Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тры фракцыі Рады агучылі Зяленскаму 5 «чырвоных ліній» перад сустрэчай з Пуціным


Уладзімер Зяленскі, Пятро Парашэнка і Юлія Цімашэнка
Уладзімер Зяленскі, Пятро Парашэнка і Юлія Цімашэнка

Тры парлямэнцкія фракцыі зьвярнуліся да прэзыдэнта Ўкраіны Уладзіміра Зяленскага з сумеснай заявай перад прызначанымі на 9 сьнежня перамовамі ў «нармандзкім фармаце».

«Заяву аб недапушчэньні парушэньня нацыянальных інтарэсаў Украіны» падпісалі лідэры партыі «Эўрапейская салідарнасьць» Пятро Парашэнка, партыі «Голас» Сьвятаслаў Вакарчук і Ўсеўкраінскага аб’яднаньня «Бацькаўшчына» Юлія Цімашэнка.

Палітыкі апублікавалі пяць «чырвоных ліній», «парушэньне якіх нанясе непапраўную шкоду Ўкраіне».

«1. Ніякіх кампрамісаў па справе ўнітарнай дзяржавы і ніякай фэдэралізацыі.

2. Ніякіх кампрамісаў адносна эўрапейскага і эўраатлянтычнага курсу.

3. Ніякіх палітычны дзеяньняў, у прыватнасьці выбараў на часова акупаваных тэрыторыях Данбаса да выкананьня ўмоў бясьпекі і дэакупацыі. У прыватнасьці, вывад расейскіх войскаў, раззбраеньне незаконных узброеных фарміраваньняў, устанаўленьне кантролю над дзяржаўнай мяжой.

4. Ніякіх кампрамісаў па дэакупацыі і вяртаньня Крыма Ўкраіне.

5. Ніякага спыненьня міжнародных судовых працэсаў супраць Расеі», — такія патрабаваньні лідэраў трох фракцый.

Сустрэча «нармандзкай чацьвёркі» адбудзецца 9 сьнежня ў Парыжы пры ўдзеле лідэраў Украіны, Нямеччыны, Францыі і Расеі. Апошні раз такія перамовы адбываліся ў кастрычніку 2016 года.

Уладзімір Зяленскі і Ўладзімір Пуцін 9 сьнежня ў Парыжы ўпершыню сустрэнуцца асабіста, раней яны мелі зносіны толькі па тэлефоне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG