Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Эўропе растуць цэны на сьвініну, бо яе скупляе Кітай. А як у Беларусі?


Ілюстрацыйнае фота. Сьвініна ў менскім гіпэрмаркеце
Ілюстрацыйнае фота. Сьвініна ў менскім гіпэрмаркеце

Аптовыя цэны на сьвініну ў Эўропе вырасьлі амаль на 40%, перад Калядамі можна чакаць павышэньня цэнаў на мяса і каўбасу, піша брытанскае выданьне The Guardian. Прычына — успышка афрыканскай чумы сьвіней у Кітаі, ён вымушаны закупляць мяса ў Эўропе. Ці не застануцца беларусы бяз скваркі?

Эўрапейскія вытворцы сьвініны занепакоеныя ростам цэнаў

Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

У Кітаі да канца году будзе зьнішчана палова пагалоўя сьвіней. У кастрычніку 2019-га экспарт сьвініны з Эўразьвязу ў Кітай вырас на 75% у параўнаньні зь леташнім кастрычнікам. Вырасьлі і эўрапейскія цэны, і цэны на мяса ў Бразыліі, якая кампэнсуе некаторую частку дэфіцыту.

Фэдэральная асацыяцыя нямецкіх вытворцаў мясной прамысловасьці папярэджвае спажыўцоў, што ўлюбёныя стравы немцаў, такія як шніцаль ці каўбаскі, на Каляды падаражаюць.

«Каўбаса напэўна будзе даражэйшай», — заявіла прэзыдэнт асацыяцыі Сара Дхем нямецкай газэце Bild.

Вытворцы вядомай каўбасы «чарыза» ў Гішпаніі таксама занепакоеныя ростам цэнаў і думаюць, як вырашыць праблему.

Нават у Даніі, вядучай вытворцы сьвініны ў сьвеце, прызнаюць, што могуць быць праблемы.

«Мы таксама сутыкнуліся з больш высокімі цэнамі ад нашых вытворцаў, — кажа прадстаўнік Salling Group, аднаго з найбуйнейшых рытэйлераў Даніі. «Але мы стараемся трымаць нашы цэны для кліентаў як мага больш канкурэнтаздольнымі, асабліва напярэдадні калядных сьвятаў».

Хіба толькі італьянцы спакойныя. Прадстаўнікі італьянскага кансорцыюму пармскай вяндліны мяркуюць, што адмысловыя пароды сьвіней, якіх яны выкарыстоўваюць, ня вельмі папулярныя ў Кітаі. «Наша сьвіньня вельмі дарагая для кітайцаў».

Шкварка — «наша ўсё»

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У 2018 годзе вытворчасьць мяса на аднаго беларуса дасягнула 129 кіляграмаў.

Беларусь на шостым месцы ў сьвеце ў спажываньні мяса — 92 кіляграмы за год. Больш за беларусаў ядуць мяса амэрыканцы (120 кг штогод), аўстралійцы — 112, гішпанцы — 97, ізраільцяне — 96, канадцы — 94).

Прычым Беларусь абагнала такія разьвітыя краіны, як Італія (90), Нямеччына (88), Францыя (87), Вялікая Брытанія (84). Дарэчы, кожны расеец зьядае штогод 69 кг мяса. Менш за ўсё ядуць мяса ў Індыі (4 кг на чалавека за год), Нігерыі (8), Інданэзіі (11).

Самае папулярнае мяса ў беларусаў — сьвініна.

Па прыкладзе «Індэксу бігмака», якім з 1986 году займаецца часопіс The Economist, экспэрты беларускага дасьледчага цэнтру BIPART і праекту «Кошт ураду» складаюць індэкс «ЧаркіШкваркі». Індэкс «ЧаркіШкваркі» складаецца з цаны 100 грамаў бескасьцёвай сьвініны і 100 грамаў гарэлкі і разьлічваецца на падставе дадзеных Белстату.

Па выніках трэцяга квартала 2019 году сярэднестатыстычны беларус мог купіць 432 «чаркі-шкваркі».

А вось як улюбёныя стравы са сьвініны смачна апісвае Якуб Колас у паэме «Новая зямля», якую называюць энцыкляпэдыяй беларускага жыцьця:

А на стале тым — рай ды годзе,
Што рэдка трапіцца ў народзе,
Ляжала шынка, як кадушка,
Румяна-белая пампушка,
Чырвона зьверху, сакаўная,
Як бы агонь у ёй палае,
А ніз бялюткі, паркалёвы;
Кілбасы-скруткі, як падковы,
Між сьцёган, сала і грудзінак
Красуе ўсмажаны падсьвінак,
Чысьцюткі, сьвежы і румяны...

Беларусь цалкам забясьпечвае сябе сьвежым мясам. А хамон ды іншыя далікатэсы імпартуе

Выстава «Белагра-2017» у Менску
Выстава «Белагра-2017» у Менску

У Беларусі пагалоўе сьвіней большае за 2,9 мільёна (у дзяржаўным сэктары 2,5 мільёна, астатнія ў фэрмэрскіх гаспадарках). Гэта без уліку прыватных падворкаў.

У краіне 4 племянныя заводы для разьвядзеньня айчынных пародаў сьвіней (буйной белай пароды, беларускай страката-чорнай, беларускай мясной пароды). Працуе 5 сэлекцыйна-гібрыдных цэнтраў, 4 племянныя заводы для разьвядзеньня сьвіней парод ёркшыр і ландрас (канадзкай, францускай, нямецкай, дацкай сэлекцыі).

Буйной рагатай жывёлы ў Беларусі 4 мільёна 341 тысячы асобін, у тым ліку 1 мільён 498 тысяч кароў.

Беларусь цалкам забясьпечвае сябе сьвежым мясам, каўбасамі, вяндлінай і можа абысьціся бяз імпарту. Хаця ў буйных харчовых сетках ёсьць і славуты гішпанскі хамон, і пармская вяндліна, і кабаносы, і іншыя мясныя далікатэсы. Гэта для гурманаў і разнастайнасьці, сьцьвярджаюць спэцыялісты Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня.

На экспарт ідзе больш за 400 тысяч тон беларускага мяса — у асноўным у Расею

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Паводле зьвестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту, летась Беларусь экспартавала сьвініны на 18,5 мільёна даляраў, у асноўным у краіны СНД. Прычым асноўны імпартэр — Расея (прадалі сьвініны на 18,3 мільёна даляраў, а таксама імпартавалі ў Казахстан, Азэрбайджан, Армэнію).

На 381 мільён даляраў у 2018 годзе Беларусь экспартавала ялавічыны, зь іх на 369 мільёнаў — у Расею.

Сёлета сьвініны ў Кітай Беларусь не пастаўляла, а вось замарожаную ялавічыну імпартавала, але няшмат — 5208 тон на суму 21,5 тысячы даляраў (са студзеня па кастрычнік 2019 году).

І Міністэрства сельскай гаспадаркі, і Белстат запэўнілі Свабоду, што ні падаражаньне сьвініны ў Эўропе, ні эпідэмія афрыканскай чумы сьвіней у Кітаі не паўплываюць на цану сьвініны ў Беларусі. І дэфіцыт мяса краіне не пагражае.

За два тыдні да Калядаў паліцы і гіпэрмаркетаў, і Камароўскага рынку літаральна ломяцца ад сьвініны. Сьвіная выразка амаль па 14 рублёў, шыйная частка — па 12, мяса на костцы — ад 6 да 9 рублёў. Хаця ў суседняй Польшчы мяса крыху таньнейшае, чым у Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG