На Майдане Незалежнасьці ў Кіеве адбылася акцыя «Чырвоныя лініі для Зэ », закліканая перасьцерагчы прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага ад «здачы нацыянальных інтарэсаў» на перамовах у Парыжы. Яна працягвалася каля паўтары гадзіны.
Удзельнікі трымалі ў руках сьцягі Украіны, партыйныя сьцягі, а таксама плякаты. Мітынг прайшоў спакойна, без правакацыяў і сутыкненьняў.
Падчас акцыі са сцэны выступалі прадстаўнікі розных палітычных сіл, у прыватнасьці, дэпутаты ад фракцыі «Эўрапейская салідарнасьць» Андрэй Парубій і Пятро Парашэнка, дэпутат ад «Голасу» Іна Соўсун, лідэр партыі «Свабода» Алег Цягнібок. Акцыя завяршылася выкананьнем гімну Ўкраіны.
Заяўленая мэта акцыі — перасьцерагчы Зяленскага аб недапушчальнасьці пераходу «чырвоных ліній» на перамовах у Парыжы 9 сьнежня, дзе заплянавана правядзенне саміту «нармандзкага фармату». Гэтыя «чырвоныя лініі» 3 сьнежня былі пазначаныя трыма фракцыямі парлямэнту.
Сярод патрабаваньняў — недапушчэньне фэдэралізацыі і якіх-небудзь кампрамісаў што да ўнітарнага ладу дзяржавы, кампрамісаў адносна эўрапейскага і эўраатлянтычнага курсу, недапушчэньне выбараў на непадкантрольных Кіеву тэрыторыях Данбасу да выкананьня ўмоваў забеспячэньня бясьпекі і «дэакупацыі». Ад кіраўніка дзяржавы таксама патрабуюць не дапусьціць кампрамісаў па тэме Крыму і спыненьня міжнародных судовых працэсаў супраць РФ.
Сярод арганізатараў акцый — партыі «Эўрапейская салідарнасьць», «Голас», «Бацькаўшчына».