Прыход Лукашэнкі да дэпутатаў павінен выканаць ролю дадатковай легітымацыі Нацыянальнага сходу. Менавіта таму, што легітымнасьць гэтага інстытуту ў вачах і беларускага насельніцтва, і міжнародных суб’ектаў сумнеўная.
Сьцісла
- Недавер да беларускіх выбараў з кожным годам павялічваецца, таму трэба ствараць дадатковыя «падпоркі» для парлямэнту.
- Паколькі сацыяльна-эканамічная сытуацыя ў краіне складаная, то Лукашэнка хацеў бы падзяліць адказнасьць з дэпутатамі.
- Напярэдадні сустрэчы з Пуціным беларускі кіраўнік імкнуўся задобрыць Расею.
- Лукашэнка паабяцаў паступова адыходзіць ад патэрналісцкай мадэлі.
Упершыню Аляксандар Лукашэнка прыйшоў у парлямэнт на мяжы дзьвюх кадэнцый і выступіў з прамовай перад новымі і ранейшымі дэпутатамі ў 2016 годе. Тады ён прапанаваў зрабіць такія сустрэчы традыцыйнымі. І вось новы выступ перад новым і старым складам Нацыянальнага сходу.
Сам факт адметны. Чаго раптам? Цяперашні парлямэнт і паводле статусу, і паводле складу мала адрозьніваецца ад таго, што быў да 2016 году. Але раней Лукашэнка ставіўся да гэтага інстытуту як да пятага кола ў дзяржаўным возе. А цяпер вось ужо другі раз прыходзіць да дэпутатаў.
Я б патлумачыў гэтую перамену дзьвюма прычынамі. Найперш варта адзначыць, што недавер да беларускіх выбараў з кожным годам павялічваецца. Дзякуючы інтэрнэту ўсё больш людзей даведваецца, як рэальна «выбіраюцца» дэпутаты. Плюс да таго — даволі жорсткія высновы зрабіла місія назіральнікаў АБСЭ.
І Лукашэнка імкнецца неяк нэўтралізаваць гэтае нэгатыўнае ўражаньне ад мінулай выбарчай кампаніі. Зьвярніце ўвагу, апошнім часам яму даводзіцца рэгулярна апраўдвацца. Ён зьвяртаецца да выбарчай тэматыкі штораз, калі зьяўляецца на публіцы, іншым часам нават не зусім да месца. Вось нават выступаючы ў парлямэнце Сэрбіі, ён апраўдваўся за выбары.
Таму цяперашні прыход да дэпутатаў павінен выканаць ролю дадатковай легітымацыі Нацыянальнага сходу. Менавіта таму, што легітымнасьць гэтага інстытуту ў вачах і беларускага насельніцтва, і міжнародных суб’ектаў сумнеўная.
Другі момант. Паколькі сацыяльна-эканамічная сытуацыя ў краіне складаная, то Лукашэнка хацеў бы падзяліць адказнасьць з дэпутатамі. Зь ягоных выступаў вынікае, што ва ўсім дрэнным вінаваты ўрад, мясцовая вэртыкаль, дырэктарат. Ну, а цяпер варта прычапіць да гэтага і дэпутатаў. Маўляў, і яны недапрацоўваюць.
Што да зьместу выступу. Найперш, зьвярнуў бы ўвагу, што новая Канстытуцыя будзе на парадку дня гэтага складу парлямэнту. То бок, здаецца, усё ж працэс гэты запускаецца ў практычную плашчыню.
Усе чакалі, што скажа Лукашэнка пра перамовы з Пуціным 7 сьнежня. Бо наконт гэтага сярод палітызаванай публікі вялікі ажыятаж. Можна было чакаць, што ён выставіць жорсткія ўмовы, падвысіць стаўкі, каб потым можна было нешта саступіць. Але беларускі кіраўнік вырашыў моцна не дражніць мядзьведзя. Наадварот, хутчэй імкнуўся залагодзіць («Расейская Фэдэрацыя — наш стратэгічны партнэр, і там жывуць нашы браты»). Нават абараняў Пуціна («Сёньня на прэзыдэнта Пуціна ціск вельмі жорсткі. І прытым ужо з блізкага атачэньня, антыбеларускага»). Карацей кажучы, цар не вінаваты, гэта ўсё баяры.
Выступаючы ў сэрбскім парлямэнце, Лукашэнка натхняльна даводзіў, што народ не падтрымаў апазыцыю, таму яна ня трапіла ў Палату прадстаўнікоў. А цяпер, на сустрэчы са сваімі дэпутатамі, ён фактычна прызнаўся, хто насамрэч сфармаваў склад гэтай палаты: «Я, як адказны за дзейнасьць галін улады па Канстытуцыі, павінен быў узначаліць працу па фармаваньні нашага парлямэнту. Гэта мой абавязак». Хто б сумняваўся.
Таксама зьвярнуў бы ўвагу яшчэ на адзін цікавы тэзіс. Лукашэнка сказаў, што трэба «паступова пераходзіць ад патэрналісцкай мадэлі», у якой дзяржава бярэ на сябе рашэньне ўсіх праблем чалавека, да іншай мадэлі, «каб чалавек самастойна мог вырашаць свае праблемы». Так, грошы заканчваюцца, надыходзяць нялёгкія часы, таму дзяржава скідае зь сябе цяжар сацыяльнай адказнасьці.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.