў, якія кантактуюць з роднымі асуджаных.
- Эўразьвяз пэрыядычна заклікае Беларусь адмовіцца ад сьмяротнага пакараньня.
- Нягледзячы на ўсе просьбы міжнароднай супольнасьці, рэжым Лукашэнкі працягвае выносіць сьмяротныя прысуды. 19 кастрычніка 2023 вынесены чарговы зь іх — Аляксандру Таратуту са Слуцку, які забіў 3-гадовае дзіця.
- Дакладная колькасьць памілаваных таксама не вядомая. Раней беларускім праваабаронцам было вядома толькі пра два выпадкі памілаваньня асуджаных на сьмяротнае пакараньне за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. У канцы ліпеня 2024 году Лукашэнка памілаваў асуджанага на сьмяротнае пакараньне грамадзяніна Нямеччыны Рыка Крыгера, пасьля гэтага яго вызвалілі ў рамках вялікага абмену вязьнямі паміж Расеяй і краінамі Захаду.
- Лукашэнка ў 2012 годзе казаў, што за ўсю гісторыю свайго прэзыдэнцтва памілаваў толькі аднаго чалавека (пасьля гэтага, у 2021 годзе, ён памілаваў асуджаных да сьмяротнага пакараньня братоў Косьцевых). Разам з тым МУС Беларусі яшчэ ў 2012-м сьцьвярджала, што за 13 гадоў было памілавана 156 сьмяротнікаў (замена сьмяротнага прысуду на пажыцьцёвае зьняволеньне).