Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронца Алесь Бяляцкі: Сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі «стабільна дрэнная»


Ілюстрацыйнае фота. АМАП падчас акцыі за незалежнасьць супраць інтэграцыі з Расеяй, Менск 8 сьнежня
Ілюстрацыйнае фота. АМАП падчас акцыі за незалежнасьць супраць інтэграцыі з Расеяй, Менск 8 сьнежня

У 71-ю гадавіну прыняцьця Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека, якая адзначаецца 10 сьнежня, беларускія праваабаронцы адзначаюць адсутнасьць сыстэмных зьменаў у сфэры правоў чалавека.

Усеагульная дэклярацыя правоў чалавека была прынятая Генасамблеяй ААН 10 сьнежня 1948 году. Дакумэнт абвяшчае правы асобы, грамадзянскія і палітычныя правы і свабоды — роўнасьць усіх перад законам, права кожнага на свабоду і асабістую недатыкальнасьць, свабоду сумленьня і інш. Усе людзі, згодна з дэклярацыяй, маюць роўныя правы, незалежна ад іх асобасных адрозьненьняў і розьніцы ў палітычных сыстэмах іхных краінаў.

Да гадавіны прыняцьця Дэклярацыі прымеркавана цырымонія ўзнагароджаньня пераможцаў Нацыянальнай прэміі беларускіх праваабаронцаў, якая адбудзецца сёньня ў Менску. Прэмія ўручаецца ў трох намінацыях: «Праваабаронца году», «Журналіст году» і «Праваабарончая кампанія / ініцыятыва году».

У камэнтары БелаПАН старшыня закрытага ўладамі праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі адзначыў, што сытуацыя з правамі чалавека ў 2019 годзе заставалася «стабільна дрэннай».

Алесь Бяляцкі
Алесь Бяляцкі

Паводле яго, у гэтым годзе «істотных, комплексных зьменаў у паляпшэньні сытуацыі з правамі чалавека не адбылося». Давялося сутыкацца зь «пэрманэнтным парушэньнем грамадзянска-палітычных правоў», была «скаардынаваная кампанія перасьледу» грамадзкіх актывістаў, якія бралі ўдзел у публічных акцыях, і журналістаў і блогераў, якія займаліся распаўсюдам інфармацыі. Паводле разьлікаў праваабаронцаў, да канца году колькасьць пакараных штрафамі складзе каля 250 чалавек.

Бяляцкі зьвярнуў увагу на тое, што лістападаўскія выбары ў Палату прадстаўнікоў беларускія праваабарончыя арганізацыі аднадушна ацэньваюць як «несправядлівыя, непразрыстыя, сфальсыфікаваныя».

«Вынікі гэтых выбараў паказалі, што людзі, якія цяпер знаходзяцца ва ўладзе, Лукашэнка і яго асяродзьдзе, палітычную ўладу аддаваць не зьбіраюцца, яны будуць яе ўтрымліваць любым спосабам. Гэта вельмі сумна, таму што выбары ператварыліся ў паказушную кампанію, якая зусім ня мае ніякага дачыненьня да рэальных палітычных поглядаў беларускіх грамадзян», — сказаў Бяляцкі.

Праваабаронца не выключае, што ў 2020 годзе, калі павінны прайсьці прэзыдэнцкія выбары, «узровень перасьледу актыўных грамадзян можа быць даволі высокім».

Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту (БХК) Алег Гулак таксама адзначае адсутнасьць сыстэмных зьменаў у сфэры правоў чалавека, але лічыць, што «некаторыя паляпшэньні ўсё ж былі — яны датычыліся не законаў, а практыкі іх прымяненьня». «Працэс усё ж паволі рухаецца да лепшага. Пытаньне ў тым, наколькі нам падыходзяць гэтыя тэмпы. Неабходна хутчэй, вядома», — дадаў ён.

Пэўныя паляпшэньні, растлумачыў старшыня БХК, зьвязаныя ў першую чаргу з геапалітыкай.

Алег Гулак
Алег Гулак

«Геапалітычны расклад такі: трэба з Захадам сябраваць і як мінімум не пераходзіць пэўных „чырвоных сьцяжкоў“, якія для Захаду зьяўляюцца крытычнымі, — гэта палітзьняволеныя, маштабныя разгоны і рэпрэсіі. Улада сёлета дэманстравала дамоваздольнасьць і ўсяляк устрымлівалася ад пераходу „чырвоных сьцяжкоў“. І хоць гэта не сыстэмныя зьмены, але ўсё-ткі зьмякчае атмасфэру ў краіне», — сказаў Гулак.

Беларускія праваабаронцы распрацавалі мэтадалёгію для Індэкса правоў чалавека ў Беларусі і плянуць апублікаваць першую справаздачу да канца студзеня 2020 году, і потым рабіць яе штогод. Гэты індэкс будзе вымяраць дынаміку сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG