Прэм’ер-міністар Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў заявіў, што любая інтэграцыя скарачае сувэрэнітэт, але гэтага ня трэба баяцца.
«Тут не трэба баяцца гэтага, тут проста трэба прыняць мужныя рашэньні, якія дазволяць закласьці трывалы падмурак пад эканамічнае разьвіцьцё, пад сацыяльнае разьвіцьцё нашых краін на доўгія гады наперад», — сказаў Мядзьведзеў 5 сьнежня ў інтэрвію вядучым расейскім тэлеканалам, гаворачы пра расейска-беларускую інтэграцыю.
«Мы павінны бачыць сьвятло ў канцы тунэлю, куды мы з гэтай інтэграцыяй ідзем. Нам увесь час кажуць: вось, хлопцы, мы сувэрэнітэтам не зьбіраемся паступацца. Так і ня трэба нічым паступацца, з аднаго боку. Зь іншага боку, любая інтэграцыя, нагадаю простую юрыдычную ісьціну, гэтае памяншэньне сувэрэнітэту», — дадаў кіраўнік ураду Расеі.
7 сьнежня ў расейскім Сочы пройдзе сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна. Чакаецца, што ў выніку сустрэчы будзе падпісаная праграма «паглыбленьня інтэграцыі» між Беларусьсю і Расеяй.